Ігар Цішын: гульня ў сапраўднасьць

Ігар Цішын, «Філёзаф»

Ігар Цішын \ З сэрыі «Скечбук Лінія Суціна»

Ігар Цішын \ З сэрыі «Скечбук Лінія Суціна»

Ігар Цішын \ З сэрыі «1932»

Ігар Цішын, «48»

Ігар Цішын, «Філязофскі шум»

Ігар Цішын, «Родчанка. Ліля»

Ігар Цішын, «Формула Родчанкі»

Ігар Цішын, «Паноптыкум» \ фрагмэнт

Ігар Цішын \ З сэрыі «Чырвоны капялюш»

Архіў! © pARTisan #1’2002

Ігар Цішын — адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў беларускага постмадэрнізму ў жывапісе.

На выставах Цішына шмат карэктна расфасаванага эпатажу. Ігар лічыць, што сёньня абсалютна ўсе формы выяўленчага мастацтва зьяўляюцца камэрцыйнымі. Аўтар «эпатуе буржуа», выстаўляючы карціны, расьпілаваныя на фрагмэнты розных памераў, рызыкоўна жартуе на сьвятую для савецкага чалавека партызанскую тэму, дасьціпна жанглюе цытатамі з Суціна, Родчанкі, Фрэнсыса Бэкана, беларускіх і замежных пісьменьнікаў. Працуе таксама ў жанры інсталяцыі, піша канцэптуальныя апавяданьні. Адна з інсталяцыяў выглядала такім чынам: уявіце сабе сэйф, у якім гарыць электрычная лямпачка, вісяць чырвоныя фіранкі, стаіць круглы сталок. Вакол стала паселі й, пэўна, абмяркоўваюць новае падвышэньне коштаў на моркву аднолькавыя кардонныя зайчыкі, а на сьцяне хмурыць бровы партрэт Вялікага Зайца.

Дажджлівая восеньская раніца. Я іду па вуліцы на ўскраіне гораду й раптам бачу наступную карціну. На скрыжаваньні вулак стаіць звычайная тумбачка, мэтраў за дзесяць ад яе стаяць, прыгнуўшыся ад холаду й дажджу, нямецкі салдат і два паліцаі. На дзьверках тумбачкі неахайна напісана чорнаю фарбаю «Сталін капут», ніжэй — вялізныя літары «ГМВ». Мінакоў амаль не было. Заінтрыгаваны, я азірнуўся па бакох і зайшоў у дом на рагу, дзе жыве мой знаёмы мастак, удзельнік падпольнага руху Ігар Z. Усё, што адбывалася потым, я назіраў з вакна дому Z…*

Y: Да якога эстэтычнага кірунку ты сёньня можаш сябе прылічыць: да сац-арту, канцэптуалізму, ці гэта штосьці ўласнае?

Z: Заўсёды цяжка даць назву таму, што робіш сам. Я быў бы ўдзячны, калі б гэта зрабілі мастацтвазнаўцы. Сац-арт быў пародыяй на штампы афіцыйнага мастацтва часоў заняпаду савецкае ўлады. Вядома, і цяпер ёсьць мастакі, што высьмейваюць прыдворнае мастацтва, але я не назваў бы гэта сац-артам, бо ён найперш рабіў пародыю на саму тэхніку й матэрыял сацрэалізму.

Y: І твой праект «Лёгкі партызанскі рух» у галерэі «Сёмы чарвяк» — гэта не пародыя на Дзяржаўны Музэй Вялікай Айчыннай вайны?

Z: Не, проста я вырашыў паказаць партызанскі рух з малавядомага боку. «Партызанская» тэма за савецкім часам была вельмі модная, шмат хто з мастакоў зрабіў на ёй сабе гучнае імя, яна дазваляла без залішніх высілкаў атрымліваць дзяржаўныя ўзнагароды. Але ў сярэдзіне 1990-х, калі я рыхтаваў тую выставу, беларускае мастацтва спрабавала адцурацца ад савецкіх стэрэатыпаў. А мне, наадварот, захацелася ўзяць гэтую старую тэму, да якой нікому ўжо не было справы, і вырашыць яе па-іншаму.

Мяне цікавіла не сапраўднае жыцьцё, а гульня ў сапраўднасьць — тое, што называецца пастаноўкаю. Ува ўсім жа, што адбываецца навокал, у кожнай зьяве грамадзкага жыцьця я бачу нейкае сэксуальнае трымценьне.

Мне здаецца, фюрэр Адольф успрымаўся партызанамі амбівалентна: з аднога боку, яго ненавідзелі, а зь іншага… Сама назва сэрыі «Фалічная фраў» мела на ўвазе, што вобраз Гітлера з прыгожымі жаночымі ножкамі ўвасабляў таемную каханку беларускіх партызанаў-містыкаў. У гэтым сьвеце наагул усё перамяшалася — эротыка й гісторыя, побыт і мэтафізыка.

Y: Сальвадор Далі ў «Дзёньніку аднаго генія» таксама кажа, што Гітлер падаецца яму жанчынай. Хоць, на маю думку, камуністы (як потым і Лукашэнка) падсьвядома любілі ў Гітлеры не яго самога, а падстрыжанага Карла Маркса. Ты лічыш, тэма партызанскага руху да гэтага часу актуальная ў Беларусі?

Z: Яна тут актуальная заўсёды. Стан партызанскага жыцьця для насельніцтва Беларусі зьяўляецца нормаю. Прыгадайма савецкія часы, як там жылі сяляны ў калгасах: хіба гэта не партызанская апэрацыя, калі трэба было ўначы ехаць па калгаснае сена для сваёй каровы, калі трэба было прыцягнуць зь лесу дровы, або тыя ж «броварчыкі» ў пушчах?! Вядома, усё гэта рабілася без афіцыйнага дазволу. Здаецца, такі лад быў заўсёды й застаецца цяпер.

…Было відаць, што немец і паліцаі кагосьці чакалі. Неўзабаве да іх падыйшлі маёр Шэйман з камэндатуры й высокі паліцай з рудымі вусамі. Маёр штосьці сказаў астатнім і хуценька адыйшоў ад тумбачкі мэтраў на трыццаць. За ім адбег і другі немец. Адзін з паліцаяў нахіліўся й паспрабаваў адчыніць дзьверкі таямнічае тумбачкі. Адчыніліся яны не адразу, але як толькі… Моцны выбух адкінуў нас ад вакна. Я выйшаў з дому й праз гароды хутка сыйшоў…

Y: Можна сказаць, што беларус прызвычаіўся існаваць у апазыцыі, але не да начальства, а да бюракратычнага цывілізаванага жыцьця. Пэўна, ёсьць у беларускім сьветаглядзе анархісцкія ноткі.

Z: Тут мне прыгадваецца такі выпадак: калі людзей з чарнобыльскіх атручаных вёсак перасялілі ў бясьпечныя раёны й далі ім кватэры ў шматпавярховіках, дык яны, не разумеючы, як прыбіральня можа быць у кватэры, будавалі побач з гмахам звыклую для сябе драўляную шпакоўню й хадзілі да ветру на двор. У гэтым таксама выяўляецца супраціў гарадзкому, мэханізаванаму ладу жыцьця. Вельмі шмат партызаншчыны менавіта ў звычайным, штодзённым беларускім жыцьці.

...У тую восень аж да самога Новага году ў розных мясьцінах гораду зьявілася яшчэ каля двух дзясяткаў такіх вясёлых тумбачак. Адну зь іх знайшлі на досьвітку нават на плошчы перад камэндатураю. На некаторых тумбачках ляжалі якія-небудзь «падарункі»: пляшка гарэлкі «Белая Гусь», напрыклад, альбо далікатэсная рыба піраноя, якую гадавалі ў вадасховішчы Дразды за Менскам для кухні самога генэральнага камісара (на левым баку гэтае рыбы, падобнай да ляшча, узор на лусцы нагадвае чорную зорку, а на правым — чырвоную свастыку)…

Y: Сучаснае мастацтва існуе тут, па сутнасьці, таксама ў нейкіх нелегальных умовах. Нашыя калегі нагадваюць уладам і нават самім сабе дывэрсантаў, закінутых з Захаду, каб зьмяніць тутэйшую культурную сытуацыю.

Z: Так, ёсьць шмат падобнага ў партызанскім сьветаглядзе й сучасным мастацтве, асабліва — беларускім. Было б добра, каб усе невялікія партызанскія групы злучыліся ў адзіны фронт, зь якім мусіла б лічыцца дзяржава.

Але калі дзяржава будзе падтрымліваць і арганізоўваць экспэрымэнтальнае мастацтва, дык яно ўжо, баюся, паціху-патроху пакіне быць экспэрымэнтальным, а станецца афіцыёзным.

Y: У іншых краінах Эўропы дзяржава падтрымлівае любое мастацтва, а ў нас — толькі карыснае для яе самой. Там людзі лепш ведаюць мастацтва, лепш адукаваныя. Я нядаўна езьдзіў у Беласток, выступаў там у галерэі Arsenal на сэмінары сучаснага мастацтва для настаўнікаў. У Польшчы цяпер адбываецца рэформа школы й усіх выкладнікаў гуманітарных дысцыплінаў абавязваюць прайсьці курсы павышэньня кваліфікацыі, якія прадбачліва ўлучаюць і заняткі з сучаснага мастацтва. На гэтым сэмінары настаўнікам нават давалі заданьне самім ладзіць пэрформансы, ляпіць нешта авангардовае з гліны, маляваць, займацца на кампутары відэаартам. Ня ўсе выкладнікі, вядома, былі ў захапленьні ад сучаснага мастацтва, але пасьля такога сэмінару яны ўжо з разуменьнем паставяцца да авангардовых пошукаў і, галоўнае, навучаць дзяцей гэта ўсё хаця трохі разумець. Напэўна, нам некалі таксама давядзецца ісьці па гэтым шляху — вэрбаваць на свой бок школьных настаўнікаў.

Z: Я думаю, галоўнаю падтрымкай для сучаснага мастацтва будзе цывілізаваны палітычны лад у краіне й эканамічнае разьвіцьцё — гэта б ужо спрыяла развою культуры ўва ўсіх яе праявах.

…Бомбы ў тумбачках былі зладжаныя такім чынам, што выбухалі нават ад нязначнага зруху. У горадзе ўсе толькі й гаварылі пра іх ды пра таямнічы подпіс «ГМВ». Дзіўна, але я ўсю восень ня ведаў, хто быў аўтарам гэтых «інсталяцыяў». І толькі на сьвяткаваньні Новага году ў адной партызанскай брыгадзе я, нарэшце, даведаўся імёны тых герояў-жартаўнікоў…

Y: Як ты лічыш, падпольнае мастацтва небясьпечнае для беларускіх уладаў? Ці ўяўляем мы зь сябе нейкую сілу?

Z: Калі ты апалітычны, дык палітычныя сілы будуць карыстаць з гэтай тваёй апалітычнасьці для рэалізацыі сваіх мэтаў. Ёсьць, напрыклад, FM-радыё — ВА, «Альфа», Unistar ды інш. Вось, здавалася б, забаўляльныя станцыі, там палітыкі няма — музыка, музыка, музыка. Але нават калі ты проста займаесься музыкай, і калі ўлада дазваляе табе тыражаваць расейскую ці заходнюю папсу, і калі ты можаш зарабляць на рэкляме сабе грошы, дык атрымліваецца, што й улада табе дапамагае жыць, і ты ўладзе дапамагаеш жыць. Ты ня лезеш у палітыку, не паведамляеш, што кагосьці незаконна пасадзілі ў турму, а распавядаеш, хто далей плюнуў і хто каго закідаў пончыкамі на чэмпіянаце сьвету.

А падчас твайго этэру неабыякавых да лёсу ўласнай краіны людзей зьбіваюць у пастарунках. Сама ўлада стварыла такую сытуацыю, што апалітычным быць немагчыма.

Y: Наконт журналістыкі твая думка зразумелая, а што ў мастацтве?

Z: Я чуў такое меркаваньне, што вось былі за савецкім часам мастакі, якія малявалі Леніна й Сталіна, камуністычна-партыйныя карціны, — дык яны служылі савецкай уладзе, а тыя мастакі, што малявалі родныя краявіды, — не служылі. Я думаю, што прыслужвалі аднолькава й тыя, і гэтыя. Дзяржаве было дастаткова, каб ты ня лез у палітыку: калі ня можаш прыгожа намаляваць Леніна, дык малюй родныя бярозкі, гэта таксама будзе на карысьць савецкай уладзе. Тое самае бачым і сёньня. Нават калі авангардысты дэкляруюць сваю апалітычнасьць, улада ўсё адно ставіцца да іх насьцярожана, бо шануе толькі мутацыі псэўданароднага савецкага стылю.

Экспэрымэнты нашых мастакоў — як, напрыклад, працы Васільева, Сазыкінай, Русавай, Залознай — могуць успрымацца ўладаю варожа, нават калі яны ня маюць відочнага палітычнага зьместу. Пакуль што ўлады «не заўважаюць» сучаснага мастацтва, як быццам яго й няма.

…Высьветлілася, што двух з патрыётаў, якія трымалі ў жаху сваімі тумбачкамі ўсіх фашыстаў гораду, я ўжо добра ведаў. Гэта былі Міхал Крошнер (кампазытар, аўтар славутых «Беларускіх сымфанічных танцаў», а цяпер — гаспадар сеткі мэбляваных явачных кватэраў) і колішні саліст Опэрнага Тэатру Ізраіль Балотны. Перад вайною яны былі, можна сказаць, кумірамі менскіх тэатралаў…

Y: Хто з нашага асяродзьдзя сёньня найбольш палітычна ангажаваны? Алесь Пушкін, напэўна?

Z: Але…

Y: У тваім мастацтве таксама сустракаюцца палітычныя ідэі, толькі ты ня так выразна артыкулюеш іх, як Алесь. Вось, напрыклад, тая ж інсталяцыя «Сходы» ў Варшаве (праекцыя кадраў парнаграфічнага тэлеканалу на згублены гаспадарамі абутак). Я так адразу й не падумаў, што ты зрабіў яе пад уражаньнем ад душагубкі на Нямізе.

Z: Катастрофу на Нямізе я ўзгадаў, толькі калі інсталяцыя была ўжо гатовая. Гэта мэтафара нашага жыцьця наагул. Трагічная падзея на Нямізе — ня столькі канкрэтны факт гісторыі, колькі праява нашай адвечнай бяды: людзі ня бачаць, куды яны ўсё жыцьцё бягуць, і душаць натоўпам тых, хто спыніўся ці спатыкнуўся.

Y: У нас людзі нават паміраюць не самі па сабе, а калектыўна, пад музыку.

…Пазнаёмілі мяне й з вынаходнікам «тумбачкі з сакрэтам» Хаімам Суціным. Гэты вельмі прывабны рудаваты чалавек зь вялікім пачуцьцём гумару да вайны працаваў у мясанарыхтоўчай канторы ў Сьмілавічах. У брыгадзе іх называлі не інакш як Гог, Магог і Вангог. Ізя сказаў, што гэта ён прапанаваў так іх называць. Партызаны, у бальшыні сваёй, былі, канечне, людзі простыя й ня ведалі, што значаць гэтыя нетутэйшыя імёны. Дый не было ў іх часу задумвацца пра такія рэчы…

Z: Вельмі важна разьлічыць так, каб не пераскочыць з мастацтва ў голую палітыку. Зрэшты, гэта залежыць ад мастака: можна абраць менавіта такі кірунак, такую мэту. Наагул, магчыма, мастак зоймецца палітыкай, і ў ягоных палітычных акцыях будзе шмат мастацтва.

Сёньня галоўнае — не скарыцца калгаснаму салёну, а заўтра… ня ведаю, што там будзе… У любым выпадку — не скарыцца чарговай акупацыі.

...Ува ўсёй гэтай задуме з тумбачкамі было штосьці карнавальнае, напачатку сьмешнае, а потым жудаснае. Літары ГМВ яшчэ не аднойчы зьяўляліся на сьценах акупаванага гораду як магічны сымбаль помсты, як назва таямнічага выдавецтва на цагляных кнігах лёсаў.

* У тэксьце скарыстаныя матывы апавяданьня Ігара Цішына «Гог і Магог». Фотасэрыю Ігара Цішына «Лёгкі партызанскі рух» можна паглядзець ТУТ

Гутарыў Юрась Y

Фатаграфіі ©  Ігар Цішын

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкула выкарыстоўваньне аўтарскага візуальнага матэрыяла забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology