МЕЖЫ, НОРМЫ, БІЯМАСЫ Ў ПАЧАТКУ XXI СТАГОДДЗЯ

З 23 лютага па 17 сакавіка 2019 года ў Галерэі Прасторы KX у Брэсце дэманстравалася экспазіцыя Паўла Матышеўскага (Польшча) і Сяргея Шабохіна (Беларусь) «Styk // Стык». На выставе, галоўнай тэмай якой сталі — канцэпцыі мяжы, падзелу і адрозненняў, — былі прадстаўлены інсталяцыя, а таксама відэа-, скульптурныя, жывапісныя і графічныя творы ў адмыслова створаных дэкарацыях.

Фрагмент экспазіцыі

Філосафка Вольга Шпарага і мастак Сяргей Шабохін абмяркоўваюць выставачны праэкт «Styk // Стык».

Вольга Шпарага: Адна з маіх першых асацыяцый, якія ўзнікаюць у прасторы выставы, — гэта містычны вігвам з серыяла «Твін Пікс» Дэвіда Лінча. Надпіс WHAT IS BEHIND THE FAKE FIREPLACE на адной з тваіх прац я праінтэрпрэтавала як запрашэнне па той бок фэйкавага пажару. «Фэйкавы» я інтэрпрэтую ў сувязі з тэмай межаў паміж краінамі, якія ўсталёўваюцца адвольна і выпадкова, гэта фэйк, з якім мы, аднак жа, вымушаны мірыцца і які можа ў адзін момант разгарэцца як пажар.

Сяргей Шабохін: Гэты вобраз для мяне хутчэй не пра фэйкавы пажар, а пра фэйкавы камін. Як у казцы пра Бураціна: намаляваны на палатнянай шырме камін з катлом — такі прывабны для таго, хто згаладаўся. І галодны Бураціна прарывае палатно носам, але за ім знаходзіць дзверы ў свой тэатр (мастацтва).

Італьянскі мадэрніст Люча Фантана (Lucio Fontana) таксама пратыкаў палатно, але не для таго каб сапсаваць карціну, гэта былі яго адкрыцці. Бо адна з задач жывапісу — зрабіць плоскае аб’ёмным, стварыць ілюзію прасторы. А Фантана літаральна прарэзаў паверхню палатна, адкрыўшы новую самарэфлексуючую прастору і ператварыўшы яе ў аб’ект. У сваёй серыі работ я, як Фантана/Бураціна, ўзброіўся сваім новым інструментам — атрыманай нядаўна Картай паляка — і вырашыў-ткі прарваць з яе дапамогай гэты фэйкавы камін. Палатно тут, вядома, з’яўляецца сімвалам штучнай мяжы паміж Беларуссю і Польшчай і гісторыяй пра тое, як мне было складана праз нагрувашчванне бюракратычных працэдур атрымаць гэтую Карту. І гэта толькі першы этап на шляху маёй іміграцыі.

Сяргей Шабохін. (злева) Палатно прарэзанае Картай Паляка, (справа) Востры край, 2018

Гэтае палатно ўжо было паказана на выставе ў Крынках (прыгранічны польскі гарадок) — у нішы былога каміна. Мне было важна паказаць гэтае палатно і з другога боку мяжы — ў Беларусі, і прыгранічны Брэст для гэтага выдатна падыходзіць. Тут я пашырыў серыю і выставіў таксама палатно з выявай Карты паляка, прарэзанае ёю ж, а яшчэ макет мапы, афарбаванай у медны колер з прымацаваным да края лязом — такая мапа-зброя. Гэты аб’ект называецца «Востры край», і ён не толькі пра Карту паляка, але і пра банкаўскія карты і гэтак далей — пра розныя віды сучаснай зброі.

Гэтая серыя — пра фэйкавасць межаў, пра ўяўную прывабнасць пераезду, пра палітычнае вымярэнне за паверхняй палатна.

Вольга Шпарага: «Карта паляка» можа паспрабаваць прарваць заслону і мяжу, але выглядае гэта не вельмі пераканаўча — таму што стварае ўсяго толькі маленькі пралаз для невялікай часткі беларусаў. Межы пры гэтым праходзяць / праводзяцца не толькі паміж краінамі, але і па нашых целах і паміж рознымі целамі. Таму мы бачым на вашай выставе органы і часткі цела. Некаторыя з іх утвараюць новыя аб’яднання — сцягно жанчыны і сцягно каровы, — каб упісацца ў логіку эканамічнага абмену. Саша Адамянц цікава заўважыў, што часткі целаў жывёл, інтэграваныя з дзвярыма машыны, утвараюць кібарга.

Гэта фарміруе новыя целы, ідэнтычнасці, ператварае целы ў голыя прадметы абмену — форму «голага», абсалютна бяспраўнага жыцця. І робіць легітымным — калі ўжо легітымныя самі мяжы — выцясненне пэўных целаў-сэксуальных ідэнтычнасцяў.

Сяргей Шабохін. Кантрабанда біяматэрыялаў (Нага). Разам з Паўлам Матышэўскiм

У рамках абмеркавання выставы ў прасторы КХ мы ў тым ліку закранулі пытанне аб тым, наколькі гэтая форма бяспраўнасці вырабляецца і падтрымліваецца ў нашым грамадстве ў кантэксце розных практык сацыяльнага прыніжэння — беспакаранага скарыстання фізічнай і іншай сілы за зачыненымі дзвярыма кватэр, у арміі, турмах, пры затрыманні актывістаў і г.д. Інструментальныя і зневажальныя адносіны кантрабандыстаў да ўласных целаў наўпрост звязана з гэтымі практыкамі, а таксама слабасцю дыскурсу іх выкрыцця і крытыкі ў Беларусі.

Сяргей Шабохін: Саша слушна прыкмеціў вобраз дзвярэй-кібарга. Тут ёсць паклон яшчэ аднаму рэжысёру, акрамя вігвама Лінча, — Дэвіду Кроненбергу і яго фільму «Аўтакатастрофа» ў прыватнасці. Распавяду гісторыю, як я ўпершыню перасякаў мяжу з Польшчы ў Беларусь у 2006 годзе. Я сядзеў адзін на прыгранічным польскім вакзале. Пазней туды з набітымі торбамі зайшлі бабулька з унукам і дзяўчына. Зусім нечакана для мяне бабуля распранула хлопчыка і пачала яму скотчам прама на цела пад дзіцячыя лапаткі ўмацоўваць кавалкі вэнджанага мяса ў пластыкавай упакоўцы. Потым яна распранулася сама і прымацавала таксама кантрабанднае мяса сабе пад грудзі. На заднім плане дзяўчына мацавала сабе мяса на ногі, схаваўшы ўсё пад спадніцу. Я страціў дар мовы і быў упэўнены, што мяне здымаюць схаванай камерай. Моцнае ўражанне пост-гуманнага перформансу ў стылі венскіх акцыяністаў. Гэты вобраз мяне не пакідае дагэтуль, і цяпер я рыхтую серыю здымкаў з мясам на целах людзей.

Сяргей Шабохін. Кантрабанда біяматэрыялаў (Дзверы аўтамабіля). Разам з Паўлам Матышэўскiм

Таму, як ты кажаш, «сцягно жанчыны і сцягно каровы» — праца з пластыкавай нагой і мясам — тут прамая адсылка да гэтай гісторыі. Але часцей за ўсё кантрабанднае мяса перавозяць схаваным у машынах. Я ўбудаваў у дзверы машыны, акрамя мяса, экран з відэа, якое цалкам складаецца з сабраных і зманціраваных матэрыялаў з інтэрнэту пра кантрабанду мяса праз бліжэйшыя межы. Гэты кантраст металічнага / машыннага / халоднага (межаў, законаў, улады) з цялесным / біялагічным / жывым (мясам, крывёю, біяматэрыяламі) — тут аснова не толькі гэтай працы з дзвярыма, але ўсіх нашых работ на выставе. Напрыклад, фатаграфія з Google Maps з выявай ракі, па якой праводзілі дзяржаўную мяжу і будавалі платы, але рака ўвесь час мяняе форму — яна жывая, у адрозненне ад жорсткіх межаў. Так, пад металам таксама цячэ кроў.

Вольга Шпарага: Света Гайдалёнак учора падзялілася са мной інтэрпрэтацыяй Паўла Матышеўскага яго «белых вышыванак» — яны белыя, таму што служаць увасабленнем існуючай мяжы паміж нарміраванымі і не сэксуальнымі ідэнтычнасцямі: ненарміраваныя павінны быць пазбаўлены колеру / жыцця, стаць бескаляровымі, бяскроўнымі, нябачнымі. Гэта яшчэ і мяжа паміж прыватным і публічным — дома можна казаць пра гомасэксуальнасць, а ў публічнай прасторы не, забарона асабістаму быць палітычным, каб падтрымліваць уладу над ім.

Павал Матышэўскі. Дзе любоў там згода, 2018

Сяргей Шабохін: І тут важныя межы разумення сям’і — гэта тое, на што мы ссоўваем акцэнт з кантрабанды мяса праз мяжу на кантрабанду ідэй. Напрыклад, серыя Паўла «Працаўніцы» з’яўляецца вобразам апошняга моцнага ўздыму жаночага пытання ў Польшчы. І акрамя крытыкі патрыярхальных межаў, у нашай выставе безумоўна моцная тэма крытыкі гетэранарматыўнага. Бескаляровая вясёлка, з аднаго боку, і нябачныя сюжэты (белае на белым) у традыцыйнай тэхніцы, з другога, вышыты рукамі бабулек-рамесніц з польскай вёскі. Але вясёлка ў выніку прабіваецца на іншай працы Паўла: шэры камень трэскаецца, і ў расколінах мы бачым колеры. Тут, дарэчы, расколіны рыфмуюцца з маёй працай «Зоны выцяснення», якую ты, магчыма, памятаеш: гэта праца з тэкстамі на тонкіх швах паміж пліткай, што расказвае пра выцесненую свабоду слова і пра тое, як любыя ненарматыўныя формы паводзінаў у Беларусі змушана схаваныя па кутках і расколінах, але хутка вырвуцца вонкі.

Вольга Шпарага: Межы па-рознаму матэрыялізуюцца і ў рэшце рэшт ператвараюцца ў камяні. Але яны таксама маскіруюцца. Аднак у маскіроўцы і самой практыцы правядзення межаў ёсць пэўнае выйсце або станоўчы патэнцыял — бо замаскіравацца можа і кантрабандыст, а нанесеныя фарбай межы можна сцерці або перамаляваць, або прызнаць, што гэта ўсяго толькі камяні, зямля, целы, пачаўшы з арт-практыкі або натуральнай рэфлексіі — вясёлка зноў набывае колеры, калі цела вызваляецца ад нормаў. Можна падумаць, якія сацыяльныя практыкі адпавядаюць гэтым формам прысваення вызваленых ад нормаў целаў і змены межаў.

Ці адмаўляемся мы цалкам ад межаў? Ці вучымся праводзіць іх інакш, у тым ліку захоўваючы іх рухомы і фіктыўны статус? Гэта пытанне таксама мяне вельмі і сур’ёзна цікавіць.

І тут, вядома, узнікае адсылка да паняцця біяўлады, якое вы выкарыстоўваеце. У XIX стагоддзі галоўным інструментам улады было пакаранне, права забіваць; біяўлада XX стагоддзя рэгулюе і рэгламентуе, каму і як жыць, — перш за ўсё праз розныя інстытуты сацыяльнай дзяржавы. На вашай выставе такая рэгламентацыя ўвасабляецца ў розных межах.

Сяргей Шабохін: Тут паняцці біяўлады і біяпалітыка ўзятыя ў Фуко і Агамбена. Агамбен разглядаў іх таксама ў кантэксце паняцця аб надзвычайным становішчы — сітуацыі прыпынення закона, якая развязвае ўладам рукі (як пасля тэракту ў мінскім метро). Да надзвычайнага становішча на выставе ёсць прамая адсылка — мой малюнак-схема разрэзанага помніка 2015 года, створаны пасля анэксіі Крыма і пачатку ваеннага канфлікту. Для ўсіх гэта быў шок — бо ў нас сядзела гэтая ідэя вечнага сястрынства Украіны, Беларусі і Расіі: здавалася, якімі б ні былі змены, падобнага не здарыцца і людзі ўсё роўна не пойдуць адзін на аднаго са зброяй. Яшчэ адна рэалізаваная ідэя сяброўства і бязмежжа была імкліва знішчана. Тады я падумаў пра гэты Манумент Дружбы, так званыя «Тры сястры» ці, як кажуць у народзе, стык — гэты манумент пабудаваны на мяжы паміж нашымі трыма краінамі. І зараз з 2013 года да яго зачынены прамы бязмежны праход (хоць раней там усе свабодна сустракаліся ў рамках рэгулярных фестываляў сяброўства народаў). На гэтым малюнку я нібыты штучна адразаю траціну «кургана-пірага». Планую стварыць вялікую карціну і постэр.

Сяргей Шабохін.Тры Сястры: Манумент Дружбы, 2014. Павал Матышэўскі. Працаўніца, 2018

Цікава, дарэчы, што незадоўга да адкрыццём нашай выставы беларускія ўлады заявілі , што беларускі бок хоча сімвалічна і міратворча адрэстаўраваць курган, які літаральна рассыпаецца і пакрыты расколінамі. Таму побач з графікай на выставе мы размясцілі працу Паўла: патрэсканыя грудзі-курган. Тут таксама біясеміётыка актуальных палітычных межаў і, уласна, найноўшая гісторыя аб ваенным і надзвычайным становішчы паводле Агамбена.

Наш адказ на выставе — гэта прыклады прагрэсіўнага супрацоўніцтва і пашырэння нашага разумення сучаснага грамадства, сям’і, нормаў і шмат якіх іншых межаў.

Переклад: Ульяна Будзік. Фота Сяргея Шабохіна

На вокладцы: Павал Матышэўскі. Бар’ер, 2018

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology