ДЛЯ КЛЕМЕНСА МАЙРА

Эсэ напісана па даручэнні Пасольства Аўстрыі ў Мінску з нагоды развітання з Клеменсам Майрам, які быў актыўным сябрам аўстрыйскай суполкі ў Беларусі і трагічна загінуў 30 траўня 2020 года ва ўзросце 28 гадоў. 

Калі смерць гвалтоўна ўрываецца ў нашае жыццё, не спыняючыся нават перад квітнеючай маладосцю, нас захлынае боль. Больш не ўдаецца закалыхваць сябе штодзённасцю, трымаючы на адлегласці веданне пра смерць. Каркас гэтага свету стаіць перад намі, такі голы і неспасцігальны, што займае дых і бракуе слоў. Вялікія пытанні напіраюць, ціснуць, не даюць спакою. “І адкуль яно ўсё? І чаму яно ўсё?” – пытаецца маладая жанчына над магілай мужа ў апавяданні Максіма Гарэцкага – пісьменніка, які незвычайна адкрыта гаварыў пра смерць. У наступным радку чытаем: “Ціша, няма адказу” [1]. Ледзь не даслоўная паралель – у аўстрыйскага аўтара і псіхатэрапеўта Альфрыда Лэнгле: “…і ўсё ж бракуе адказу, калі крычыць ува мне пытанне: навошта?” [2]

Чаму? Навошта? Гэтыя пытанні смыляць унутры, працінаюць нас, абрынаюць у прорву бязмоўнасці, выбрацца з якой на бок жыцця дапамогуць хіба толькі слёзы.

Сіла слёз у беларускай міфалогіі ўвасабляецца ў вобразе Плачкі. Паводле легенд, Плачка найчасцей маладая жанчына, якая з’яўляецца то тут, то там, каб аплакаць неаплаканых памерлых. Слёзы Плачкі такія шчырыя, што ад іх нават уначы расхінаецца неба і прачынаецца ўся прырода. З яе слёз утварылася крыніца, і хто з той крыніцы нап’ецца, таму адкрыюцца ўсе таямніцы жыцця.

Што ж гэта за таямніцы, якія адкрываюцца нам праз слёзы?

Можа быць, гэта таямніца месца, куды можна пакласці свой вялікі боль? Мая бабуля Фелікса Красоўская, якая малой страціла ў вайну ўсю сваю сям’ю, у сталым узросце пачала пісаць вершы, у адным з якіх гаворыцца: “Не адна я прыйшла, я вельмі боль сваю цяжкую прынясла”. Далей гісторыя расказваецца ад першай асобы множнага ліку – мы. Мы – гэта мой боль і я. Праз увесь верш цягнуцца пошукі месца, куды можна было б пакласці вялікі боль, і толькі ў самым канцы месца знаходзіцца: “Расхіні сваё маленькае сэрца. Пакладзі туды свой вялікі боль”. Толькі ў маленькім сэрцы хопіць месца для вялікага болю. Там ён і застанецца. Назаўжды.

Ці, можа, праз слёзы нам раскрываецца таямніца, што надыдзе час, калі смутак ператворыцца ў змрочнага сябра, як распавядае аўстрыйскі пісьменнік Міхаэль Кёльмаер. Пасля таго як загінула яго дачка, ён не мог слухаць музыку, мусіў шмат хадзіць, аж да шасці гадзін на дзень, у незнаёмых памяшканнях яму ўдавалася заставацца, толькі сабраўшы волю ў кулак. Потым з’явіўся змрочны сябар смутак, прынёсшы палёгку. Змрочны сябар смутак не сцёр успаміны пра самы няшчасны дзень у жыцці, ён толькі кажа: не думай пра гэта, думай пра гэта, але цяпер не думай пра гэта, падумай заўтра пра гэта, толькі цяпер не думай пра гэта. Пра што ж тады думаць? Думай пра сваю смерць, адказвае змрочны сябар [3].

Можа быць, думкі пра ўласную смерць таксама належаць да тых таямніц жыцця, якія адкрываюцца нам праз слёзы? Што захоўвае значнасць, калі мы думаем пра ўласную смерць не гіпатэтычна, а як пра нешта рэальнае? Паводле Віктара Франкла, заснавальніка Трэцяй Венскай школы псіхатэрапіі, які перажыў Халакост, калі чалавек думае пра ўласную смерць, ён ўсведамляе адказнасць, “якую нясе ў кожнае імгненне свайго жыцця: адказнасць за тое, як мы скарыстаемся кожнай наступнай гадзінай, якім зробім наступны дзень” [4]. У слове “адказнасць” утрымліваецца слова “адказ”. Можа быць, гэта не выпадковасць? Можа быць, на вялікія пытанні існавання мы адказваем, беручы на сябе адказнасць за ўласнае жыццё. Вучань Франкла Альфрыд Лэнгле падкрэслівае тое, што часта застаецца па-за ўвагай, што мае ключавое значэнне цяпер, яшчэ перад смерцю: жыць, цалкам прысутнічаць у свеце, быць цалкам у згодзе з сабой, цалкам аддавацца таму, што робіш [5].

“Рухаючыся пад уплывам цікаўнасці, захопленасці і здаровага павеву надзвычайнага, я жыву дзеля людзей, гісторый і магчымасцей,” [6] – гэтыя словы Клеменс Майр напісаў на сваёй старонцы ў інтэрнэце. Тое, што зараз даводзіцца прамаўляць гэты сказ у мінулым часе і ў трэцяй асобе, да краю напаўняе болем: якім несправядлівым бывае жыццё, якая несправядлівая смерць. Але ёсць яшчэ адна важная рэч: гэтыя словы – праўда. Рухаючыся пад уплывам цікаўнасці, захопленасці і здаровага павеву надзвычайнага, Клеменс Майр жыў дзеля людзей, гісторый і магчымасцей. І гэтая праўда застанецца. Назаўжды.

Калі ў беларускай культуры гавораць пра смерць, заўсёды згадваюць той след, які чалавек пакідае на зямлі. Чым больш сугучна з сабою жыў чалавек, чым больш адкрываўся гэтаму свету, чым больш поўна пражываў свае каштоўнасці, тым больш выразным будзе след.

Не, гэта не суцяшэнне. Але гэта такая ж праўда пра нас, людзей, як і тое, што мы смяротныя: энергія, якая з’явілася ў свеце дзякуючы пэўнаму чалавеку, захаваецца і пасля яго смерці. Яна не зможа запоўніць тую дзіру, якая адкрываецца ў нас усярэдзіне пасля смерці блізкага чалавека, але яна і не знікне ў гэтай дзіры. Тое, што чалавек даў нам, застанецца ў нас, гэтаксама як і рана, нанесеная яго смерцю. Назаўжды. І гэта давядзецца вытрымліваць, то-бок трымаць да самага канца.

Аўстрыйскі драматург Эвальд Пальметсхофер сказаў у размове пра сваю п’есу “Страчаныя”: “Мы, людзі, настолькі ўразлівыя, што можам ад гэтага памерці і калі-небудзь насамрэч памром. У тым, каб разам вытрымліваць гэтую ўразліваць, не адварочвацца ад яе, ёсць надзея” [7].

(c) Пасольства Аўстрыі ў Мінску.

На вокладцы: Юра Дзівакоў. Без назвы. Фрагмент. Матыў вокладкі беларускага выдання кнігі Альфрыда Лэнгле «Сляды сэнсу».

[1] Гарэцкі, Максім: Збор твораў, том 1, Мінск, Мастацкая літаратура, 1984, стар. 89
[2] Längle, Alfried: “Sinnspuren. Dem Leben antworten”, Residenz Verlag, 2010, стар. 32
[3] Köhlmeier, Michael: Vorwort zu: Längle, Alfried / Bürgi, Dorothee: Wenn das Leben pflügt. Krise und Leid als existenzielle Herausforderung, Vandenhoeck & Ruprecht, 2016, стар. 7-8
[4] Frankl Viktor E.: Ärztliche Seelsorge. Grundlagen der Logotherapie und Existenzanalyse, dtv, стар. 120
[5] Längle, Alfried: “Sinnspuren. Dem Leben antworten”, Residenz Verlag, 2010, стaр. 35
[6] http://clemensmayr.at/
[7] Размова ў межах 21-й Майстэрні для тэатральных перакладчыкаў Міжнароднага тэатральнага інстытута, Тэатральнага фестывалю ў Мюльхайме пры падтрымцы Інстытута ім. Гётэ, 2020 г.

 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology