Забарона праекта «Чарнобыль» у Брэсце

6 сакавіка Брэсцкі тэатр «Крылы халопа» упершыню павінен быў прэзентаваць беларускай публіцы дакументальны праект «Чарнобыль». Планаваліся паказ спектакля, дыскусія з удзелам запрошаных экспертаў і выстава дзіцячага малюнка на тэму «Чарнобыль».

5 сакавіка на генеральнай рэпетыцыі трупе паведамілі, што спектакль адмяняецца ў сувязі з рамонтам, які павінен пачацца заўтра. Мерапрыемствы, запланаваныя на 8 сакавіка ў Цэнтры культуры, пры гэтым не адмененыя.

charnobyl

У аддзеле ідэалагічнай працы, працы з моладдзю і культуры тэатру далі тлумачэнні, што «спачатку рамонт, на які, ды і грошай некалькі гадоў не было, але вось знайшліся, а потым спектакль. Але не адразу. Спачатку вы павінны паказаць яго камісіі, атрымаць акт прыёму і тады паказваць яго публіцы».

Апошні спектакль «Крылы халопа» «Трусы» па п’есе П.Пражко быў забаронены камісіяй у снежні 2012 года. Трупа не сумнявалася, што тая ж доля напаткае і «Чарнобыль», праблематыка якога значна вастрэй. Таму адмовіліся ўдзельнічаць у фарсе, дзе культурныя функцыянеры горада збіраюцца нібыта ў мастацкіх мэтах і забараняюць спектаклі па палітычных матывах.

Калектыў тэатра трактуе сённяшні «перанос спектакля з-за рамонту» як завуаляваную забарону.

І заяўляе, што ў чарговы раз у Беларусі цэнзура забараніла выказванне, якое можа быць чымсьці нязручным існуючай сістэме. Праект «Чарнобыль» быў паказаны да гэтага ў Даніі на Міжнародным тэатральным фестывалі «Транзіт», на тэатральных фестывалях у Польшчы.

Крыніца / / рэліз тэатра


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology