ГЕНДЭР, СПОРТ І НОРМА

Тэкст лекцыі Таццяна Шчурко «Гендэр, спорт і норма», якая адбылася 27 траўня 2014 года ў межах выстаўна-дыскусійнага праекта «OFFSIDE». Мова арыгінала – руская. Друкуецца ў скароце.

716

Сёння я буду казаць пра гендарны аналіз спорту, пераважна вялікага прафесійнага спорту, а не камерцыйнага, бо яны трохі адрозніваюцца. У нас прайшоў чэмпіянат свету па хакеі, але ёсць маленькае «але»: гэта чэмпіянат свету па хакеі сярод мужчынскіх каманд. Гэта тонкі момант, які часта не заўважаецца, бо насамрэч існуе чэмпіянат свету і сярод жаночых каманд, які адбудзецца ў 2015 годзе ў Швецыі. Ён таксама праходзіць штогод, але наўрад ці мы даведаемся пра яго так шмат і наўрад ці ён будзе так актыўна піярыцца, як гэты чэмпіянат, і наўрад ці Беларусь будзе так хацець правесці яго на сваёй тэрыторыі. Але ўсё можа быць. Адпаведна, з аднаго боку мы маем чэмпіянат свету па хакеі, з другога боку, ён уключае не «ўсіх», што вельмі добра адлюстроўвае сітуацыю жанчын у спорце.

Адразу спынюся на самім паняцці «гендар». Шмат хто знаёмы з ім у той ці іншай ступені, але адзначу, з якой пазіцыі я сыходжу, калі выкарыстоўваю гэтае слова. Гендар не трэба разумець як нейкі статус або нейкае найменне і прыналежнасць.

Гендар трэба разумець як сістэму сацыяльных адносін, якія пастаянна ствараюць такія катэгорыі, як «мужчынскае» і «жаночае», і ствараюць адносіны паміж гэтымі катэгорыямі – адносіны дамінавання і падпарадкавання. 

2

 

Тут вельмі добра паказаныя стэрэатыпы «Вялікі моцны хлопчык» і «Маленькая мілая дзяўчынка». Паняцце гендар якраз ахоплівае працэсы стварэнне адрозненняў, якіх па сутнасці няма. Адрозненні, якія ствараюцца, гавораць пра няроўнасць. «Вялікі, моцны» і «маленькая, мілая» – канататыўна розныя паняцці. Мне вельмі падабаецца цытата з артыкула даследчыц Джудыт Лорбэр і С’юзан Фарэл наконт таго, што мы можам разумець пад словам гендар:

«Падзел сацыяльнага свету на мужчын і жанчын укаранёны настолькі глыбока, што з моманту нараджэння, з таго самага моманту, калі пол дзіцяці апазнаны, бацькі, лекары, акушэркі і ўсе навакольныя нованароджанага «ствараюць гендар» – пачынаючы з імя, якое даюць немаўляці».

Вельмі важна разумець, што свет, падзелены на мужчын і жанчын, дзе мужчыны моцныя і дамінантныя, а жанчыны пасіўныя, фармуе пэўныя правілы, якім мы павінны падпарадкоўвацца. Гэтыя правілы цалкам дэтэрмінуюць нашае жыццё, што нам можна, чаго нельга, у якія інстытуцыі можна пайсці, у якія не і г. д. Гэтае мноства правілаў навязанае нам у сувязі з тым, да якога гендару мы аднесеныя.

Спорт як адна з сацыяльных інстытуцый, зразумела, падтрымлівае такі парадак, актыўна яго прасоўвае. І сучасныя даследчыкі, якія займаюцца сацыялогіяй спорту, падкрэсліваюць, што спорт грунтуецца на гэтых паняццях маскуліннасці і феміннасці, больш за тое, спорт апрыёры маркіруецца як мужчынская справа, куды жанчыны могуць толькі ўпісацца. Маскуліннасць разумеецца як нешта моцнае, чаму ўласцівыя спаборніцтва і канкурэнтнасць, і па такой мадэлі выбудоўваецца ўвесь прафесійны спорт. У той час як феміннасць – гэта нешта мяккае, гнуткае, клапатлівае, пасіўнае. Жанчыны могуць быць у спорце, але на асаблівых умовах, у жаночых камандах з лёгкімі правіламі і г. д.

Адпаведна, у жанчын у спорце два шляхі. Першы шлях – гэта прыняць мадэль паводзінаў маскуліннасці, спрабаваць удзельнічаць у мужчынскіх відах спорту, канкурыраваць з мужчынамі. Але як толькі жанчына прымае маскулінную мадэль паводзінаў, яна можа падвергнуцца санкцыям:

з’яўляюцца сумневы ў яе жаноцкасці, сексуальнасці, гэта робіцца нагодай для крыўдных жартаў, дамаганняў, цягне за сабой падазрэнне, што з жанчынай-спартсменкай нешта не так, калі яна паводзіць сябе маскулінна.

І другі варыянт, які можа ў спорце выбраць для сябе жанчына, гэта адход у «жаночыя» віды спорту: гімнастыка, сінхроннае плаванне. Тут ёй дазволена праяўляць фемінныя рысы, быць жанчынай, адпаведна быць паспяховай спартоўкай.

3
Перш чым перайсці да асноўных аспектаў гендарнага аналізу асноўных спартыўных практык і палітык, адзначу, што ў асноўным я буду абапірацца на прыклады жаночага хакейнага клуба «Пантэра», які існаваў у нас з 2010 года, і ў прыватнасці на рэпрэзентацыі гэтага клуба ў медыя. Я адабрала 24 артыкулы ў інтэрнэт-медыя, апублікаваныя з 2010 да 2014 года. Адразу магу сказаць, што, паводле звестак нашай Федэрацыі хакея, хакеем у Беларусі на сённяшні дзень займаюцца 70 дзяўчат, што не вельмі шмат, але і не вельмі мала.

Першае пытанне, з якога я пачну, гэта пытанне даступнасці. Ні для каго не сакрэт, што прафесійны спорт не так даўно адкрыты жанчынам.

Толькі ў пачатку ХХ стагоддзя гэта набыло масавы характар, бо раней лічылася, што гэта шкодна, што ён перашкаджае рэпрадуктыўным функцыям жанчын.

Толькі дастаткова эксцэнтрычныя асобы маглі дазволіць сабе займацца нейкімі відамі спорту, тым самым правакуючы грамадства. Зразумела, цяпер сітуацыя збольшага змянілася, але і дагэтуль у асобных краінах (напрыклад, у Афганістане або Іране) спорт застаецца пераважна закрытым для жанчын. Там ёсць спартсменкі, аднак іх удзел у спорце падвяргаецца асуджэнню. Напрыклад, у Афганістане дзяўчаты займаюцца футболам у склепе ўласнага дома, каб ніхто не бачыў.

Калі цікавая наогул гісторыя жаночага ўдзелу ў спорце, у інтэрнэце ёсць выдатная часавая лінія (timeline) ад антычнасці да нашых дзён, якая адлюстроўвае дасягненні жанчын у спорце. Яна была перакладзеная на рускую мову, і яе вельмі лёгка знайсці.

4
Калі вярнуцца да нашага рэгіёна і казаць пра пытанне даступнасці, то ў маім анонсе быў выкарыстаны савецкі плакат «Моладзь на стадыёны». Гэты плакат не выпадковы, бо на нашай прасторы жанчыны атрымалі магчымасць масавага выхаду ў спорт і фізкультуру менавіта дзякуючы рэвалюцыі, дзякуючы прыходу бальшавікоў да ўлады. Гэта было важным элементам праекта жаночай эмансіпацыі. Ён уключаў у сябе не толькі тое, што жанчыны атрымліваюць сацыяльныя, грамадзянскія правы і г. д. Але і – доступ ва ўсе сферы, у тым ліку спорт.

Да гэтага часу спорт быў прывілеем мужчын, больш за тое, багатых мужчын. Вельмі важная ідэя заключалася ў тым, каб спорт зрабіць даступным для ўсіх масаў і жанчын у тым ліку. Я знайшла артыкул у часопісе «Фізкультура і спорт» (№ 10, 1928), які называўся «Ад крыналінаў да хакея», і ў ім вельмі добра апісвалася, што ўяўляў з сябе праект увядзення жанчын у спорт: «Спорт вывеў жанчыну з пустэльніцтва «кухні і сукенак» на чыстае паветра і на сонца, вызваліў ад звязанасці рухаў і даў магчымасць глядзець на свет адкрытымі і смелымі вачыма … У спорце жаночае цела – не спакуса і не “сасуд” д’ябальскі, а працоўная машына, такая ж, як і мужчынскае цела».

Аднак варта адзначыць, што масавы выхад адбыўся ў фізкультуру, а не ў вялікі спорт, і ўсё ж такі не спрыяў зняццю гендарных дыферэнцыяцый.

Удзел жанчын у прафесійным спорце, асабліва ў такіх «мужчынскіх» відах, як хакей і футбол, пачынаецца толькі на пачатку 2000-х, у Беларусі з 2010-га. Адпаведна, з аднаго боку, Савецкі саюз даў нейкія магчымасці, з другога – гэтыя магчымасці жанчыны маглі рэалізаваць не да канца: маглі займацца фізкультурай, але не маглі займацца прафесійным спортам, які прыносіў бы ім сімвалічны або эканамічны капітал.

Дагэтуль шмат каму здаецца дастаткова лагічным падзел на тое, што ёсць мужчынскія віды спорту, такія як хакей або футбол, і жаночыя – гімнастыка, сінхроннае плаванне. У расійскіх СМІ быў артыкул пра хлопчыка, які займаецца сінхронным плаваннем і пастаянна адчувае дыскамфорт з гэтай нагоды, яго ўсе асуджаюць, суддзі не ведаюць, як яго судзіць, яны кажуць, што ён плавае не так, як плаваюць дзяўчаты і г. д. Ці, напрыклад, як некаторыя ўдзельнікі хакейных клубаў рэагуюць на з’яўленне жаночага хакея ў Беларусі? Хакеіст клуба «Юнацтва» Зміцер Заламай пра сваю сястру, калі ў яго спыталі, ці не хоча яна паспрабаваць сябе ў жаночым клубе «Пантэра», адказаў:

«Не, хакей не вельмі прыцягвае. Думаю, што гэта будзе залішнім, хопіць і аднаго хакеіста ў сям’і. І наогул, хакей – не жаночая справа. Упэўнены ў гэтым. [А што жаночае?] Нават не ведаю, мастацкая гімнастыка, напрыклад» [Крыніца: афіцыйны вэб-сайт клуба «Юнацтва», 12.04.2013].

Або вось меркаванне галоўнага трэнера салігорскага хакейнага клуба «Шахцёр», у яго спыталі пра дачку:

«[У вас расце дачка, як бы вы паставіліся, калі б яна занялася хакеем?] Я негатыўна стаўлюся да жаночага хакея. У маім разуменні дзяўчаты, калі з ранняга ўзросту займаюцца хакеем, нявечаць сваю фігуру. Для іх падыдуць гімнастыка, плаванне, бальныя танцы. Увогуле, усё, што развівае жаноцкасць. [Вы можаце ўявіць сабе хакей без боек?] Не, не ўяўляю. Хакей – гэта мужчынскі від спорту. Я лічу правільным рашэнне Федэрацыі, што гульцам дазволена біцца і атрымліваць пяць хвілін выдалення, але судзейскі корпус, на маю думку, не зусім дакладна расцаніў гэты пункт. Арбітры пачалі гнаць гульцоў да канца гульні. Без боек хакей – не хакей, а фігурнае катанне. Бойкі падаграваюць гледачоў, заводзяць каманду. Хакей – гэта не толькі гульня, але і відовішчнае шоу, таму і на лёдзе і на трыбунах павінна быць горача. Больш за ўсё я не люблю, калі на лёд выходзяць падобныя да жанчын хакеісты і ладзяць падобны да жанчыны хакей. Люблю, калі глядзіш матч, а ў ім азарт, энергія, запал. Азартных і пераможных матчаў жадаю сваёй камандзе ў наступным сезоне» [Крыніца: Салігорск.org, 21.04.2011].

Важны момант, што ў жаночым хакеі Міжнародная федэрацыя забараніла сілавыя прыёмы, і калі ў мужчынскім хакеі яны дапускаюцца, то ў жаночым – цалкам не. Да гэтага аспекту мы яшчэ вернемся, але гэта важны момант з нагоды таго, што «без сілавых прыёмаў хакей – гэта фігурнае катанне».

Тым самым, фактычна, жаночы хакей раўняюць да фігурнага катання, ён не мае нават статусу хакея.

Адпаведна, такая рэпрэзентацыя хакея як асаблівага мужчынскага віду спорту рабіла цалкам немагчымым для дзяўчатак нават трапіць туды, але ўсё ж такі самі трэнеры, ствараючы жаночы хакейны клуб, прызнаваліся, што ў нас ёсць дзяўчаты, які хочуць гуляць у хакей, і яны вымушаныя з гэтым мірыцца. Адпаведна, у 2008 годзе ў Салігорску ў спартыўнай школе пачалі афіцыйна набіраць дзяўчат у спартыўную школу на аддзяленне хакея. У 2010 годзе ўжо з’явіўся непасрэдна жаночы клуб.

Да гэтага часу дзяўчаты маглі гуляць у хакейных секцыях у якасці эксперыменту, але пасля іх лёс быў нявызначаны. Калі хлопцы маглі ісці ў хакейны клуб «Юнацтва» або іншыя, то дзяўчатам заставалася, як здарылася з адной са спартсменак з «Пантэры», пасля заканчэння такой спартыўнай школы пайсці ў Інстытут фізкультуры на лячэбны масаж. Уласна, уся яе кар’ера ў спорце далей не дазваляла ёй рухацца. З’яўленне «Пантэры» змяніла гэтую сітуацыю, дзяўчаты змаглі далей займацца хакеем. Але ў 2013 годзе раптам паўстала пытанне пра мэтазгоднасць існавання «Пантэры». Хоць хакейны клуб досыць паспяховы, напрыклад, яны перамаглі на першынстве Літвы. Але памочнік прэзідэнта па спартыўных пытаннях Максім Рыжанкоў пракаментаваў існаванне клуба наступным чынам:

«Трэба вырашыць, ці то развіваць яго далей, ці то паставіць кропку. Клуб «Пантэра» каштуе сур’ёзных грошай, у прынцыпе, у нас ёсць умовы для фармавання груп дзяўчат у абласцях і раёнах. Але ці трэба? Хоць канкурэнцыя ў гэтым сегменце меншая, і можна было б заявіць пра сябе. Як я ўжо адзначаў, мужчыны ў нас за жанчын усюды хаваюцца, і калі такая сітуацыя адбудзецца і ў хакеі, Прэзідэнт назаве гэта падвойнай ганьбай» [Крыніца: Прэсбол, 08.07.2013].

Такім чынам поспех жаночага хакейнага клуба мог падарваць імідж мужчынскага хакейнага клуба. Гэтае выказванне добра адлюстравала меркаванне чыноўнікаў пра само існаванне гэтага клуба.

Наступны момант – гэта пытанне трэніровак і нарматываў. Тут звернемся да сітуацыі ў школе, дзе большасць людзей і сутыкаецца ўпершыню са спортам (некаторыя раней, у 4–5 гадоў, калі трапляюць у спартыўную школу). То бок у школе адбываецца першая сацыялізацыя цела, наогул сацыялізацыя на працягу адзінаццаці гадоў, дзе на ўроках фізкультуры вельмі выразна вучаць, як павінна выглядаць жаночае цела, якімі відамі спорту яно павінна займацца, у якіх відах яно будзе паспяховым і г. д. Усе гэтыя нарматывы добра прапісаныя ў адукацыйных стандартах і навучальных праграмах.

Такім чынам, у вучэбнай праграме на гэты навучальны год для 11-га класа пазначана наступнае. Вельмі добра відаць, што дзяўчат арыентуюць на практыкаванні, звязаныя з расцяжкай, гнуткасцю, у той час як хлопцы ў нас павінны быць першымі ў бегу, у скачках і г. д. У гэтай жа праграме для 11-га класа навучэнцам прапаноўваецца асвоіць розныя віды спорту, акрабатыку і г. д. Акрамя гэтага дзяўчатам прапануюць аэробіку, а хлопцам атлетычную гімнастыку. Прычым аэробіка ўключае ў сябе практыкаванні для постаці, здароўя і прыгажосці, у сваю чаргу атлетычная гімнастыка арыентаваная на развіццё цяглічнай масы.

Узровень развіцця здольнасцяў руху навучэнцаў 11-х класаў (адзнака 10 балаў)

ž
Не дзіўна, што дзяўчаты часцей выбіраюць гімнастыку, а хлопцы – хакей. Дзяўчаты нават падумаць не могуць, што яны могуць пайсці ў хакей, бо ім такая опцыя нават не прапаноўваецца. І яшчэ адзін вельмі важны момант – урокі фізкультуры праходзяць асобна, нават некаторыя віды, напрыклад, бег, маюць розныя фарматы: на 1000 метраў – для дзяўчат, на 1500 – для хлопцаў. Уся сістэма пабудаваная такім чынам, каб вынікі хлопцаў і дзяўчат не параўноўваць.

Яны не павінны паміж сабой канкурыраваць, яны з самага пачатку ў розных групах, дзе і канкурыруюць у рамках гэтых жа груп, але ніколі не перасякаюцца.

Усе гэтыя асаблівасці фізкультуры існуюць і ў вялікім прафесійным спорце і праяўляюцца ў розных аспектах, у прыватнасці, у правілах. З артыкула гендарнай даследчыцы з Украіны, якая займаецца сацыялогіяй спорту, я даведалася, што з 2004 года Міжнародная асацыяцыя баскетбола ўвяла розныя дыяметры баскетбольнага мяча для жаночых і мужчынскіх каманд. Больш за тое, у тэнісе для таго, каб перамагчы, жанчыны павінны гуляць да двух выйгрышных сэтаў, мужчыны – да трох. Гэтыя адрозненні робяцца ў правілах пастаянна.

Звернемся да сілавых практыкаванняў у хакеі. Сапраўды, у жаночым хакеі забароненыя сілавыя прыёмы, і мне выпадкова трапіўся артыкул даследчыцы Рэбэкі Лок (Rebecca Lock), якая разглядае гэты аспект з пазіцыі болю (сілавы прыём правакуе боль). Яна піша пра тое, што жанчыны пазбаўляюцца гэтага досведу болю. Больш за тое, сама гэтая практыка забароны сілавых прыёмаў – чаму яны забароненыя? Лічыцца, што жанчыны асабліва баяцца болю, жанчын трэба аберагаць – усё гэта апісваецца як патэрналісцкая практыка, пра жанчыну як істоту, якую трэба аберагаць, якая зусім не можа перажыць боль, у той час як мужчыне боль патрэбны, што гэта яго ўзмацняе і сацыялізуе.

Лок піша, што гэтым жанчыны пазбаўляюцца сваёй суб’ектнай пазіцыі, яны разглядаюцца як недаспартоўцы, нейкія «асаблівыя» спартоўцы, і гэта бачна.

Напрыклад, дырэктар нашага хакейнага жаночага клуба апісвае стварэнне саміх груп у хакейных школах як працэс, які патрабуе проста гераічных намаганняў. Я зачытаю яго выказванне: «Набіраць у падрыхтоўчыя групы дзяўчат – гэта дадатковы галаўны боль для хакейнай школы. Адміністрацыя павінна вылучыць асобную распранальню, дзіцячым трэнерам трэба прадумаць спецыяльныя праграмы па сілавой і бегавой падрыхтоўцы, вельмі ўважліва падыходзіць да нагрузак. Часцяком працаваць трэба ледзь не індывідуальна з кожнай спартсменкай. Ёсць энтузіясты, якіх такія нязручнасці не бянтэжаць, нядрэнна пастаўленая справа ў Салігорску, Лунінцы, Пінску і Жлобіне. Але ў большасці дзіцяча-юнацкіх спартыўных школаў ідуць па шляху найменшага супраціўлення» [Крыніца: СБ – Беларусь Сегодня, 22.02.2013].

То бок працэс стварэння жаночай каманды – гэта тое, што патрабуе неймаверных намаганняў, практык, фінансавых укладанняў. Усё гэта канструюе з жанчын зусім спецыфічных спартсменак.

Наступны момант – гэта жаночыя і мужчынскія чэмпіянаты. Гэтыя рэчы заўсёды разводзяцца і ніколі не адбываюцца адначасова. Чаму б не правесці ў рамках аднаго чэмпіянату свету гульні жаночых каманд і мужчынскіх? Хай яны гуляюць на розных палях, чаму не зрабіць гэта разам? Не, для гэтага выбіраюцца розныя краіны, каб яны ўвогуле не перасякаліся ніякім чынам. І адпаведна, з жаночых каманд робяць такія спецыфічныя гета, дзе жанчыны гуляюць у хакей, але гэта не зусім той, гэта «несапраўдны» хакей. Напрыклад, у свеце бываюць такія практыкі, калі жанчын-хакеістак уключаюць у мужчынскія каманды. Не так даўно ў зборную Фінляндыі ў мужчынскую каманду (праўда, другой лігі) уключылі спартсменку, і ў 2005 годзе была такая ж сітуацыя ў ЗША. То бок такія выпадкі ёсць, але трэба добра разумець, што адваротнае не магчыма. Наўрад ці магчыма, што нейкага вельмі выдатнага хакеіста ўключаць у жаночую зборную. Праблема ў тым, што жанчыны, гуляючы ў сваіх камандах, не ўспрымаюцца паўнавартаснымі спартсменкамі, паўнавартаснымі хакеісткамі, але ў той момант, калі яны дасягаюць сапраўды вельмі значных вынікаў, калі яны вельмі паспяховыя і гэта немагчыма ігнараваць, што робіць федэрацыя? Яна дазваляе ім дасягнуць вышыні палёту і трапіць у мужчынскую зборную.

Адпаведна, выбудоўваецца іерархія, калі мужчынскі хакей паўстае як нешта элітарнае, як нешта вельмі каштоўнае і больш важнае, чым жаночая хакейная каманда.

Наступны аспект – розная сістэма трэніровак, і тут я хачу прывесці прыклад галоўнага трэнера клуба «Пантэра» Васіля Панкова з нагоды трэніровак. У яго пытаюцца: «Трэніраваць хлопцаў і жанчын, як кажуць у Адэсе, гэта дзве вялікія розніцы?». Ён адказвае:

«Ды няма вялікай розніцы, адзінае, што нагрузкі, думаю, трэба даваць менш, а ў характары дзяўчаты, думаю, не саступаюць мужчынам на лёдзе. Жаночая псіхалогія, вядома, іншая, але ў мяне будзе памочнік, былая хакеістка з Латвіі. Калі ўзнікнуць нейкія спрэчныя моманты, памочніца дапаможа. [Хакеіста, калі ён дзесьці філоніць, некаторыя нашы трэнеры могуць і моцным слоўцам прыпячатаць, тут такі варыянт ужо не пройдзе?] Жанчыны ж вельмі ранімы народ. Адно слова – мора слёз. На сходзе будзем агаворваць усе працоўныя моманты, расстаўляць усе кропкі над «і», каб не было ніякіх канфліктных сітуацый» [Крыніца: «Ежедневник», 13.08.2010].

З аднаго боку, ён кажа, што няма розніцы ў трэніроўцы, але, з іншага, мы разумеем, што розніца ёсць. Яму нават спатрэбілася адмысловая памочніца з веданнем жаночай псіхалогіі, якая будзе яму падказваць, якім чынам дапамагаць.

Яшчэ адзін аспект – эканамічны фактар. Падзел паміж жаночым спортам і мужчынскім падтрымліваецца эканамічна. Часта пішуць пра тое, што адрозніваюцца памеры ганарараў, памеры выдаткаў. Сітуацыя з клубам «Пантэра» нібыта ўзнікла з фінансавых прычын: клуб не мае фінансавання, але самі работнікі гэтага клуба кажуць пра тое, што выдаткі на іх утрыманне складаюць палову ад выдаткаў на ўтрыманне мужчынскага клуба. Спартсменкі атрымліваюць заробак каля 1,2 млн руб., гэта мізэрны заробак у параўнанні з Расіяй ды іншымі краінамі. Заканамерна, што ў нейкі момант клуб прыйшоў да таго, што неабходныя змены, і тут жа Федэрацыя паставіла пытанне пра ліквідацыю. Ніхто не хацеў траціцца на гэта, бо гэта быццам не можа прынесці нейкіх поспехаў.

Так, напрыклад, у сувязі з гэтым дырэктар гэтага клуба Яўген Кукушкін напісаў у інтэрнэце адкрыты ліст Прэзідэнту ў сувязі з тым, што не мог дамовіцца з памочнікам па спорце. Ён піша наступнае:

«Нам удалося стварыць і выхаваць адну з наймацнейшых каманд Еўропы, нягледзячы на вельмі сціплы бюджэт, які ў некалькі разоў меншы за мужчынскія клубы. Аднак умовы аплаты працы і пражывання для спартсменак – 1 200 000 рублёў на месяц, на якія прапанавана іх запрашаць, не даюць мне маральнага права весці перамовы са спартсменкамі, якіх гатовыя прыняць клубы Расіі з іх вар’яцкімі бюджэтамі. Нашым дзяўчатам падабаецца ў Беларусі, яны хочуць адстойваць гонар нашай краіны і не збіраюцца нікуды з’язджаць, пакуль не будзе канчаткова вырашаны лёс роднай каманды. Але як жыць, харчавацца і аднаўляцца на такую заработную плату ў Менску?» [Sport.tut.by, 20.09.2013].

Наступны аспект – гэта сітуацыя з чыноўнікамі ў самой Федэрацыі. У спорце, у хакеі ў тым ліку, вельмі моцная вертыкальная сегрэгацыя. У нас ёсць жаночая хакейная каманда, у нас ёсць шмат гімнастак, то бок жанчын у спорце ў нас шмат, але калі паглядзець на кіраўніцтва Федэрацыі або нацыянальнага Алімпійскага камітэта, жанчын мы там не ўбачым. Напрыклад, сярод пятнаццаці чальцоў кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта толькі дзве жанчыны. Пры гэтым яны ёсць чальцамі выканаўчага камітэта, у той час як усе галоўныя пасады займаюць мужчыны. Тое самае адбываецца ў нацыянальных федэрацыях усіх відаў спорту. Толькі ў федэрацыі гарналыжнага спорту ў кіраўніцтве ёсць Наталля Пяткевіч, і гэта адзіная жанчына, якая ўзначальвае федэрацыю. Усе астатнія жанчыны на нейкіх выканаўчых пасадах.

Адрозніваюцца толькі Беларуская асацыяцыя гімнастыкі (з дваццаці сямі чалавек у кіраўніцтве дзевяць жанчын), Беларуская федэрацыя веславання (шэсць жанчын з дзевятнаццаці) і Федэрацыя коннага спорту (дванаццаць жанчын з трыццаці). Гэтыя лічбы добра гавораць пра перспектывы кар’ернага росту, пра тое, куды спартсменкі могуць расці. Больш за тое, людзі, якія ўваходзяць у кіраўніцтва і прымаюць важныя рашэнні пра адкрыццё школаў або стварэнне спецыяльных трэніровачных класаў, – сярод іх практычна няма жанчын, якія могуць уносіць гэтую прапанову і ўплываць, разумеючы, што для мужчын гэта пытанне не актуальнае.

6

Апошні аспект – гэта візуальныя рэпрэзентацыі спартсменак у СМІ, тое, якім чынам пра іх пішуць і якім чынам праз гэта яны канструююцца. Я буду казаць пра хакей, пачну непасрэдна з Міжнароднай федэрацыі хакея. Вельмі цікавая была сітуацыя, калі ў пошуку інфармацыі я зайшла на сайт федэрацыі і адкрыла старонку пра трэніроўкі дзяўчат, і яна ўся ў ружовым колеры і там ёсць нават фотаздымкі дзяўчат у ружовай форме. Вось гэтая рэпрэзентацыя на ўзроўні візуальнага, звязванне дзяўчат з ружовым колерам, з ружовай уніформай – гэта падкрэсліванне, што так, яны гуляюць у гэты грубы жудасны мужчынскі хакей, але яны дзяўчаты. І гэта пастаянна суправаджае любое з’яўленне спартсменак у СМІ.

Яны заўсёды павінны даказваць, што яны засталіся гетэрасексуальнымі жанчынамі.

Калі ў 2010 годзе давалася інфармацыя пра стварэнне клуба «Пантэра», вось такія выявы суправаджалі інфармацыю пра тое, што з’явіўся новы жаночы клуб. Гэта карцінка з БелТА (злева), а гэта са sport.tut.by. Напэўна, мяркуецца, што хакеісткі будуць выглядаць гэтак, калі будуць гуляць.

8
Больш за тое, восенню 2012 года хакейны клуб «Дынама» (Мінск) правёў акцыю «Хакей на шпільках», але конкурс быў прысвечаны найлепшай заўзятарцы. Пры гэтым асвятленне гэтага конкурсу на СТВ суправаджалася такім выказваннем: «Дзяўчаты і ў хакеі не здраджваюць сабе, калі ў паўсядзённым жыцці ў цэнтры ўвагі гардэроб і абутак, то тут распранальня і канькі. Запал і слёзы, спорт і прыгажосць – вось ён, жаночы варыянт спорту сапраўдных мужчын».

9
Яшчэ адзін праект – «Пяшчотныя спартсменкі», гэта быў праект з фотаздымкамі адной з хакеістак клуба «Пантэра» Уллянай Войцік. Гэта сакавік 2013 года. Гэты праект суправаджаўся яе выказваннямі. І ў гэтых выказваннях вельмі добра паказана, як жанчыны прымаюць гэтае навязанае ім бачанне сябе, жаданне пастаянна пацвярджаць сваю жаноцкасць, сваю сексуальнасць. Зразумела, што тут яна даказвае, што яна не толькі жанчына, але – гетэрасексуальная жанчына.

Адзін з найбольш клішаваных стэрэатыпаў у спорце – гэта тое, што ўсе спартсменкі – лесбіянкі. Кожная спартсменка павінна даказаць, што яна яшчэ і не лесбіянка. 

10

Так, у яе пытаюць: «Фотасесія паказвае, што вы перш за ўсё дзяўчына, а не бачыце толькі лёд і клюшку». На гэта яна адказвае: «Пра мяне няправільна так казаць, я ўсё ж такі не забітая спартсменка, якая з 3 да 23 гадоў была толькі ў спорце і не высоўвала нос у іншае жыццё. Мяне ж нейкі час не было ў хакеі. У цэлым, праект «Пяшчотныя спартсменкі» парадаваў, дадаў самаацэнкі». У яе пытаюць: «Можа і жаноцкасці?». Яна адказвае: «Нельга сказаць, што ў мяне яе не было. Мне здаецца, нават калі дзяўчына абірае спартыўную форму, як я, яе таксама можна апранаць міла і па-жаноцку. Паводзіны ў мяне розныя, я падладжваюся пад сітуацыю: калі я са сваім хлопцам, вяду сябе як дзяўчына на спатканні, калі ў камандзе – я ветрагонка».

Тут цікава ўзгадаць знакамітыя тэсты пра палавую гендарную прыналежнасць, якія праводзяцца Алімпійскіх камітэтам – замяраюць тэстастэрон. Гэтыя тэсты існуюць з 1960-х, калі мужчыны выступалі нібыта ў жаночым абліччы. Такія сітуацыі сапраўды былі, і нібыта для гэтага ўвялі тэст, каб мужчыны не падманвалі. Але ў выніку гэты тэст балюча ўдарыў толькі па жанчынах,

фактычна ўсе гендарныя скандалы, якія цяпер ёсць, гэта гендарныя скандалы, заснаваныя на сумневах, што жанчына – не жанчына, то бок яны паспяховыя, і пачынаюць сумнявацца, думаць, што з імі нешта не так.

Мне здаецца, што гэтыя рэпрэзентацыі і існаванне гэтых тэстаў вельмі добра паказваюць, што нягледзячы на тое, што жанчыны атрымалі доступ да спорту і быццам бы ёсць ілюзія роўнасці магчымасцяў, па сутнасці ўсе гэтыя практыкі, якія ёсць у спорце: рэпрэзентацыя, тэсты, трэніроўкі, выказванні трэнераў, ружовая форма – уся гэтая разнастайнасць розных практык закліканая падкрэсліваць гэтую гендарную дыхатамію. Таму важнай ёсць крытыка самога спорту, які ўяўляецца як мужчынская справа і грунтуецца на дакладных нормах: спаборніцтва, агрэсіі, сілы – то бок гэта нарматывы, пад якія павінны падыходзіць усе, але ўсе не падыходзяць.

Таццяна Шчурко, 2014

Фота // Т.Шчурко

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. играть азартные игры бесплатно регистрации — проверенные онлайн казино с выводом, азарт игровые автоматы

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology