Рамонт на балоце ў адной дзеі з мноствам эпізодаў

«РАМОНТ» («X-TРAДЫЦЫЯ»), рэж. В.Іназемцаў

«РАМОНТ» («X-TРAДЫЦЫЯ»), рэж. В.Іназемцаў

«РАМОНТ» («X-TРAДЫЦЫЯ»), рэж. В.Іназемцаў

«РАМОНТ» («X-TРAДЫЦЫЯ»), рэж. В.Іназемцаў

«РАМОНТ» («X-TРAДЫЦЫЯ»), рэж. В.Іназемцаў

«РАМОНТ» («X-TРAДЫЦЫЯ»), рэж. В.Іназемцаў

«РАМОНТ» («X-TРAДЫЦЫЯ»), рэж. В.Іназемцаў

У красавіку менскі глядач меў магчымасць убачыць спектакль «X-TРAДЫЦЫЯ» пластычнага тэатра «ІнЖэст» Вячаслава Іназемцава. У пастаноўцы прымалі ўдзел берлінскія акцёры. У кастрычніку ў межах Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Тэарт» «ІнЖэст» зноў паказаў гэты спектакль пад назвай «Рамонт».

Дзеянне адбываецца ў глядзельнай зале, а гледачы знаходзяцца на сцэне. Такая дыслакацыя, пазіцыя наадварот акцёра / гледача, не ўпершыню выкарыстоўваецца ў пастаноўках інжэстаўцаў. «Адны з нас як прыём зноў працуе — усё тое, што адбываецца там, прымяраецца гледачом.

У глядзельнай зале адбываецца рамонт. На працягу ўсяго дзеяння працоўныя ў спяцоўках уключаюць электрадрэль, пераносяць інструменты, лесвіцы, сыходзяць у цень, а часам выходзяць на пярэдні план. Крэслы ў глядзельнай зале, дзе знаходзяцца акцёры, зацягнутыя ахоўнай напаўпразрыстай плёнкай. Артысты чакаюць пачатку дзеяння: хтосьці спіць, маладая пара цалуецца, нехта чытае газету, гаворыць па тэлефоне.

Час расцягваецца да невыноснай крытычнай кропкі — паступова святло і гук уступаюць у гульню, змяняючы структуру прасторы. Адбываецца метамарфоза: дзейныя асобы пераходзяць у стан іншых істот і ныраюць пад гэтую ахоўную плёнку, падсветленыя то сінім, то зялёным святлом. Выгляд плёнкі таксама змяняецца, ператвараючы глядзельную залу ў іншы свет, фантастычны і вядомы адначасова. Чвяканне, булькатанне, лясканне дапамагаюць успомніць вобраз балота, падобнага да соцыуму.

Гэтае балота з яго рухам, гукамі і атрутным зялёным, практычна кіслотнага адцення, колерам таксама з’яўляецца дзейным персанажам, як і рамонт з яго спадарожнымі характарыстыкамі: гукамі і прыладамі.

Дзейныя асобы апускаюцца ў балота, з нетраў якога з’яўляецца постаць чалавека з тычкай на плячах. Чалавек нагадвае Ісуса, які нясе крыж на Галгофу. Вось толькі гэты Ісус ідзе па балоце, як па мінным полі, асцярожна намацваючы бяспечнае месца.

Балота — месца, якое нясе небяспеку, але ў той жа час да яго можна неяк прыстасавацца і выжываць.

Ідэя жыцця / смерці асабліва пераканаўчая ў эпізодзе рытуальнага танца Цяжарных Баб. Курчачыся ў перадродавай сутаргах, яны выпускаюць з сябе нешта ў гэтую чвяклівую масу балота, з якога яны самі выйшлі і куды вяртаюцца. І гэта зусім не падобна да гімна нараджэнню новага жыцця, хутчэй, гэта жудаснае прадчуванне чагосьці чужога, iншага.

Мёртванароджаныя істоты, ад якіх нібыта пазбаўляюцца, становяцца сімвалам страты мацярынства.

Каморнік-аграном у гарнітуры і саламяным капелюшы, з чамаданчыкам у руцэ адмярае метраж балота. Ён быццам спрабуе неяк упарадкаваць дзікі балотны свет, які не паддаецца цывілізацыі. Але жыхары не прымаюць дабрачыннасці і топяць яго ў балоце. Зноў нічога не мяняецца.

Асобна варта згадаць эпізод «Мужчына і Жанчына», які быў ініцыяваны берлінскімі акцёрамі і ўплецены ў канву спектакля рэжысёрам. Праўда, нямецкія «балотныя людзі» выглядаюць больш цывілізаванымі, а гэтая сцэна падобная да трыераўскага псіхааналізу з элементамі акрабатычных трукаў.

Пасярод балота Мужчына чытае кнігу, а Жанчына падбіраецца да яго з газавай лямпай у руках. Яна хоча адарыць яго Святлом, у якім, як ёй здаецца, ён мае патрэбу. Але Мужчына цалкам засяроджаны на сваім занятку. Тады яна залазіць на яго спіну: быць разам любым коштам, нават калі гэта выклікае няёмкасць. Але ён працягвае чытаць, згінаючыся пад ношай. Гук самалёта, што ляціць недзе высока, адцягвае ўвагу Жанчыны, яна нібы ўслухоўваецца ў сябе.

Не заўважаючы яе адсутнасці (зрэшты, як і прысутнасці), Мужчына нырае ў балота. Яна цяпер адна, як амела-паразіт без дрэва-донара, і ёй не застаецца нічога іншага, як рушыць следам за ім.

Апакаліптычна трагічная сцэна, калі з балота вынырвае вяселле: жаніх з нявестай, госці. Яны скачуць, б’юцца, цалуюцца, весела і напаказ. Разухабістыя песні і крыкі раптоўна змяняюцца пустэчай, якую больш немагчыма запоўніць народнай культурай. Сцэна Купалля агаляе вар’яцкі мікс псеўдатрадыцый, калі дзяўчаты ў вяночках і вышытых кашулях механічна і разгублена рухаюцца пад народныя напевы. Яны ўжо не разумеюць, да чаго ўсё гэта — і гламурна надзяваюць вяночак на нагу, як падвязку ў амерыканскіх вясельных камедыях, потым здымаюць і пускаюць па хвалях балота, каб пасля самім знікнуць у ім.

Некалькі разоў у свет Балота ўрываецца надрыўны гук самалёта. Ён вабіць і прыцягвае балотных людзей. Але гэтая падзея нічога не тлумачыць і нічога не значыць для іх. А калі з глыбінь з’яўляецца перыскоп падводнай лодкі, кантакту зноў не атрымліваецца. Падводнага прышэльца «забіваюць» драўлянымі каламі.

Ён жа — незразумелы, чужы, і лепш, каб яго зусім не было, каб у звыклым свеце нічога не змянялася.

Драўляныя жэрдкі — прылада балотных жыхароў. Імі спрабуюць здабыць рыбу, топяць блізкага, абмацваюць багну. Жэрдка можа быць крыжам і аднойчы ператварыцца ў зброю.

Спачатку стыхіі Балота і Рамонту не спрачаюцца і не адмяняюць адна адну: чвяканне і свідраванне, памяранцава-сінія спяцоўкі і зеляніна багны. Але раптам суіснаванне Балота і Рамонту парушаецца. Балотныя жыхары распачынаюць вайну з рамонтнікамі-рабочымі, але бунт балотных мас задушаны. У фінале акцёры запаволена, нібы зомбі, цягнуцца да гледачоў. Іх ашклянелыя вочы поўныя пустога захаплення, а з іх вуснаў лезуць тканевыя кветкі. Яны літаральна адрыгваюць гэтыя фальшывыя ружы.

…І раптам адчуваеш датычнасць да гэтай трагікамедыі пад назвай «Людзі на балоце».

Ала Шарко. Пераклад на беларускую.

Фота © Дзмітры Веляскевіч. Больш фота  ТУТ.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology