2013: Пашырэнне арт-тэрыторыі

ВАЛЯНЦІНА КІСЯЛЁВА, куратарка, арт-дырэктарка Галерэі «Ў»

ВАЛЯНЦІНА КІСЯЛЁВА, куратарка, арт-дырэктарка Галерэі «Ў»

21

Прэзентацыя кнігі-каталога «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых» / фота kyky.org

Дыскусія ў межах праекту «У межах уласнага “я”: мастак-калекцыянер у Беларусі» / фота В.Шчарбакова

Дыскусія ў межах праекту «У межах уласнага “я”: мастак-калекцыянер у Беларусі» / фота В.Шчарбакова

Праект «Піянерская вытрымка» / фота В.Шчарбакова

Праект «Піянерская вытрымка» / фота В.Шчарбакова

COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў і герояк!

Зразумела, адзначу адкрыццё «ЦЭХа». Я радая, што з’явілася яшчэ адна альтэрнатыўная прастора, дзе могуць праходзіць выставы, івенты. Гэта ўжо пашырэнне нашай арт-тэрыторыі. Шкада, што «ЦЭХ» пакуль не працуе як галерэя, магчыма, яны яшчэ зменяць сваю пазіцыю.

Але мне падаецца, што вызначэнне пэўнай стратэгіі праекта асабліва важна для нашага кантэксту, дзе відавочна не хапае разнастайных поглядаў, у тым ліку на мастацтва.

Адзначу таксама працу Музея сучаснага мастацтва. Там з’явіліся новыя маладыя супрацоўнікі, і як вынік — цікавыя выставы Уладзіміра Лапо, Вольгі Сазыкінай, праект «RussiaNextDoor» мастакоў з Калінінграда. Адбылася прэзентацыя кнігі-каталога «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых». Гэта спроба не толькі паказаць, але задакументаваць — то бок менскае арт-дзесяцігоддзе зафіксаванае ўжо ў тэкстах.

Калі казаць пра дзейнасць Галерэі «Ў», я б адзначыла некалькі рэчаў. Па-першае, такую тэндэнцыю, якая становіцца для нас ужо правілам: кожны год прэзентаваць маладога мастака. Быў А.Р.Ч., у мінулым годзе — Аляксей Талстоў, у гэтым плануем зладзіць персанальную выставу Яўгена Шадко.

Па-другое, нашай пастаяннай практыкай становіцца ладзіць вакол выставы суправаджальныя мерапрыемствы. Замацавалася ў нас форма аўтарскіх экскурсій па экспазіцыі. Гэта важна, таму што такім чынам мастак выказваецца не толькі візуальнай мовай, але непасрэдна размаўляе з публікай. І я радая, што кожны раз збіраецца даволі шмат людзей. Праводзім у межах праектаў дыскусіі, прысвечаныя непасрэдна выставе альбо тэмам, якія выстава закранае.

Важным, на мой погляд, стаў праект «У межах уласнага “я”: мастак-калекцыянер у Беларусі», які ўзняў важную для нашага кантэксту праблему калекцыянавання. У межах выставы прайшоў круглы стол з маладой беларускай бізнес-элітай,

і сталася відавочна, што такі дыялог патрэбны абодвум бакам: мастакам і людзям, якія, магчыма, яшчэ не зусім разумеюць, як можна калекцыянаваць сучаснае мастацтва, але хацелі б.

Я думаю, мы будзем і далей працаваць з гэтай тэмай.

Яшчэ за год у нас здарыліся чатыры праекты з Літвой. У гэтым годзе амбасадарам Літвы ў Беларусі стаў Эвалдас Ігнатавічус, і дзякуючы яго асабістай любові да мастацва — ён сам паэт, перакладчык вершаў — у нас сапраўды атрымалася плённае супрацоўніцтва. Адзін з праектаў — выставу Адама Глобуса і Вольгі Сазыкінай — мы зладзілі ў Літоўскай амбасадзе.

Цікавым, у тым ліку асабіста для мяне, атрымаўся праект «Піянерская вытрымка», ініцыятарам і куратарам якога выступіў Дзіма Вайноўскі. Гэта зноў жа выдатны прыклад калектыўнага праекта. Прайшло шмат рознага кшталту мерапрыемстваў, таму тэма прагучала дастаткова шырока. Дарэчы два аб’екты — скульптуры піянераў — я прапанавала Дзіме ўсталяваць на заднім дворыку Галерэі. Магчыма, гэта стане нашай трыдыцыяй, і некаторыя фрагменты выставаў будуць пераносіцца туды, утвараючы такі міні-парк.

А магчыма, калісьці гэта ўсё пераедзе ў гіганцкі арт-парк.

 COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!


  1. Гость:

    Похвала Музею современного искусства звучит как-то уж снисходительно. С плеча.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology