«Sypemeda» \ «pARTisan» #23 \ …

 

ІРЫНА ГЕРАСІМОВІЧ, перакладчыца, арт-мэнэджэрка

Адзначу, па-першае, выставу Тоні Слабодчыкавай «Яно тут» (Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Менск, сакавік). Гэта праект, што закранае экзыстэнцыйныя пытаньні, якія мяне асабіста вельмі хвалююць. Прычым Тоня робіць гэта на вельмі высокім узроўні, выказваючы пры дапамозе візуальнасьці тое, што не паддаецца словам. Па-другое, узгадаю «Пэрсанальны манумэнт» Міхаіла Гуліна  (Менск, кастрычнік). Для мяне асабіста гэты праект зрабіў бачнымі шматлікія праблемы, што існуюць у нашай арт-супольнасьці й увогуле сацыяльнай прасторы.

Важнай для мяне й, спадзяюся, ня толькі, сталася летняя тэатральная беларуска-швэйцарская школа «Sypemeda» (Тэатар беларускай драматургіі, Менск, жнівень). Гэта былі два тыдні, цягам якіх людзі з розных культурных кантэкстаў вельмі сумленна й аддана працавалі над агульнымі ідэямі. Мяне вельмі захапіла, што я мела магчымасьць назіраць за гэтым і ўдзельнічаць. Важна, што сувязі з нашымі швэйцарскімі партнэрамі не згубіліся: Сашу Марчанка з пэрформансам «Леа і Максім» і Артура Клінава з пэрфарматыўнай экскурсіяй па Бэрне запрасілі на  фэстываль пэрформансу «Bone».

Ну і адзначу выхад «pARTisan» № 23 пра пераклад. Наколькі мне вядома, упершыню ў Беларусі пераклад тэматызаваўся для шырокай грамадзкасьці. Для мяне як перакладчыцы гэта вельмі значная падзея. Прычым зроблена гэта з удзелам знакавых перакладчыкаў, што надае тэматызацыі асаблівую глыбіню.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology