Закрытасць Беларусі не з’яўляецца фатальным фактарам

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Аляксей Братачкін, гісторык:

Фота Вікторыі Шчарбаковай

Фота Вікторыі Шчарбаковай

Самы складаны занятак пры падсумаванні вынікаў года ў тым, каб зразумець: мы рухаемся кудысьці наперад ці не?

Таму што нашаму культурнаму асяродку часта ўласціва спалучэнне двух рэчаў: з аднаго боку – прыватных ініцыятываў і высілкаў, энтузіязму, і адначасова з іншага боку – інстытуцыйнай і чалавечай інерцыі, палітычнай і іншай цэнзуры, браку рэсурсаў і г.д.

І атрымліваецца, што ў расповедах пра нашы поспехі заўсёды з’яўляецца слова «але», без яго ніяк. Што такое «поспех» у нашым кантэксце? Гэта калі працягваецца, напрыклад, праект ці калі нешта новае не заканчваецца адразу ж крахам, а цьмее далей? У гэтым сэнсе цяжка разважаць пра «культуру» і «вечнасць»: нават інфармацыйны тлум вакол Нобелеўскай прэміі суцішыўся, і незразумела, ці канвертуецца ён у якую-небудзь дынаміку літаратурнага поля.

Таксама цікавымі былі спрэчкі вакол паняткаў аўтэнтычнасці, беларускасці. Спрэчкі вакол выкарыстання рознага кшталту сімвалічных рэчаў у паўсядзённым адзенні, модзе і г.д. узніклі і пад уплывам прапаганды «рускага свету», але, у адрозненне ад 1990-х, калі ўсё здавалася відавочным, размова пра беларускасць паказала наяўнасць куды большага ліку яе варыянтаў. І калі атрымаецца захаваць гэтую разнастайнасць, дык і на «рускі свет» можна будзе забыцца.

На мой погляд, можна вылучыць некалькі падзеяў, якія ў тым ліку ўпісваюць нашую лакальную культуру ў больш шырокі кантэкст:

—           уручэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч (каментароў было столькі, што хочацца пажадаць Святлане атрымаць гэтую прэмію яшчэ раз ☺);

—           уступленне Беларусі ў Балонскі працэс (універсітэцкая культура ў Беларусі дыхае на ладан, таму, магчыма, гэтая падзея як-небудзь яе гальванізуе або прынамсі нам будзе не сорамна за тое, што мы не ў Балонскім працэсе);

—           правядзенне ўжо V Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе і ўрученне прэміі за лепшыя артыкулы і манаграфіі ў сацыяльных навуках і гуманітарыстыцы (хтосьці крытыкуе месца правядзення кангрэса, хтосьці не задаволены ягоным фарматам і пэўным «тусовачным» флёрам, але на дадзены момант гэта адзіная пляцоўка для камунікацыі ўсіх даследчыкаў, хто ў ёй зацікаўлены).

Таксама я хацеў бы нагадаць яшчэ пра адну лакальную падзею – надзвычай кароткатэрміновую, але не менш важную выставу пра памяць аб Курапатах, зладжаную сёлета ў сяредзіне лістапада ў Палацы мастацтва ў Мінску. Выстава паказала некалькі рэчаў: незавершаная гісторыя памяці пра сталінскія рэпрэсіі з’яўляецца часткай гісторыі незавершанага (на вялікі жаль) дэмакратычнага праекта ў Беларусі. Пры разглядзе гэтай выставы багата думак прыходзіць не толькі пра сталінскую эпоху, але і пра тое, чым былі 1990-я ў нашым жыцці.

Акрамя таго, стала зразумела, што наша беларуская гістарычная навука яўна спынілася тады ж, у 1990-я, пры апісанні траўмаў савецкага перыяду.

Ёсць яшчэ адно прыватнае назіранне. Падчас удзелу ў некаторых канферэнцыях і паездках з прадстаўнікамі розных краін можна было заўважыць, што дыскурс і рыторыка беларускіх удзельнікаў і ўдзельніц цалкам зразумелыя і ўзгодненыя з тэмамі, якія абмяркоўваюцца сёння за межамі краіны. Гэта вельмі істотны момант, ён дае надзею на тое, што закрытасць Беларусі, захаваная ў пэўнай ступені, не з’яўляецца фатальным фактарам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology