«Беларускі авангард 1980-х» \ «Пастулят-2012» \ «Мы» \ Алесь Родзін

ЯГОР СУРСКІ, мастацтвазнаўца, куратар

З культурніцкіх падзеяў 2012 году я б вылучыў прэзэнтацыю альбому «Беларускі авангард 1980-х». Сам праект акрэсьліў тэндэнцыю й патрэбу вызначэньня генэзысу сучаснага беларускага мастацтва, што атрымала й мае працяг у шэрагу дасьледчыцкіх праектаў. У ліку цікавых выстаўных праектаў, якія выяўлялі сынтэз і спалучэньне розных жанраў і кірункаў мастацкай дзейнасьці, адзначу праекты Беларускага саюзу дызайнэраў «Пастулят-2012» і беларуска-польскі конкурс графічных праектаў «Мы».

Мастак году — Алесь Родзін, для якога год быў неверагодна яркі й насычаны падзеямі, зорны й драматычны адначасова. У прынцыпе ягоны прыклад выяўляе магчымасьці актуальнага беларускага мастацтва ў эўрапейскім вымярэньні: суполка прыхільнікаў ягонай творчасьці ў FB складае 3595 чалавек, манаграфія пра яго выдадзена ў нямецкім выдавецтве, драматычная сытуацыя зь яго майстэрняй і працамі ў культурніцкім цэнтры «Тахелес» прыцягнула ўвагу бэрлінцаў, выклікала грамадзянскую салідарнасьць з мастаком. Толькі такі драматычны й насычаны падзеямі лёс мастака не знайшоў у Беларусі належнага водгуку, што й выяўляе, на вялікі жаль, абмежаванасьць нашых культурніцкіх даляглядаў.

Фатаграфія © Настася Юркевіч


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology