САНКЦЫЯНАВАНАЕ ВОЛЬНАЕ МАСТАЦТВА?

Якія асацыяцыі выклікае ў нас словазлучэнне «вольны мастак»? Для кагосьці гэта гучыць як паэтычная метафара, уваскрашае ў памяці вобразы альбо ўзнёслых юнакоў-рамантыкаў з палкімі вачамі і пышнай шавялюрай, гатовых на любыя ахвяры ў імя мастацтва або рэвалюцыі, альбо цынічных і барадатых дзівакоў, якія вызнаюць анархісцкія прынцыпы ў якасці сваёй жыццёвай філасофіі (нават калі за гэтым не стаіць ніякай палітычна адрэфлексаванай пазіцыі).

Праца Яўгена Шадко. Выстава «Вымярэнне пустэчы», Менск 2015. Фота: Вікторыя Шчарбакова, Галерэя «Ў».

Праца Яўгена Шадко. Выстава «Вымярэнне пустэчы», Менск 2015

Для многіх іншых вольны мастак — асоба падазроная і ненадзейная. Сапраўды, чалавек, які не мае працоўнай кніжкі, які не атрымлівае пастаянных даходаў, які жыве не па раскладзе — у адзіным рытме з краінай і працоўным калектывам, — не падпарадкоўваецца правілам працоўнага распарадку (не важна, ідзе гаворка пра дзяржслужбу ці пра наёмную працу ў прыватнай карпарацыі), які не мае абавязацельстваў перад дзяржавай і наогул займаецца сумнеўнай дзейнасцю, на якую не распаўсюджваюцца «тарыфныя стаўкі» аплаты, — здаецца свабодным па азначэнні.

Як бы там ні было, але аж да нядаўняга часу гэты выраз існаваў у нашай культуры як літаратурны штамп, са шлейфам устойлівых значэнняў, якія, пры ўсіх магчымых розначытаннях, здавалася б, не мелі патрэбы ў тлумачэнні. Аднак беларускія ўлады думаюць інакш. Як стала нядаўна вядома, у праекце Кодэкса аб культуры плануецца ўвесці працэдуру своеасаблівай настрыфікацыі для творчых работнікаў [1]. Механізм ужо запушчаны: скліканая «высокая» экспертная камісія вырашае, ці варты заяўнік звання вольнага мастака, ці не (у адпаведнасці з усталяванымі крытэрыямі ацэнкі мастацкага ўзроўню). І калі індывід не здолеў пераканаць камісію ў тым, што ён — не ўнук Астапа Бэндара (тым больш не прапраўнук лейтэнанта Шміта) і не радавы ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, ён / яна пазбаўляецца права лічыцца мастаком [2]. Адпаведна, тыя, хто да гэтага часу (наіўна) лічылі, што права на самавызначэнне ў якасці вольнага мастака — гэта неад’емнае і (нават) натуральнае права аўтаномнага індывіда, у выніку могуць апынуцца ў ролі нікім не прызнаных самазванцаў.

Інакш кажучы, выраз «вольны мастак» з гэтага часу падлягае дыз’юнкцыі. Можна застацца мастаком, згубіўшы сваю свабоду. А можна застацца вольным, але ўжо не мастаком, а кімсьці іншым.

Зрэшты, хіба мы не былі гатовыя да такога павароту падзей? Пасля прыняцця закона аб падатку на «дармаедства» (афіцыйна — Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» [3]), не даводзілася сумнявацца, што на чарзе — усе вольныя мастакі, якія нейкім чынам усё яшчэ ўмудраюцца жыць і працаваць, але пры гэтым — адыходзіць ад падаткаў і не быць падсправаздачнымі дзяржаўным службам.

Уяўляецца відавочным, што беларуская дзяржава — не будучы ў змозе даць рады эканамічным выклікам (дзе ўзяць грошы?), сітуацыі на ўнутраным рынку працы (дзе афіцыйная статыстыка аказваецца далёкай ад рэальнага становішча спраў), некантраляванай працоўнай міграцыі, закрыццю прадпрыемстваў і росту ценявой эканомікі, — праз прыняцце закона аб дармаедстве ў чарговы раз паспрабавала вырашыць праблему дырэктыўным чынам, пераклаўшы ўсю адказнасць за ўласную нямогласць на плечы звычайных грамадзян. Але тут яе чакае падвойнае фіяска: па-першае, пра мастацкае ўяўленне ў законе аб дармаедстве нічога не гаворыцца, і можна не сумнявацца, што прадпрымальныя грамадзяне ўсё роўна што-небудзь прыдумаюць («На ўлік вазьмуся, а ваяваць — дулю!» — кажучы словамі булгакаўскага персанажа з «Сабачага сэрца»); па-другое, адміністрацыйнымі метадамі «язву» глабальнага капіталізму «загаіць» немагчыма. Між тым ва ўмовах паўсюднага зацвярджэння прэкарыяту як своеасаблівай (і, мабыць, безальтэрнатыўнай — на нявызначаную будучыню) нормы, у статусе «вольнага мастака» вельмі хутка апынуцца і многія з тых, хто наогул да мастацтва ніякага дачынення не меў і не збіраецца мець.

У той жа час абставіны значна больш заблытаныя, і калі мы хочам зразумець, што гэта значыць і ў якім сэнсе такі кранальны клопат беларускай дзяржавы пра вольных мастакоў з’яўляецца сімптом чагосьці іншага, — то было б важна паглыбіцца ў дэталі.

Пачнем з таго, што савецкая культура пакінула нам такую багатую фальклорную спадчыну на тэму дармаедства, утрыманства і сацыяльнай шкоднасці «непрацоўных элементаў», і адмовіцца ад спакусы пошуку савецкага следу ў гэтай гісторыі вельмі складана (асабліва калі згадаць палітычныя біяграфіі ды жыццёвы досвед тых, хто гэты закон ініцыяваў). Магу выказаць здагадку, што кожны, хто ўпершыню пачуў пра гэтую пастанову, міжволі хмыкнуў, працытаваўшы знакамітае гайдаеўскае: «Ну, грамадзяне алкаголікі, хуліганы, дармаеды, хто хоча сёння папрацаваць?» Аднак, на мой погляд, не варта ўгледжваць у дзеяннях беларускіх уладаў рэнесанс працоўнай этыкі сацыялізму: калі гэта і вяртанне да «грамадства працы» (ва ўмовах «грамадства спажывання»), то выключна ў сэнсе спробы рэанімацыі тэхналогій кіравання, пазбаўленых, зрэшты, якога б там ні было ідэйнага сваяцтва з савецкім ладам.

Без свайго змястоўнага ядра, у іншай сістэме эканамічных адносінаў і палітычных каардынат, савецкія ноў-хаў не працуюць і не падлягаюць рээкспарту альбо франчайзінгу.

Каб зрабіць гэтае адрозненне больш рэльефным, было б дарэчы ўспомніць добра вядомы праграмны артыкул Восіпа Брыка «Мастак і камуна», апублікаваны ў 1919 годзе. З цягам часу тэкст распаўся на цытаты, самая знакамітая тычыцца якраз цяжкасцяў у вызначэнні роду дзейнасці і статусу (вольнага) мастака: «Шавец робіць боты, сталяр сталы. А што робіць мастак? Ён нічога не робіць; ён „творыць“. Няясна і падазрона» [4]. У гэтага сцвярджэння шмат розных падтэкстаў: гэта пытанне і пра тое, як вызначыць, як кваліфікаваць нематэрыяльную працу і ўпісаць яе ў катэгарыяльную сетку сацыялістычнай эканомікі; і пра тое, як вырашыць праблему аплаты гэтай працы на экспліцытных, рацыянальных і празрыстых падставах; і пра тое, якую карысць можа прыносіць мастак грамадству (і ці павінен ён гэта рабіць). Калі мастак — такі ж грамадзянін, як і ўсе іншыя члены грамадства, і калі яго праца аплачваецца дзяржавай (а «творца» пры гэтым прэтэндуе на частку грамадскага багацця), ён не можа быць вольны ад тых прынцыпаў альбо задач, якія гэтае грамадства імкнецца рэалізаваць. У гэтым кантэксце тэзіс аб тым, што «праца мастака павінна быць дакладна вызначаная і зарэгістраваная ў спісах камунальнай біржы працы» [5]— не выглядае гэтак адназначна, паколькі рэгістрацыя дазваляе таксама прызнаць гэтую дзейнасць працай і зрабіць тую працу бачнай, годнай грамадскага прызнання і ўключанай у эканамічныя адносіны пры сацыялізме.

Але ці значыць гэта, што мастацкая аўтаномія і свабода мастака магчымыя толькі пры капіталістычнай сістэме? Брык на гэта адказвае так: «Буржуазнае грамадства ставілася абыякава, не цікавілася гэтым пытаннем. Хай робіць, што хоча. І менавала мастака то жрацом, то дармаедам. У залежнасці ад гумору» [6]. Тут для нас самае цікавае: пазіцыя і статус мастака ў «буржуазным грамадстве» жорстка не вызначаныя, але гэта не значыць, што ўзаемная «абыякавасць» гарантаваная назаўсёды. Калі абставіны («гумор») зменяцца, то мастак цалкам можа апынуцца ў ролі «дармаеда». Што, уласна, і адбылося ў постсацыялістычнай Беларусі: не цікавячыся да пары да часу настроем думак мастакоў (за выключэннем некалькіх палітычных акцыяністаў — напрыклад, у асобе Алеся Пушкіна альбо Дзяніса Лімонава), дзяржаўная машына палічыла выгадным паставіць мастакоў у адзін шэраг з «дармаедамі» (зрэшты, як вядома, у ліку апошніх апынуліся і многія іншыя катэгорыі цалкам бяскрыўдных грамадзян [7]). І можна растлумачыць чаму. «Гумор» асобных чыноўнікаў тут, вядома ж, ні пры чым.

Па-першае, імкненне ўсталяваць жорсткую цэнтралізацыю і кантроль ва ўсіх сферах сацыяльных адносін уласцівае любой аўтарытарнай сістэме (я маю на ўвазе кантроль як за настроем думак, так і за сродкамі вытворчасці, не кажучы ўжо пра даходы [8]). У тых выпадках, калі такую сістэму не трэба ствараць з нуля, а дастаткова толькі мадэрнізаваць ужо існую інфраструктуру, спрытна скарыстаўшыся пры гэтым «камунікатыўнай памяццю» постсавецкіх грамадзян, — задача значна спрашчаецца.

Па-другое, як высветлілася, стварэнне рэпрэсіўных дзяржаўных ідэалагічных апаратаў ва ўмовах усеагульнай інтэрнэтызацыі, эканамічнай лібералізацыі і пры досыць пранікальных межах не можа забяспечыць падаўленне іншадумства. Але, як гэта водзіцца ва ўсіх дзяржавах, дзе перамагла неаліберальная ідэалогія, задачу кантролю можна вырашыць значна больш эфектыўнымі сродкамі: з дапамогай эканамічных рычагоў (варыянт soft power). Не жадаеце падпарадкоўвацца? Ну і не трэба, проста плаціце грошы за сваю нелаяльнасць [9]. Паспрабуйце выкупіць сваю свабоду! Надзвычай эфектыўны спосаб дасягнення мэты, са спадарожным забойствам «другога зайца» (папаўненне казны за кошт збору дадатковых падаткаў). І статыстыка ў поўным парадку: можна сабе ўявіць (кажу гэта са шчырым спачуваннем), як цяжка кіраваць, не ведаючы, колькі грамадзян стаілася ў цені Вялікага Брата. Іншая справа, што ў гэтай статыстыцы мастакоў можа не быць: ужо цяпер шматлікія прадпрымальныя індывіды зарэгістраваліся як індывідуальныя прадпрымальнікі (а з ІП улады размаўляюць інакш — у першую чаргу з дапамогай падаткавых збораў; дыскусіі аб эстэтычнай значнасці створанага / прададзенага тут не да рэчы).

Па-трэцяе, недвухсэнсоўна пазначаючы сваю падтрымку афіцыйных творчых Саюзаў (аб’яднанняў мастакоў, дызайнераў і г.д.), даваючы ім прывілею селекцыі, дзяржава далікатна нагадвае «творчым саюзам», што будзе і надалей старанна кантраляваць размеркаванне рэсурсаў, паступленне даходаў, але пры гэтым цалкам адкрыта дэманструе сваю ўладу — намінаваць і легітымізаваць.

Усё, што не санкцыянавана «зверху», падлягае дэлегітымацыі — з цалкам калькаванымі эканамічнымі выдаткамі для тых, каму экспертная камісія адмовіць у «арыгінальнасці» або «наватарстве».

У гэтым кантэксце асабліва двухсэнсоўным можа выявіцца становішча мастакоў, якія стаяць «на ўліку» ў тым ці іншым творчым саюзе. Ім не давядзецца пацвярджаць свой статус і праходзіць прыніжальную працэдуру ацэньвання на адпаведнасць, але ўзнікае слушнае пытанне: калі N. мае пасведчанне члена Саюза мастакоў (з усімі бонусамі), ці мае права ён / яна лічыць сябе вольным (мастаком) — не асцерагаючыся магчымых юрыдычных наступстваў за «самазванства»?

Альміра Ўсманава

[1] Гл.: «Свободные художники для подтверждения своего статуса должны будут обращаться в Минкультуры» // БелТА (от 3 марта 2016 года) (http://www.belta.by/culture/view/svobodnye-hudozhniki-dlja-podtverzhdenija-svoego-statusa-dolzhny-budut-obraschatsja-v-minkultury-184103-2016/).

[2] Гл. Каб стаць творчым работнікам, альтэрнатыўным музыкам давядзецца пісаць партытуры // Еўрарадыё (ад 18 красавіка 2016 года) http://euroradio.fm/kab-stac-tvorchym-rabotnikam-alternatyunym-muzykam-davyadzecca-pisac-partytury.

[3] Гл., напрыклад: «Закон по полкам. Все, что нужно знать о сборе за тунеядство» (http://finance.tut.by/news442492.html).

[4] Осип Брик, Художник и коммуна // Изобразительное искусство, 1919 г., N 1, с. 25-26.

[5] Там жа.

[6] Там жа.

[7] У мяне не выклікае здзіўлення, што жаночая праца (праца «хатніх гаспадынь») зноў апынуўся няўлічанай: зразумела, вобраз «хатняй гаспадыні» неадназначны (асабліва дзякуючы медыйнай рэпрэзентацыі), але калі мець на ўвазе, што клопат — гэта таксама праца, са сваімі эканамічнымі «пасткамі», псіхалагічнымі выдаткамі і тэмпаральнымі рытмамі, то можа паўстаць нямала пытанняў аб тым, якія віды працы наогул аказваюцца нябачнымі для прававога поля.

[8] Больш падрабязна пра мадэль узаемаадносінаў мастакоў і дзяржавы і ролі «творчых саюзаў» у таталітарных культурах гл. у: Игорь Голомшток Тоталитарное искусство. Москва: Галарт, 1994 (у прыватнасці раздзел «Организация: мегамашина тоталитарной культуры», с.92–101). Важна мець на ўвазе, што «наиболее зловещей чертой этих тоталитарных союзов стала их общеобязательность: только став членом одного из них, художник обретал право на профессиональную деятельность» (с. 95).

[9] Такім жа чынам літоўскія ўлады «вырашылі» праблему кантролю за глядацкімі сімпатыямі падазраваных у нелаяльнасці грамадзян, увёўшы за падключэнне «прапагандысцкіх» расійскіх каналаў дадатковую аплату. Гэта той выпадак, калі таталітарнае мысленне цалкам паспяхова маскіруецца пад дэмакратыю, выкарыстоўваючы права на свабоду выбару — плаціць альбо не плаціць — у якасці свайго алібі.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology