1–27 траўня — выстаўна-дыскусійны праект «OFFSIDE»

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», медыяпраект «pARTisan»
пры падтрымцы мультымедыйнага часопіса 34mag.net

1–27 траўня 2014
выстаўна-дыскусійны праект «OFFSIDE»

Спорт сёння з’яўляецца важным складнікам нашага штодзённага жыцця (незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не) — і як спецыфічная цялесная практыка, і як адзін з кампанентаў сучаснай візуальнай культуры. На першы погляд, спорт — ідэалагічна нейтральная з’ява, і тым не менш ён убудаваны ў палітычныя, эканамічныя, гендэрныя, культурныя стасункі, у грамадскія практыкі і інстытуты.

Гісторык спорту Ален Гутман, аналізуючы гэтую з’яву ў заходнееўрапейскім кантэксце, адзначае, што спорт знаходзіцца пад уплывам татальнай камерцыялізацыі, і называе яго «скажонай капіталізмам формай гульні». У (пост)аўтарытарных сістэмах даследчыкі адзначаюць, у першую чаргу, ідэалагічную функцыю спорту. Спорт разглядаецца як філасофія, пэўны спосаб камунікацыі, прастора калектыўнага перажывання ці форма сацыялізацыі.

Афіша Юры Шуста

Афіша Юры Шуста

Пэўнай зонай рэфлексіі становіцца спорт і для мастакоў, якія — свядома ці не — звяртаюцца да ягоных тэмаў, атрыбутаў, мовы альбо да яго крытыкі. Тым больш што ў мастацкім полі сёння адбываюцца падобныя з сучасным спортам структурныя змены. Мастацкія практыкі канцэнтруюцца вакол мегападзей (біеналізацыя), адбываецца іх камерцыялізацыя і рацыянальная фармалізацыя (фармаванне жорсткіх правілаў).

Якое месца спорт займае ў культурнай прасторы Беларусі — у мастацкіх, ідэалагічных і ўрбаністычных вымярэннях? Як спартыўныя «мегападзеі» трансфармуюць эканоміку горада, яго інфраструктуру і штодзённыя практыкі грамадзян? Ці з’яўляецца спорт формай эксплуатацыі і дысцыпліны цела? Ці можа энергія калектыўнага перажывання выкарыстоўвацца па-за ідэалагічнымі мэтамі?

У межах выстаўна-дыскусійнага праекта «OFFSIDE» мастакі закранаюць розныя аспекты спорту. Антон Сарокін і Аляксей Навумчык, Сяргей Гудзілін звяртаюцца да тэмы рэструктурызацыі гарадской прасторы падчас вялікіх спартыўных падзей. Выкарыстоўваючы формы розных спартыўных практык, арт-група «Булён» (Грузія) крытыкуе сучасныя рэлігійныя інстытуцыі і бюракратычную сістэму еўрапейскіх інстытуцый, а Юра Шуст кажа пра амбівалентнасць механізмаў працы ўлады. Міхаіл Гулін іранічна абыгрывае камерцыялізацыю спорту. Для Антаніны Слабодчыкавай, Аляксея Лунёва, Паўліны Вітушчанка, Валянціны Кісялёвай спартыўная мова і атрыбутыка становяцца спосабам звароту да ўласнага цялеснага і эмацыйнага досведу. Праз метафару спорту як свята Максім Тымінько праблематызуе ўзаемадачыненні калектыўнага і індывідуальнага досведу.

У межах праекта адбудзецца шэраг мерапрыемстваў: лекцыі Бэна Коўпа і Міадрага Куча пра капіталізацыю спорту, Аляксея Братачкіна — пра нацыяналізм і спорт, Таццяны Шчурко — пра гендэр і спорт; паказ фільма «Строгі юнак» (рэж. М. Роом) і ягонае абмеркаванне разам з Аленай Тоўсцік. Міхаіл Гулін выступіць каментатарам фінальнага матча Лігі УЕФА. Пройдзе таксама дыскусія, прысвечаная зменам гарадскога асяроддзя з прычыны спартыўных «мегападзей» (мадэратар Вольга Шпарага).

Мастакі: Паўліна Вітушчанка, Сяргей Гудзілін, Міхаіл Гулін, Валянціна Кісялёва, Аляксей Лунёў, Аляксей Навумчык, Антон Сарокін, Антаніна Слабодчыкава, Максім Тымінько, Юра Шуст, арт-група «Булён» (Грузія).

Куратарская група: Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Валянціна Кісялёва, Інга Ліндарэнка.

Інфармацыйны партнёр: інтэрнэт-часопіс «Новая Эўропа»


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology