ВАЛЬЖЫНА МОРТ: «ПЕРАКЛАД — ГЭТА ГЛЫБОКАЕ ЧЫТАНЬНЕ»

pARTisan #23’2012. Тарашкевіца

З Вальжынай Морт гутарыць перакладчыца, куратарка, арт-мэнэджэрка Ірына Герасімовіч у межах праекту «pARTisan», прысьвечанага перакладу.

Вальжына Морт нарадзілася ў 1981 годзе. Паэтка, перакладчыца. Аўтар трох кніг паэзіі: «Я тоненькая як твае вейкі» («Логвінаў», 2005), «Фабрыка сьлёз» («Copper Canyon Press», 2008; таксама выйшла ў перакладзе ў Швэцыі й Нямеччыне) і «Collected Body» («Copper Canyon Press», 2011; у 2013 г. выйдзе ў Нямеччыне ў выдавецтве «Suhrkamp Verlag»). У ейным перакладзе выйшаў зборнік выбраных вершаў польскага паэта Рафала Ваячка «Мёртвы сэзон» («Логвінаў», 2007). Пераклады твораў іншых усходнеэўрапейскіх паэтаў увайшлі ў анталёгіі «New European Poets» («Graywolf Press», 2008) і «Russian Modernist Poets» («Tupelo Press», рыхтуецца да выхаду ў 2013 г.). Уганараваная шматлікімі літаратурнымі ўзнагародамі, сярод якіх «Крышталь Віленіцы» (Славенія), прэміі Губэрта Бурды (Нямеччына) і Фундацыі Лэнэна (ЗША) і інш. Вальжына Морт выкладае паэзію ў Карнэльскім унівэрсытэце.

01vokladka_23-5

Ірына Герасімовіч: Вальжына, раскажыце, калі ласка, пра свае адчуваньні ад моваў, зь якімі Вы працуеце. Што для Вас беларуская мова, ангельская, польская ды іншыя? Чым для Вас асабіста вызначаецца кожная з гэтых моваў? Ці адрозьніваецца Вашае самаадчуваньне пры працы з тэкстам (сваім ці перакладным) у залежнасьці ад таго, зь якой мовай (мовамі) Вы маеце справу?

Вальжына Морт: Дзякую за нагоду паразмаўляць пра пераклад. Памятаю, у маім лінгвістычным студэнцтве было папулярна разважаць, на якой мове трэба прызнавацца ў каханьні, на якой — аб’яўляць вайну, на якой — лаяцца… Зараз я разумею, наколькі вузкім было такое моўнае адчуваньне (і які малы й стандартны набор моваў разглядаўся ў такіх выпадках: сотні моў і гаворак пакідаліся ў маўчаньні, без асаблівай функцыі).

Як для паэта, мова для мяне не «якая?», а «каго?». Маё адчуваньне мовы вызначаецца тым, хто пісаў і піша на ёй і каго я чытаю ў пэўны момант.

Мне цікавыя не беларуская альбо ангельская, а менавіта паэтычная мова. Паэты мяняюць нашае адчуваньне ад мовы з кожнай новай кніжкай, а то і з кожным новым вершам, бо яны кожны раз вынаходзяць усё новую мастацкую мову, выкарыстоўваючы тое, што Леў Лосеў называў немабілізаванымі рэсурсамі мовы. Гэта значыць, ніхто так пакуль ня кажа, але ж мова нам так сказаць дазваляе, — тут адразу прыходзяць да галавы Цьвятаева й Хлебнікаў, Рафал Ваячак, якога я перакладала з польскай. А ў сучаснай ангельскай мове — геніяльны Джэфры Хіл, якога часта параўноўваюць з Одэнам, а ад Одэна рукой падаць да Бродзкага, які менавіта дзякуючы перакладу пашырыў танальныя й сынтаксычныя магчымасьці радку ў расейскамоўным вершы.

Дваццатае стагодзьдзе — гэта час літаратурнага перакладу й літаратурнага ўплыву праз мовы й культуры. Так Фолкнэр сваімі доўгімі сказамі стварыў Маркеса, так Уітмэн сваімі доўгімі радкамі стварыў Чэзарэ Павэзэ. У пэўным сэнсэ паэтычная мова заўсёды замежная для чытача — дзіўная, нечаканая… Гэта «ўрода мая, уродачка» Анатоля Сыса, гэта паліндромы Віктара Жыбуля… Не магу не ўзгадаць тут Эн Карсан, адну з самых цікавых сучасных англамоўных паэтак, якая па адукацыі клясыцыст. Ейная апошняя кніжка зьяўляецца пераглядам Антыгоны. Які такі перагляд? Карсан пачынае там, дзе пераклад спыніўся. Гэта захапляльная чытанка — мая самая любімая кніжка 2012 году. Што да беларускай мовы, я чую яе найлепш, калі перачытваю Васіля Быкава. Яго слоўнік, танальнасьць, сынтаксіс ідэальна перадаюць маё адчуваньне беларускай мовы. Гэта ня вішні, матылі й кубачак гарбаты, а чорная цяжкая зямля, бясконца глыбокая, дзе замест неба — зямля, і замест паветра — зямля.

І. Г.: Чым для Вас зьяўляецца працэс перакладу? З чаго ён складаецца? Зь якімі настроямі, эмоцыямі зьвязаны?

В. М.: Пераклад для мяне ёсьць паэтычнаю працай, што значыць працай рэдактарскай. Мне незразумела, як можна сесьці за новы верш ранкам, а ўжо ўвечары аддаць яго ў часопіс для публікацыі. На новым вершы трэба, кажучы па-ангельску, спаць, а прачнуўшыся — перапісваць. Одэн трапна (а як жа яшчэ Одэн можа?) сказаў, што паэт ніколі не заканчвае працу над вершам — паэт працу над вершам закідвае. Праца над перакладам, а гэта значыць над сынтаксісам, слоўнікам, паэтычнай формай, музыкай, тонам, — ня што іншае, як штодзённая праца паэта па рэдагаваньні сваіх чарнавікоў. А магчымасьць і сам факт працы — гэта шчасьце для любога мастака, нават калі з гэтай працы ні радка не захаваеш. І яшчэ да перакладу: перакладчык паэзіі ня мусіць рухацца па роўнай лініі з мовы А ў мову Б. Пераклад — гэта ня лінія, а трохкутнік. З мовы А перакладчык сьпяшаецца ў безыменную кропку, у бязмоўны стан, той вельмі важны момант, калі верш зьяўляецца напачатку пакуль яшчэ не на мове, ня ў словах, а як вобраз, як нейкае невэрбальнае адчуваньне. І адтуль перакладчык рухаецца ў Б і наноў піша ўжо складзены да яго верш.

Гэты момант перапісваньня вершу, які ты насамрэч не напісала, але так бы хацела напісаць, здаецца мне такім амбітным, такім эгаістычным, такім самаздаволеным — гэта мой літаратурны кайф.
partizan-23-final-14

Вольга Сазыкіна «Азбука Брайля», з pARTisan #23

І. Г.: Пераклад як мастацтва інтэрпрэтацыі… Ці існуюць для Вас пэўныя прынцыпы гэтай інтэрпрэтацыі? Дзе палягаюць ейныя межы?

В. М.: Мяне цікавіць першасная інтэрпрэтацыя — тое, пра што гаворыць паэт, і на гэтым я канцэнтруюся пры чытаньні й перакладзе. Дзіўна пісаць гэтыя два апошнія словы празь «і», бо для мяне яны сынонімы. Пераклад — гэта глыбокае чытаньне. Альбо — найвышэйшая форма чытаньня. Калі мы пачынаем выдумляць усялякае ўсё, мы перастаем чытаць і пачынаем пісаць свой асабісты верш, што нармальна, але ня трэба называць гэта перакладам, ня трэба ставіць над ім імя аўтара, ад якога не засталося ані думкі.

І. Г.: Як Вы вызначаеце для сябе якасьць перакладу? Якасны пераклад — гэта…

В. М.: …калі ніхто больш ня памятае, што гэта пераклад.

І. Г.: Распавядзіце, калі ласка, пра сваю працу зь перакладчыкамі ў якасьці аўтаркі? Наколькі важнае значэньне мае давер між перакладчыкам і аўтарам? Што для Вас зьяўляецца падставай, каб давяраць альбо не давяраць пэўнаму перакладчыку Вашых тэкстаў?

В. М.: Не давяраю перакладчыку, які не задае пытаньняў… Мне пакуль шчасьціла зь перакладчыкамі. Мая нямецкая перакладчыца Катарына Нарбутовіч стала мне блізкім сябрам. Я давяраю ёй ня толькі зь перакладам, але таксама вельмі цаню ейныя думкі наконт маіх і іншых вершаў, наконт новых кніг і аўтараў. У яе бездакорны густ, тонкае разуменьне літаратуры. Яна страшна любіць аўтараў, зь якімі працуе. Поруч з такім чалавекам хочацца працаваць і працаваць.

І. Г.: Апішыце, калі ласка, што Вы адчуваеце, калі чуеце (чытаеце) уласныя тэксты на мове, якой ня ведаеце.

В. М.: Калі напраўду, анічога асаблівага не адчуваю. Сяджу, калякаю ў кніжцы. Звычайна нават намагаюся не ўслухоўвацца, бо гэта — як слухаць свой голас у запісе: колькі ні ўслухоўваесься, сябе не пазнаеш.

І. Г.: Наколькі перакладчык, паводле Вашых назіраньняў, прысутнічае ў публічнай літаратурнай прасторы — у ЗША , ва Ўсходняй Эўропе?..

В. М.: У ЗША і наогул у англамоўным сьвеце ёсьць свае зоркі-перакладчыкі, вядомыя ў літаратурных і акадэмічных колах ня менш за аўтараў. Гэта, я думаю, абумоўлена тым, што ўсе кананічныя тэксты даступныя не ў адным, а ў некалькіх перакладах, і на кожнае новае пакаленьне зьяўляецца хоць адзін новы пераклад Гамэра, Дантэ, Сэрвантэса, Флябэра, Кафкі, Дастаеўскага, Рыльке, Нэруды… гэты сьпіс можна доўжыць і доўжыць. Меркаваньні й спрэчкі наконт самага лепшага, самага кананічнага перакладу ставяць імёны перакладчыкаў у адзін шэраг з аўтарамі.

Так, імя Дантэ ў ЗША моцна зьвязанае з Аленам Мандэльбаўмам, а эпас Бэавульф — з Шэймасам Хені. Калі Мандэльбаўм памёр год таму, у «New York Times» надрукавалі доўгі нэкралёг з цытатамі яго Дантэ. Некалькі гадоў таму выйшла новая «Мадам Бавары» — у перакладзе Лідыі Дэвіс. Я вымусіла сваіх студэнтаў яго прачытаць паралельна са старэйшым перакладам — нам было мала аднаго сэмэстру, каб абмеркаваць гэтых дзьвюх вельмі розных «Мадам». Хені й Дэвіс самі зьяўляюцца аўтарамі — паэт і празаік. А вось, напрыклад, Эдыт Гросман — гэта вялікая зорка выключна перакладу. На сустрэчы зь ёю чытачы купляюць квіткі, як на імпрэзы з удзелам пісьменьнікаў. Яна віртуозная перакладчыца Сэрвантэса, Маркеса, Льёсы… Імя найцудоўнейшага польскага паэта Зьбігнева Гербэрта зьвязанае зь перакладчыцкай (і ня толькі) парай Джонам і Багданай Карпэнтар.

Некалькі гадоў таму невядомая тады паэтка й перакладчыца выпусьціла кнігу Гербэрта ў адным з буйных выдавецтваў. Гэта быў амаль што не літаратурны скандал: усе буйныя часопісы падхапілі жарсную спрэчку вакол ейнай кнігі. Імя Карпэнтар шмат хто пранёс праз гэтыя спрэчкі, як сьцяг. Шмат можна казаць пра пераклад на ангельскую мову Бібліі й грэкаў. Аднак, на жаль, сучасныя аўтары перакладаюцца на ангельскую няшмат.

partizan-23-final-6

Міхаіл Гулін «Словы іншамоўнага паходжаньня», з pARTisan #23

І. Г.: Ці магчыма, з Вашага пункту гледжаньня, навучыць літаратурнаму перакладу? Альбо яму можна только навучыцца? Як Вы вучыліся перакладу? Або вучыцеся да гэтага часу?

В. М.: Перакладу няможна не вучыцца. Тое самае, дарэчы, я думаю пра паэзію. Талент — гэта толькі падмурак, зь якога ўсё пачынаецца, але трэба спадзявацца, што на падмурку будаўніцтва ня скончыцца. Патрэбна разьвіваць густ да мовы, да вершу, да радку. Трэба вучыцца чытаць як паэт, чытаць шмат, пашыраць сваю літаратурную эрудыцыю. Перакладчык ня зможа працаваць бязь ведаў паэтычнай прасодыі — гэтаму можна й трэба навучыцца й навучыць. Калі я вучылася ў магістратуры, курс паэтычнага перакладу быў адным з самых любімых. Але ўсё пачалося задоўга да гэтага, на міжнароднай школе мастацкага перакладу ў Варшаве, куды мяне, на маё вялікае шчасьце, завэрбаваў Андрэй Хадановіч. Ён быў адным з выкладчыкаў гэтай школы, разам з Адамам Паморскім і Вольгай Гнацюк. Іхныя сэмінары былі сьвятам усяго сьвятога на зямлі. Я там пачалася як паэт, як перакладчык, як чалавек.

Гутарыла Ірына Герасімовіч, 2012

На вокладцы: Міхаіл Гулін «Словы іншамоўнага паходжаньня»

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology