«ЯДРО МАТЭРЫІ»: ЗАЛАТЫ ЎКОЛ

У Андрэя Дзічэнкі выйшла новая кніга «Ядро матэрыі». Абсурдны сюжэт у ёй суседнічае са складаным, грувасткім апавяданнем. І нягледзячы на тое, што аўтар нібыта як задумаў адшукаць гармонію, у яго выйшаў гімн смерці. Зрэшты, як заўсёды.

Фота Ганны Доўгель

Калі вынесці за дужкі журналісцкія працы Андрэя Дзічэнкі, то яго тэксты ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі. Да першай адносяцца кароткія, напоўненыя спецыфічным гумарам апавяданні ў духу Юрыя Мамлеева. Пры гэтым нягледзячы на некаторае сапраўды відавочнае падабенства нельга сказаць, што Дзічэнка з’яўляецца чарговым эпігонам заснавальніка «метафізічнага рэалізму». Хоць трэба прызнаць, што іх героі належаць аднаму — несумненна, «мамлееўскаму» — сусвету.

Часам цяжка пазбавіцца ад адчування, што перад смерцю мэтр замкнуў на ключ жахлівы свет сваіх чалавекападобных істот, а яго бесцырымонны паслядоўнік пачаў з захапленнем вуайерыста зазіраць у замочную шчыліну. У гэтым і крыецца асноўнае адрозненне паміж двума аўтарамі: пры некаторых «але» Мамлееў, не шкадуючы шырокіх мазкоў, апісваў створаны ім свет з сімпатыяй, у той час як халодныя і максімальна лаканічныя тэксты Дзічэнкі больш падобныя на міліцэйскія пратаколы з таго свету. Справа тут не ў беднасці аўтарскай мовы (з гэтым у Андрэя праблем як раз няма), а ў выдатках стылю. Напэўна, прыкладна так будзе пісаць Альда Новэ, калі падсядзе на транквілізатары. Усё гэта, вядома, не нова, але як мінімум цікава.

Ніша падобнай літаратуры ў Беларусі практычна не запоўненая, таму ў Дзічэнкі ёсць нядрэнныя шанцы паласнуць сваімі апавяданнямі па горле кансерватыўнага «сучбелліта». Зрэшты, для пачатку яму трэба паспрабаваць пазбегнуць аўтарскага самагубства.

І тут мы падыходзім да другой часткі творчасці Андрэя. Гэта як раз тое міннае поле, на якім ён можа падарвацца і раскідаць свае пісьменніцкія кішкі без усялякай надзеі запхнуць іх назад у жывот. Калі ў рамках кароткіх апавяданняў Дзічэнка сапраўды трымае марку, то да яго буйных літаратурных форм узнікаюць пэўныя пытанні. Узяць, да прыкладу, раман «Пліты і правалы», дзе замест кароткіх і ясных фраз, якія расстрэльваюць ва ўпор, раптам з’яўляюцца грувасткія, перапоўненыя лішнімі дэталямі сказы. Тэкст гэтай галюцынагеннай кнігі настолькі цягучы, што да самай апошняй старонкі даводзіцца боўтацца ў ім, як у балоце, кожны раз чапляючыся за выратавальныя карчы чарговага сюжэтнага павароту.

Калі паглядзець на тэкст праз прызму модных канцэптаў Жака Лакана, на якіх у многім грунтуецца сучасная літаратура, то ранні перыяд творчасці Дзічэнкі ўяўляе сабой з’яву «неўратычнага дыскурсу». Дастаткова ўзгадаць яго дэбютную кнігу «Мінскае неба».

Тэкст напоўнены экзістэнцыяльнымі перажываннямі і ўздымае этычныя праблемы. «Мінскае неба» любяць чытаць падлеткі. Гэта іх свет. Свет, напоўнены сусветным смуткам і несправядлівасцю, асабістай дэпрэсіяй, але і надзеяй на нешта лепшае. Аднак наступны перыяд творчасці ўжо набывае псіхатычныя рысы. Возьмем, да прыкладу, ужо згаданыя «Пліты і правалы». Пачатак кнігі, як звычайна, напісаны ў экзістэнцыяльна-трагічным духу, але далей апавяданне губляе ўсялякую сувязь з рэальнасцю. Складаецца ўражанне, што ў гэтай кнізе аўтар аб’ектываваў уласнае ўяўнае, таму мова і структура сказаў не заўсёды зразумелыя чытачу.

Калі ў сваім «неўратычным дыскурсе» Дзічэнка праз свае фігуры захоўвае ў адносінах да абсурду цэласную і лагічную пазіцыю, то ў «псіхатычным дыскурсе» застаецца толькі вучыцца разумець і гаварыць на мове «Плітаў і правалаў». І абвінавачваць пісьменніка ў тым, што «нічога не зразумела» — жэст зусім недарэчны.

Тым больш здзіўляе, што ў новай кнізе аўтар прозы, якая пакутуе ад «лішняй вагі», рашыўся на ліпасакцыю. Яго сказы сталі больш простымі і рэзкімі, хоць і не заўсёды больш зразумелымі. У гэтым плане вельмі паказальнай падаецца анатацыя, якая складаецца ўсяго толькі з аднаго сказа: «Кніга змяшчае дзве аповесці Андрэя Дзічэнкі — „Ядро матэрыі“ і „О.“». І гэта лаканічнасць зразумелая — цалкам не магчыма коратка апісаць усё гэта вар’яцтва: каты-захопнікі з полай планеты на ўскраіне Сусвету, лятаючыя піраміды, эпідэмія ВІЧ у маленькім беларускім горадзе, украпванні цвёрдай навуковай фантастыкі і атмасфера непазбежнага Армагедона. Як і многія іншыя тэксты Дзічэнкі, «Ядро матэрыі» абсалютна не ўпісваецца ні ў якія стылістычныя рамкі.

Што гэта наагул такое: кіберпанк, постмадэрнісцкі здзек ці спроба некрафіла пагуляць у фантастыку? Магчыма, нават сам пісьменнік не ў стане адказаць на гэтае пытанне.

Сюжэт «Ядра матэрыі» разгортваецца ў сярэдзіне 2000-х у маленькім беларускім горадзе. Антураж адпаведны: наркотыкі, эпідэмія ВІЧ, агрэсіўная шпана, каскад вулічнага гвалту. Дарэчы, Дзічэнка ведае, пра што піша — ён сам вырас у апісаны час у правінцыйнай Вілейцы. Калі ўлічыць, што гэта ледзь не самы ранні яго мастацкі тэкст, напісаны ад першай асобы, то можна выказаць здагадку, што ў аповесці прысутнічаюць і некаторыя аўтабіяграфічныя моманты. Нетыповыя для аўтара скрупулёзныя апісанні комплексаў галоўнага героя толькі пацвярджаюць гэту думку.

У цэлым жа аповесць пачынаецца як трывіяльная меладрама пра жыццё «лішніх» падлеткаў, якія жывуць у стане неаб’яўленай вайны з грамадствам. Аднак пасля некалькіх дзясяткаў старонак Дзічэнка рэзка ламае гэты мерны аповед аб калена, і тут пачынаецца татальны, зусім шалёны псіхадэлічны кашмар. «Перадваенны» унутраны стан галоўных герояў вырываецца вонкі, і ўся планета Зямля ператвараецца ў адзін вялікі прыфрантавы горад, які жыве ў чаканні хуткага знішчэння. І трэба сказаць, што ніякай спагады да пастаўленага каля расстрэльнай сцяны чалавецтва Дзічэнка не адчувае. У вайне паміж людзьмі і коткамі сімпатыі пісьменніка відавочна не на баку супляменнікаў. Увогуле ён асабліва і не спрабуе прыхаваць гэты калабарацыянізм.

У адрозненне ад ранніх тэкстаў Дзічэнкі, якія ў сілу сваёй напускной экстрэмальнасці выклікалі адчуванне ненатуральнасці, новая кніга выглядае больш арганічна. Яму нарэшце ўдалося стварыць паўнавартасную карціну набліжэння (ці адбылася яна ў выніку?) катастрофы. На працягу першых пяці частак «Ядра матэрыі» аўтар апісвае павольную фізічную і маральную смерць сярэднестатыстычнай чалавечай істоты. Тым больш нечаканай выглядае шостая частка, напісаная ў стылі добрай дзіцячай казкі. Гэты цукровы фінал у нейкай ступені нівелюе характар папярэдніх частак, але ў той жа час выклікае пачуццё поўнага спусташэння. Нягледзячы на тое, што сам Дзічэнка піша пра ўсталяванне гармоніі, ёсць падазрэнне, што гэта праславуты «залаты ўкол».

Як вынік — аповесць накрывае чытача хвалямі. Не паспееш ты зразумець, што хацеў сказаць аўтар, як ідзе адкат, які забірае з сабой пробліскі здаровага сэнсу. Кожная з сюжэтных хваляў выносіць на бераг труп якога-небудзь пісьменніка: Стыва Айлета, Ягора Радава, Крысціяна Крахта, Уільяма Берроўза, Бруса Стэрлінга, Рудзі Рукера, Роберта Хайнлайна і нават Паўла Пепперштэйна. Калі растрыбушыць аповесць зноскамі, то спасылкі на вышэй пералічаных аўтараў змогуць лёгка стаць самастойным творам. Спрытна арудуючы сякерай мясніка (акуратнасці патолагаанатама аўтар пакуль не дасягнуў), Дзічэнка рассек усіх іх на кавалкі, з якіх стварыў свайго літаратурнага Франкенштэйна.

Гэты монстр пазбаўлены вытанчанасці, але немагчыма не заўважаць яго невымерную сілу. Забіць ён пакуль не здольны, але страсенне мазгоў — забяспечыць.

Кірыл Мяцеліца

Апавяданне Андрэя Дзічэнкі «Камітэт па расстрэлу паэтаў» трапіла ў анталогію Best European Fiction амерыканскага выдавецтва Dalkey Archive Press. У мінулых анталогіях друкаваліся творы Уладзіміра Казлова, Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча.

Фота Андрэя Дзічэнкі

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology