КІМ ХАДЗЕЕЎ

Артур Клінаў, «Карл Маркс. Капітал» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Карл Маркс. Капітал» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Крапоткін» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Крапоткін» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Ніцшэ. Auswahlausgabe» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Ніцшэ. Auswahlausgabe» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Ленін. Сачыненьні» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Ленін. Сачыненьні» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Мао» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Мао» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Франц Кафка» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

Артур Клінаў, «Франц Кафка» \ Сэрыя «Тэксты», 1997

© pARTisan #19’2012. Друкуецца фрагмэнтамі

Легенда Менску

Кім Хадзееў, альбо проста Кім, — легендарны дысыдэнт і ўнікальны менскі інтэлектуал савецкіх часоў. Гэта «жывая энцыкляпэдыя», настаўнік многіх таленавітых юнакоў і дзяўчат, што, бы машкара, раіліся вакол яго на працягу 60-х —  90-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Скажу больш: імя «Кім» у тыя гады асацыявалася з цэлай школай, своеасаблівай Акадэміяй вольных мастацтваў. У кватэры, дзе жыў Кім, бесьперапынна таўкліся маладыя людзі абодвух палоў, пераважна 16–25-гадовага ўзросту, і сярод гэтага гармідару й тлуму кожнаму «будучаму генію» заўсёды знаходзіўся час для гутаркі з «Гуру» — Кімам Хадзеевым. Размовы вяліся на самыя розныя тэмы, калі не сказаць — на ўсе: пра старажытную паэзію й сучаснае мастацтва, пра палітычныя рэжымы Афрыкі й філязофскія сыстэмы антычнага сьвету, пра культ асобы Сталіна й Анжэлу Дэвіс… Моладзь цягнулася сюды — на Кісялёва, д. 17, кв. 24, — каб паспрачацца ці проста паслухаць Кіма, які, здавалася, ведаў усё.

Іронія лёсу: заўзятага антысаветчыка Кіма бацькі назвалі ў гонар Камуністычнага Інтэрнацыяналу моладзі (КІМ). У 20–30-я гады ХХ стагодзьдзя было модна даваць дзецям такога кшталту імёны: Ленінід, Ленінір, Рэўміра, Акцябрына, Мэлор (Маркс, Энгельс, Ленін) і нават Чалналдзін (Чалюскін на льдзіне).

Адкуль у звычайнага савецкага вартаўніка (вартаўнік — асноўная афіцыйная «пасада» Кіма) зьявіліся такія неабмежаваныя веды й магутны інтэлект, было ўсім вядома. З турмы! І звычайна «новенькаму» распавядалася наступная легенда ці быль.

У 1948 годзе, калі Кім быў студэнтам філфаку БДУ, пачалася знакамітая справа ўрачоў-шкоднікаў. Паўсюдна праводзіліся сходы працоўных калектываў, на якіх аднадушна выкрываліся злачынствы лекараў і прымалася прашэньне самым жорсткім чынам пакараць ворагаў народу. І вось у той гістэрычнай вакханаліі дружнага ляманту: «Укрыжуй яго!» — знайшоўся чалавек, які меў сваю асабістую думку і, больш за тое, яе выказаў! Гэта быў Кім Хадзееў.

На чарговым сходзе «па выкрыцьці ворагаў народу» ён узяў слова й проста з трыбуны заявіў: «Сталін — забойца, і не нявінныя ўрачы павінны быць пакараныя, а ён — Іосіф Сталін!»

За гэты шчыры заклік Кіму далі, здаецца, дзесяць гадоў сталінскага Гулагу, і з таго гістарычнага моманту пачаліся сапраўдныя «ўнівэрсытэты» будучага настаўніка моладзі. А скончыліся яны толькі з надыходам хрушчоўскай адлігі 1956 году.

Праўда, у 1962 годзе Кім зноў патрапіў у турму, у славутыя «Красты», але ўжо ненадоўга — усяго на два з паловай гады. Пэўны час Кім сядзеў у турме КДБ, якая месьцілася ў скляпеньнях будынку КДБ, што й цяпер добра ведамы менчукам, якія любяць хадзіць на Плошчу. Знаходзіцца гэтая знакамітая ўстанова побач з Цэнтральнай кнігарняй, што на праспэкце Незалежнасьці (у тыя часы — праспэкт Сталіна, потым — Леніна, і, нарэшце, перад апошнім перайменаваньнем — праспэкт Скарыны). Вось там і быў першы Кімаў «унівэрсытэт».

Ягонай базай зьяўлялася цудоўная бібліятэка, якая налічвала сотні тысячаў тамоў самай рознай літаратуры. Там можна было знайсьці кнігі, якія ў звычайныя бібліятэкі не траплялі ці былі пад забаронай. Доступ у кніжную скарбніцу КДБ быў адкрыты для вязьняў. А ўлічваючы, што часу ў зьняволеных было вельмі шмат, лёгка здагадацца, што кніжны фанат, якім быў Кім, знайшоў для сябе ўсё, што душа пажадае. Былы студэнт Хадзееў з галавой акунуўся ў скарбы бібліятэкі.

Кім згадваў таксама пра яшчэ адну крыніцу памнажэньня ведаў.

Гэтай крыніцаю былі многія сукамэрнікі, якія мелі на волі навуковыя ступені кандыдатаў і дактароў навук, знакамітыя навукоўцы, а таксама пісьменьнікі, мастакі й іншая творчая інтэлігенцыя.

Адным словам, Кім выйшаў на свабоду з самымі рознымі глыбокімі ведамі. Верагодна, адсутнасьць магчымасьці весьці больш-менш рэгулярныя запісы, дзёньнікі ва ўмовах турмы, а, мажліва, і прыродныя здольнасьці выпрацавалі ў яго звычку трымаць веды ня ў сшытках, а непасрэдна ў сваёй галаве. Як бы там ні было, але напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў Менску зьявіўся чалавек сярэдніх гадоў, які бязьлітасна паліў праз муштук «тэрмаядзерныя» цыгарэты «Памір» і лёгка даваў фору любой менскай багемнай тусоўцы самага высокаінтэлектуальнага кшталту.

Гэты чалавек выдатна разьбіраўся ў тэатры (дарэчы, знаны рэжысэр У. Рудаў пачынаў свой творчы шлях у «акадэміі Кіма»), цудоўна ведаў гісторыю паэзіі й саму паэзію, гісторыю Кітая, і гісторыю Тайваня, і, мусіць, гісторыю кожнай краіны. Ён выдатна арыентаваўся ў мадэрным мастацтве й мог прачытаць лекцыю пра творчасьць Поля Сэзана. Ён любіў пагаварыць пра Шапэнгаўэра й ня вельмі паважаў савецкага паэта Твардоўскага… Гэтым чалавекам быў Кім.

Была адна непрыемная акалічнасьць: інтэлектула Кіма ніхто не хацеў браць на працу, нават простым карэктарам у газэту. Але ж трэба было за нешта жыць, як ні круці, — на хлеб неабходна неяк зарабляць. І выйсьце знайшлося. Трэба сказаць, што такім людзям, як Кім, шлях у афіцыйную навуку быў наглуха закрыты. Аднак існаваў усё ж адзін «падпольны калідор». Кім, які сам ня быў «аступененым» навукоўцам, пасьпяхова пісаў дысэртацыі іншым! І за гэтую працу плацілі. Непрызнаны савецкі дысыдэнт Хадзееў пісаў за грошы дыплёмы й дысэртацыі ў самых розных галінах грамадзкіх навук.

Я пазнаёміўся з Кімам Хадзеевым недзе на пачатку 70-х гадоў. Да гэтага часу ён напісаў 11 кандыдацкіх і 2 доктарскія дысэртацыі, а таксама безьліч дыплёмаў, курсавых, рэфэратаў і іншай інтэлектуальнай прадукцыі. Гэта цяпер праз інтэрнэт можна ўсё гэта знайсьці й замовіць навуковую працу самага высокага роўню. У тыя ж часы мала хто мог зраўнавацца з Кімам па напісаньні дысэртацыяў, прынамсі, у Менску — ніхто.

Хоць левыя грошы за дысэртацыі былі не малыя, яны ўсё адно не забясьпечвалі спакойнае жыцьцё ў савецкіх умовах. Справа ў тым, што «самая перадавая ў сьвеце» сыстэма вымагала абавязковага працаўладкаваньня кожнага грамадзяніна СССР. Беспрацоўе прыраўноўвалася да дармаедзтва й каралася турэмным зьняволеньнем прыкладна на два гады. Таму Кім быў вымушаны мець афіцыйнае месца працы. Трэба было патрапіць у такую ўстанову, дзе заводзіцца працоўная кніжка, куды заносіцца запаветны ратавальны запіс: «Залічаны на працу…» Звычайна для людзей без кваліфікацыі — а менавіта да такіх належаў былы гулагаўскі вязень — стандартны запіс гучаў так: «Залічаны на працу ў якасьці вартаўніка».

Такім чынам, «вартаўнік» — гэта й была самая галоўная «спэцыяльнасьць» першага менскага інтэлектуала Кіма Хадзеева.

Казка й вэрмут

Кім пісаў Казку. Тэкст Казкі зьмяшчаўся ў звычайным вучнёўскім сшытку ў клетачку, пісаўся вельмі сьцісла — здавалася, што аўтар старанна эканоміць паперу. Магчыма, у гэтай «эканоміі» адбіваліся зэкаўскія атавізмы былога вязьня. Казка абмяркоўвалася прысутным колам маладых геніяў, і, магчыма, лепшыя «знаходкі» ў тым тэксьце — на рахунку «маладняка». Сам Кім быў надзіва не завідушчы, не амбіцыйны, сьціпла лічыў сябе чалавекам зусім ня творчым. Ён казаў: «Я гатовы аддаць сваё жыцьцё, каб напісаць хоць радок гэтак, як Мандэльштам ці Пастарнак».

Была ў Хадзееўскай «акадэміі» адна рыса, уласьцівая, відавочна, любой багеме — як у Савецкім Саюзе, так і ў цяперашнім «дэмакратычным» грамадзтве з ілюзорнай свабодай, — у Кіма ўвесь час пілі. Пілі «Вэрмут», «Агдам», «Залатую восень», «Водар садоў», азэрбайджанскі партвэйн… Пілі гарэлку, зуброўку, адэкалён «Тройной» і настойку араліі… Пілі ўсё, што гарыць.

І вынікі такога рэжыму жыцьця былі несуцяшальныя. Многія літаральна сьпіваліся, траплялі ў Навінкі на лячэньне ад алькагалізму, а то й ад іншых псыхічных захворваньняў. Некаторыя, пераадолеўшыя багну Кімаўскага раю, сталі вядомымі ў наш час літаратарамі й мастакамі. Аднак пераважнай большасьці ўжо даўно няма на гэтым сьвеце: яны сыйшлі, так і не зразумеўшы, што трапілі ў пастку алькагалізму, так прыгожа афарбаваную пад інтэлектуальныя дысыдэнцкія размовы й чытаньні «геніяльных» вершаў чарговай ахвяры зялёнага зьмея.

Цікава, што Кім, пракіраваўшы сваёй «акадэміяй» цягам некалькіх пакаленьняў «хлопчыкаў» і таксама ўжываючы алькагольныя напоі — і ня менш за многіх маладых, — сам ня стаў алькаголікам.

Працаголік

Кім ня быў алькаголікам. Але ён быў «працаголікам». Працаваў ён кругласутачна, зь перапынкам на сон. А часам, калі ўзьнікала тэрміновая патрэба, — то й безь перапынку: здаралася, ня спаў па некалькі сутак. Кватэра Кіма нагадвала офіс, там увесь час сноўдаліся нейкія людзі, прыходзілі, выходзілі. Але ніхто не заставаўся без увагі: гаспадар знаходзіў хвілінку, каб перамовіцца з кожным.

Аднак гэта толькі на першы погляд быў гармідар, напраўду жыцьцё Кіма й галоўных дзейных асобаў зь ягонага атачэньня было падпарадкавана нейкаму пляну, толькі ім вядомаму. І калі Кім браўся абмяркоўваць зь якім-небудзь паэтам — на той момант галоўным «мальчыкам» — новы верш генія, то яны гэта рабілі адасобіўшыся, у адзіным жылым вялікім пакоі кімаўскай кватэры, а астатнія пераходзілі на кухню, дзе звычайна расьпівалі віно альбо гарбату.

Бывала й наадварот: колькасьць гасьцей была досыць вялікая, і тады ім пакідалі «залю» — г. зн. той вялікі пакой, — а Кім і «дзяжурныя» хлапцы замыкаліся на кухні. Звычайна такі парадак вытрымліваўся ўвесь дзень і вечар. Потым, калі надыходзіла ноч, людзі, хто мог, разыходзіліся, але заўсёды нехта адзін або й не адзін заставаўся й начаваў — альбо на падлозе, альбо ў ложку, прычым немагчыма было зразумець, дзе сьпіць гаспадар, а дзе госьці.

Я наогул ня памятаю, каб Кім спаў, хоць я бываў у ягонай кватэры не адзін год. Здаралася, таксама заставаўся на ноч, але й скрозь сон чуліся інтэлектуальныя размовы пра літаратурныя навінкі альбо пра крызыс у Карыбскім моры.

Могуць запытацца: чым, акрамя расьпіцьця сьпіртавых напояў, займаўся я ў Кіма? Я ж быў чалавекам дакладных навук, а «Кімаўская акадэмія» была ўсё ж гуманітарнай. Мяркую, што адказ ня просты.

Але падаецца, што цягнула мяне туды нікому, нават мне, няведамае другое «Я», у якім жылі музыка, паэзія, беларуская старасьвеччына й любоў.

Сустрэчы з Кімам і іншымі людзьмі ягонага асяродзьдзя фактычна далі мне другую, гуманітарную, адукацыю.

Неяк я запытаў у чалавека ўнівэрсальных ведаў Кіма Хадзеева: «Што трэба прачытаць з сусьветнай літаратуры, каб быць усебакова разьвітай асобай?» Ён мне склаў адмысловую праграму, ажыцьцявіць якую можна было гады за два. І я яе выканаў! Там, у гэтым літаратурным сьпісе былі адзначаныя творы сусьветнай літаратуры, клясычныя шэдэўры, бязь веданьня якіх немагчыма ўявіць сабе адукаванага чалавека, прынамсі, на мой погляд. Панарама літаратурных геніяў была досыць шырокая: ад антычных паэтаў Вэргілія й Авідыя да сучасных рускіх пісьменьнікаў Бялова й Распуціна ды нашага беларускага клясыка Васіля Быкава.

Бывала, што ведаў Кіма ўсё ж не хапала, каб напісаць нейкую чарговую дысэртацыю ці артыкул. Тады ён ішоў у бібліятэку Акадэміі навук. Я, як асьпірант, там таксама часта бываў. І калі мы выпадкова сустракаліся, то распачыналі гутарку, а акадэмічны народ у гальштуках і акулярах дзівіўся такому знаёмству.

Дзіва было сапраўды незвычайнае: ня часта ўбачыш у бібліятэцы сапраўднага бамжа — немаладога чалавека ў падзёртым швэдары, калматага й прапахлага самымі таннымі цыгарэтамі «Памір». Гэтым бамжом быў Кім.

На крылах эфэдрыну

Як я ўжо казаў, Кім зарабляў сабе на жыцьцё пісаньнем рознага кшталту навуковых трактатаў, памеры якіх сягалі доктарскіх дысэртацыяў. Калі ён браўся за замову, то парадак дня перайначваўся самым радыкальным чынам. Перапынак на сон адмяняўся, і працоўны графік разьмяркоўваўся на круглыя суткі, прычым такіх сутак магло быць і тры, і пяць, і больш.

Як вытрымаць некалькі бяссонных сутак і пры гэтым бесьперапынна працаваць, прычым працаваць творча, зь вялікай інтэлектуальнай нагрузкай?

Мне, маладому асьпіранту Інстытуту фізыкі АН БССР, гэта было не зразумела. Сам Кім казаў нешта пра допінг — на мой погляд, даволі сумніўны. Выкарыстоўвалася дзіўная камбінацыя рэчываў — гарэлка й эфэдрын. Ну, зь першым рэчывам я быў добра знаёмы, але, каб выкарыстоўваць гарэлку як сродак супраць засынаньня, — пра такое я ніколі ня чуў. Што тычыцца эфэдрыну, то я ведаў адно: гэта нейкія кроплі для закапваньня ў нос пры насмарку. Але аднойчы мне давялося самому праверыць кімаўскі мэтад напісаньня навуковых працаў.

Было гэта так. Увесну 1973 году надыходзіў час заканчэньня першага году навучаньня ў асьпірантуры. Я меўся здаваць іспыты так званага кандыдацкага мінімуму, у тым ліку па філязофіі. Для доступу да іспыту трэба было напісаць рэфэрат па пэўнай філязофскай тэме, блізкай да абранае спэцыяльнасьці. Як цяпер памятаю, мая тэма была «Прынцып прычыннасьці ў квантавай мэханіцы».

Нечакана ў мяне зьявілася думка: а што калі гэты рэфэрат напісаць з Кімам, праверыць ягоны славуты мэтад «мазгавога штурму» цягам бяссоных начэй на крылах гарэлачна-эфэдрынавага стымулятару. Сказана — зроблена. Распавёў Кіму, быццам ніяк не магу напісаць рэфэрат па філязофіі, а часу ўжо няма, маўляў, выручай. Той пагадзіўся й папрасіў, каб я загадзя прынёс яму некалькі базавых кніг па праблематыцы рэфэрату. Як гуманітарый, Хадзееў фізыкі ня ведаў, але як вольны мысьляр шмат чаго мог сказаць наконт філязофскіх праблемаў той жа фізыкі. Так што можна было брацца за працу. Так і зрабілі.

За пару дзён да старту эпахальнага экспэрымэнту я даў Кіму штук 5–7 кніжак, пару часопісаў кшталту «Успехов физических наук», а ён прызначыў час сустрэчы. Былі абраныя адны з сутак дзяжурства Кіма Хадзеева на прадпрыемстве, дзе ён працаваў вартаўніком. У прызначаны час я прыйшоў да Кіма дадому. Адразу кінулася ў вочы, што на адзіным працоўна-абедзенным стале гаспадара ляжалі мае кнігі — відавочна прапрацаваныя, бо з-пад старонак тырчэлі шматлікія папяровыя стужкі-закладкі. Кім дастаў пачак таблетак з надпісам «Эфэдрын» і сказаў: «Зараз я прыму палову пачка, каб яны разыйшліся, покуль мы прыедзем да прадпрыемства. Ты як чалавек непрывучаны можаш зьесьці для пачатку няшмат — 5–6 таблетак». Так і зрабілі.

Празь некалькі хвілінаў я адчуў, што паміраю. Сэрца моцна закалацілася, перад вачыма паплылі нейкія ружовы кругі, настаў момант незвычайнага ўзбуджэньня, якое межавала са стратай прытомнасьці. «Хутка гэта пройдзе, — запэўніў мяне Кім, — да эфэдрыну трэба прызвычаіцца, ты яшчэ малады. Не, варта было пачынаць зь дзьвюх-трох таблетак, а не з шасьці», — дадаў ён, гледзячы на мой пазелянелы твар.

…А 20-й гадзіне мы былі на месцы працы Кіма. «Дзяжурства здаў, дзяжурства прыняў», — сказалі адзін аднаму папярэдні вартаўнік і новы, і мы распачалі працу.

Кім адразу паставіў наступную ўмову: не ўступаць ні ў якія дыскусіі — ён дыктуе, а я толькі запісваю. Дасталі патрэбныя кнігі з закладкамі, пачалі працаваць.

— Прынцып прычыннасьці быў распрацаваны яшчэ ў антычных філязофскіх школах Арыстафана, Эмпэдокла й Арыстоцеля… Не пасьпеў я пераварыць першы паток інфармацыі, як Кім перайшоў на новы ўзровень тэрмінаў ужо з галіны тэарэтычнай фізыкі: — …Але прынцып дадатковасьці Бора нанёс удар па дэтэрміністычных уяўленьнях…

Гучала даволі пераканаўча, і я зьдзівіўся, адкуль ён, гуманітарый, ведае пастуляты квантавай мэханікі, прынамсі, у фізычнай частцы рэфэрату ніводнай відавочнай памылкі не было зроблена.

Ледзь пасьпяваў я за «дыктарам» запісваць фактычна гатовы тэкст свайго рэфэрату. Рука замлела, галава наагул перастала «варыць».

— Што, стаміўся? — заўважыў Кім. — Даставай гарэлку. Дастаю загадзя купленую пляшку «Сталічнай». — Налівай па 100 грамаў, — камандуе Кім. Выпілі мы, і гляджу — стомленасьць мая адыходзіць, галава праясьнілася. Сапраўды, можна пісаць з новымі сіламі.

Што мы й рабілі даволі пасьпяхова на працягу наступных дзьвюх гадзінаў. Кім зноў прыклаўся да эфэдрыну й запіў яшчэ ста грамамі гарэлкі. Я абмежаваўся толькі гарэлкай: занадта сьвежыя былі ўспаміны пра нядаўні прыём гэтых «лекаў». Ноч цягнулася роўна, на стол штохвіліны мэтадычна клаліся сьпісаныя лісткі з маім рэфэратам. Да раніцы, гадзінаў, здаецца, да сямі ўсё было скончана. 45 старонак рэфэрату роўненькім стосам узвышаліся ў самым цэнтры стала.

— Усё! — падсумаваў Кім. — Можна ісьці дадому. Акурат дзяжурства скончылася. Пачалі зьбірацца. Я, малады хлопец, — ледзь на нагах. Кіму — хоць бы што. Папыхвае сваім «Памірам», быццам бы ўсю ноч спаў і толькі прачнуўся, поўны сіл. Мой выгляд, дарэчы, быў такі змораны, што ў аўтобусе, які вёз нас дадому, нейкія дзяўчаты саступілі месца ня Кіму, а мне…

Эпілёг

Кім пражыў больш за 70 гадоў, а гэта нямала пры такім не курортным ладзе жыцьця. Ніколі ня кідаў піць і паліць свае любімыя цыгарэты «Памір». Апошнія гады ягонага жыцьця мне ня надта вядомыя, бо 90-я занесьлі мяне вельмі далёка ад «Кімаўскай акадэміі», хоць у падсьвядомасьці часам прабівалася думка: «Трэба наведаць Кіма». Але яна не рэалізавалася.

Праз сваіх сяброў я ведаў, што ў Кіма ўсё па-ранейшаму: зьявіліся новыя «мальчыкі», а некаторыя з старых атрымалі статус вечных.

Усё жыцьцё Кім пісаў сваю знакамітую Казку. Ня ведаю, ці скончыў ён яе. Мяркую, што не, бо ніхто нічога мне пра гэта не распавядаў. Можа, хтосьці ўсё ж мае той знакаміты рукапіс у вучнёўскім сшытку ў клетачку й некалі наважыцца надрукаваць яго. А можа, Кім спаліў Казку, як некалі Гогаль другі том сваёй нясьмяротнай паэмы.

Антон Кулон

Фатаграфіі © Артур Клінаў

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology