Пераможцы прэміі «Дэбют»

Гурт «Рэха» ў цэнтры сучаснага літаратурнага працэсу

Ганна Янкута другі год запар атрымлівае прэмію

21 сакавіка ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбылася цырымонія ўручэння прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Прэмія «Дэбют» была заснавана тры гады таму і ўручаецца маладым літаратарам-навічкам у трох намінацыях: «Паэзія», «Проза» і «Мастацкі пераклад».

Лепшы пераклад сярод дэбютантаў зрабіла Ганна Янкута, прэмію яна атрымала за электронную кнігу Чарлза Дыкенса «Калядны харал». Летась яна ж у складзе рэдакцыі перакладнога часопіса «Прайдзісвет» была сярод пераможцаў таксама намінацыі «Мастацкі пераклад».

Лепшай сярод маладых празаікаў стала нечакана Юлія Шарова з самай вялікай кнігай сярод усіх намінантаў «Don Giovanni, альбо памілаваны свавольнік». Фаварытам для некаторых быў Андрэй Пакроўскі з маленькай кніжачкай пра тое, як ён перастаў верыць у Дзеда Мароза. Таксама сярод намінантаў была і студэнтка ЕГУ Ксенія Шталянкова з першай часткай гістарычнай трылогіі раманам «Адваротны бок люстра».

Сюрпрызам вечару стала спецпрэмія «Нечаканка году альбо крэатыў году», якую атрымаў журналіст Глеб Лабадзенка за хэнд-мэйд дапаможнік па беларускай мове «Дзіцячая ЗаМова».

Лепшымі вершамі 2012 году сталі дзёрзкія вершы з мацюкамі Андрэя Адамовіча, зрэшты ўся нецэнзуршчына ў кнізе была замененая на болей мілагучныя словы. Сярод намінантаў былі таксама маладыя паэткі Наста Манцэвіч за кнігу «Птушкі» і Кацярына Макарэвіч «Соль і неспакой».

Падрабязней прачытаць пра цырымонію, а таксама паглядзець фотарэпартаж можна на Generation.By.

Крыніца і фотаздымкі \ generation.by


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology