#СЕКС #ГЕНДЭР #АРТ: «МАЁ ПОРНА — МАЁ ПРАВА»

Ганна Лакціёнава: Добры вечар! Рады вас вітаць на дыскусіі «#Секс #Гендэр #Арт на постсавецкай прасторы», якая праходзіць у межах арт-праекта «XXY». Сёння ўдзельнікамі нашай сустрэчы будуць мастакі і мастачкі, чые працы вы можаце ўбачыць на выставе. Гэта Анатоль Бялоў, Жанна Гладко, Міхаіл Гулін і Сяргей Шабохін. Зараз я б хацела папрасіць удзельнікаў нашай дыскусіі распавесці пра свае працы, звязаныя з тэмамі гендэрнай і сексуальнай ідэнтычнасці. А таксама прапаную ім пазначыць, як гэтыя тэмы абмяркоўваюцца і прадстаўляюцца ў іх лакальных кантэкстах.

Ганна Лакціёнава, Міхаіл Гулін / фота К.Паляковай

Міхаіл Гулін / фота К.Паляковай

Міхаіл Гулін: Я пачну з відэапрацы «Я — не гей», якую можна ўбачыць на выставе. Гэта адна з акцый серыі «Я — не…». Там уздымаецца некалькі тэм, не толькі гендэрная ідэнтычнасць, і падставай для гэтай серыі стала, хутчэй, палітычная сітуацыя ў краіне. Я паспрабаваў асэнсаваць, а потым папрацаваць з некаторымі фобіямі і стэрэатыпамі беларускага грамадства. Адразу адзначу, што ўсім акцыям гэтай серыі ўласцівая тэатральнасць, таму што мне трэба было стварыць такі стэрэатыпны вобраз. У акцыі «Я — не гей» я выглядаю, хутчэй, як трансвестыт, таму што мне было важна, каб усё счытвалася, а на постсавецкай прасторы адрозненняў паміж, напрыклад, трансвестытам, геем, транссексуалам яшчэ няма.

Акцыі ўяўлялі сабой такія шпацыры, падчас якіх я свядома стараўся не ісці на кантакт з публікай. Гэта былі мае першыя выхады ў горад, і таму я трымаў дыстанцыю. Ужо ў далейшых маіх акцыях з пераноснымі аб’ектамі я пачаў уваходзіць у камунікацыю з публікай. Тут жа мне была важная сама знешняя рэакцыя. Гэта быў 2008 год, і адразу хачу сказаць, што з кожным годам становіцца больш складана працаваць у нашым гарадскім асяроддзі.

Пытанне з залі: А чаму больш складана? Мне здаецца, наадварот, нашыя людзі сталі прызвычайвацца да ружовых валасоў, напрыклад, не рэагуюць ужо неадэкватна на нетрадыцыйна апранутую моладзь…

М. Г.: Калі я кажу — больш складана, маю на ўвазе не вонкавае аблічча, але самое дзеянне.

А ў нас практычна любое дзеянне ў горадзе выціскаецца ў зону палітычнага. І гэтая тэндэнцыя выявілася менавіта ў апошнія гады.

«Пад каток» можна трапіць выпадкова. Як гэта адбылося падчас акцыі «Персанальны манумент», калі нас з валанцёрамі жорстка затрымалі за ўсяго толькі кубікі. Або сітуацыя магла скласціся тады па-іншаму, калі б мы не прайшлі пад камерамі КДБ на праспекце. Гэта значыць, няма выразных правілаў: можна нешта правесці — і ўсё будзе ў парадку, а наступным разам за 5 хвілін атрымаць што-небудзь непрыемнае.

Напрыклад, у «Я — не тэрарыст» адно з месцаў дзеяння — рынак. Я спакойна тады там здымаў. Праз год прыйшоў на гэтае ж месца, і мне забаранілі. Адправілі да дырэктара, той сказаў, што трэба пісаць афіцыйны ліст і г. д. Так я высветліў, што ў раёне 500 м ад метро здымаць нельга, у навучальных установах здымаць нельга, у крамах — нельга… Што тычыцца акцыі «Я — не гей», то яна тады прайшла даволі-такі весела. Ніякіх агрэсіўных выкрыкаў, рэакцый у свой адрас я не пачуў.

Экспазіцыя выставы / фота В.Шчарбакова

Экспазіцыя выставы / фота В.Шчарбакова

Г. Л.: Ці звязваеш ты гэта з той самай славутай беларускай талерантнасцю?

М. Г.: Не думаю, што гэта талерантнасць. Людзі ў нас не прызвычаеныя да падобнага кшталту акцый і проста не ведаюць, як рэагаваць. У некаторых выпадках было відаць, што проста душыцца рэакцыя — праходзяць міма, робяць выгляд, што не заўважылі, нават не глядзяць у мой бок. Але, на мой погляд, гэта якраз задушэнне жывой рэфлексіі… Калі казаць пра мадэлі сітуацыі, якія можна загадзя пралічыць, то ў нашым кантэксце гэта амаль немагчыма зрабіць. Напрыклад, я думаў, што найбольш непраблематычнай будзе акцыя «Я — не амерыкос». А між тым скончылася ўсё затрыманнем і аказалася, што такая тэма таксама непрымальная. Па сцэнары я павінен быў з аднаго Макдональдса прайсці ў другі, набыць там большы гамбургер і пайсці далей.

Г. Л.: Ці было звязана затрыманне з выбарам месцаў?

М. Г.: Не зусім. Спачатку гэтыя амапаўцы прайшлі міма мяне, а потым вярнуліся. І дыялог быў наступны: «…А раптам адміністрацыі Макдональдса не спадабаецца вашая акцыя?» — «Дык давайце дачакаемся». — «А раптам пасол будзе праязджаць, і яму гэта не спадабацца?..» То бок гэта было такое прэвентыўнае затрыманне — зарэгістраваць, скласці пратакол па артыкуле «на ўсялякі выпадак». Яны мяне паўгадзіны вялі ў апорны пункт, па дарозе, не здымаючы таблічкі, я ім распавядаў, што такое перформанс, акцыянізм. Яны прывялі мяне, і аказалася, што ў іх няма ключоў, параіліся і вырашылі адпусціць. Я тады ім кажу: «Ну я пайду тады зраблю акцыю на Нямізе ў Макдональдса?» Яны: «Ідзі, толькі на нашым участку не з’яўляйся». І як быццам хэпі-энд, але тут мяне сустракае дзяўчына-аператар, якая здымала, і я вырашаю тут жа паглядзець, што ў нас атрымалася. Мы сядаем за кінатэатрам «Перамога», пачынаем глядзець, і тут падыходзіць чалавек: «Добры дзень, што здымаем? Я забіраю ў вас камеру». Аказваецца, побач ваенная пракуратура. У мяне тады быў шок — толькі што я сышоў ад адных, і тут жа зноў.

То бок ёсць пэўныя зоны, і калі ты іх не ведаеш, можаш трапіць на роўным месцы. Знешне ўсё выглядае добра, і пакуль нейкія рэчы не робяцца, праблематыкі не відаць.

Адзіных правілаў няма, і гэта збівае з панталыку… Падобную акцыю я правёў пару дзён таму. Прыехаў мой сябар са Швейцарыі і трохі выпіў лішняга. Яго не пусцілі ў метро. Я яму кажу, маўляў, пайшлі зойдзем з іншага боку, ты галоўнае па-нямецку размаўляй. І там яго пусцілі.

Ганна Лакціёнава, Анатоль Бялоў, Жанна Гладко / фота К.Паляковай

Анатоль Бялоў / фота К.Паляковай

Анатоль Бялоў: Усё, што я раблю, так ці інакш з’яўляецца працягам, часткаю майго жыцця, рэфлексіяй з нагоды таго, што адбываецца са мной і навокал. З 2004 года я пачаў займацца сучасным мастацтвам, з’явіліся першыя працы, ужо тады заснаваныя на асабістых гісторыях і досведзе. Потым я зрабіў арт-кнігу «Самая парнаграфічная кніга ў свеце». Мая адукацыя — мастак кнігі, і мне было цікава зрабіць такую антыдызайнераўскую кнігу мастацкім аб’ектам. Фармат быў абсалютна не кніжны — гэта значыць усё, чаму я вучыўся, я цалкам праігнараваў. І калі я працаваў над кнігай, важным для мяне быў таксама досвед маёй іншай дзейнасці: я тады прыдумляў перформансы для групы «Пенапласт», дзякуючы якой і высветлілася, што я магу спяваць. І мне было цікава зрабіць кнігу па тым жа прынцыпе: калі мы разам з сябрамі прыдумляем музычныя кампазіцыі.

Фільм, які прадстаўлены на выставе, я зняў дзякуючы таму, што прайшоў у шорт-ліст прэміі Пінчукаі ў мяне з’явіўся бюджэт. Я даўно марыў зняць фільм, але гэта досыць дарагое задавальненне. У гэтым фільме злучыліся ўсе медыя, з якімі я да гэтага працаваў: музыка, графіка, тэксты, — і я хацеў бы і далей працягнуць працаваць з кіно і музыкай. Якраз я быў вельмі натхнёны фільмамі французскага рэжысёра Сержа Базона. Ён стаўся для мяне адкрыццём, ён робіць фільмы, працуючы з кіно як з медыя, а не проста расказвае гісторыю. Гэта такія сінафільскія фільмы, дзе праца з фільмам адбываецца як з аб’ектам. Гэта праца мастака.

«Секс,лекавае,рок-н-рол» — мой першы кінадосвед. Я вучыўся абсалютна з нуля: сустракаўся з велізарнай колькасцю людзей, якія мяне кансультавалі, чытаў кнігі па сцэнарнай працы, па рэжысуры, меў зносіны з рэжысёрамі, акцёрамі. Усе акцёры ў гэтым фільме непрафесіяналы. Вельмі доўга мы шукалі галоўнага героя. Па сцэнары гэта аўстрыйскі мастак, які прыязджае ў Кіеў, дзе сустракае пару — хлопца і дзяўчыну, — і ўзнікае трохкутнік. На гэтую ролю мне патрэбны быў вельмі прыгожы юнак. Аказалася, складана знайсці хлопца, таму што ўсе прыгажуны-мадэлі, да якіх я звяртаўся, пачуўшы, што ім трэба граць гея, адразу адмаўляліся. Хоць пры гэтым яны часта здымаліся ў гомаэратычных фотасесіях. У выніку цалкам выпадкова мы праглядалі партфоліо розных агенцтваў і выйшлі на гэтага хлопца з Адэсы. Я запрасіў яго, і ён нармальна паставіўся да прапановы, хоць і не гей.

А.Бялоў ? фота В.Шчарбакова

А.Бялоў «Самая парнаграфічная кніга» / фота В.Шчарбакова

Што тычыцца другога тома маёй «Самай парнаграфічнай кнігі», я зрабіў яе падчас рэзідэнцыі ў Аўстрыі. У той час у Кіеве было не ўсё спакойна, я чытаў пра тое, што там адбываецца, а на адлегласці гэта па-іншаму ўспрымаецца, больш востра. Але такая адстароненасць дае магчымасць інакш прачуць сітуацыю. Першы месяц майго знаходжання ў Вене я нічога не рабіў, шпацыраваў і натхняўся ўсім, што адбываецца. Мяне ўразіла адкрытасць людзей там: у клубах збіраюцца зусім розныя людзі, рознай сексуальнай ідэнтычнасці, нацыянальнасці і г. д. і разам тусяць, ніхто нікому не перашкаджае, абдымаюцца, цалуюцца. Я вяртаўся кожным разам і адразу пісаў песні, якія і ўвайшлі ў гэтую кнігу.

Пытанне з залі: Раскажыце больш падрабязна пра выставу «Украінскае цела». Чаму так здарылася, што яе зачынілі? Звязана гэта з жорсткай цэнзурай ва Украіне?

А. Б.: Сітуацыя з гэтай выставай звязана, хутчэй, са спецыфікай месца, чым з цэнзурай у прынцыпе. Цэнтр сучаснага мастацтва пры Кіева-Магілянскай Акадэміі, які доўгі час падтрымліваўся Фондам Сораса, — гэта такое ультраважнае месца для сучаснай культуры горада і краіны, дзякуючы якому ў Кіеве даведваліся пра сучаснае мастацтва. Некалькі гадоў таму фінансаванне Цэнтра спынілася, і ён пераехаў у іншае месца, а на ягоным месцы працягнуў сваю дзейнасць Цэнтр візуальнай культуры — такое лявацкае актывісцкае адукацыйнае аб’яднанне трохі іншага фармату, чым ЦСМ. Там паказваліся розныя мастацкія праекты, арганізоўваліся дыскусіі па гендэрных, сацыяльных пытаннях. Менавіта ў межах Цэнтра візуальнай культуры і была паказана выстава «Украінскае цела». Але для рэктара Акадэміі існаванне як ЦСМ, так і ЦВК заўсёды было як бяльмо на воку, таму выстава «Украінскае цела» сталася добрай нагодай спыніць дзейнасць гэтага цэнтра, аргументуючы тым, што на выставе, прысвечанай цялеснасці, ёсць аголеныя целы.

У мяне там былі выстаўленыя дзве працы. Адна — гэта малюнкі людзей, якія робяць сэлфі ў люстэрку з надпісам: «Маё порна — маё права». На малюнках я паспрабаваў стварыць адчуванне таго, што мы знаходзімся нібы за шклом у паліцэйскім участку: чалавек глядзіць у люстэрка, а насамрэч там за ім назіраюць. Праект быў прысвечаны закону, які забараняў захоўваць у сябе на камп’ютары парнаграфію, таму што гэта магло інтэрпрэтавацца як распаўсюд. Таксама правайдэры павінны былі паведамляць пра кліентаў, калі яны заходзяць на парнаграфічныя сайты. Перад гэтым быў вялікі педафільскі скандал у «Артэку», і пад шумок вырашылі закруціць гайкі. Акрамя таго, я выстаўляў некалькі прац са сваёй «Самай парнаграфічнай кнігі».

Акрамя маіх прац, былі прэтэнзіі да відэа Мікалая Рыднага «Рада» 2005 года. Праца ўяўляла сабой два экраны, на адным дэманстравалася галасаванне, на іншым — заалагічныя пячэнькі, якія скачуць па чарзе ў жаночую похву. Хоць працы і старыя, іх шмат дзе паказвалі, але прэтэнзіі ўзніклі менавіта ў той момант.

Сяргей Шабохін

Сяргей Шабохін / фота К.Палякова

Сяргей Шабохін: На выставе «XXY» я прадставіў працу «Зоны выцяснення». Гэта адна з дзвюх прац у экспазіцыі, якія не заўважаюць. Першая — праца Аляксея Лунёва, якая вісіць на столі. А мая праца знаходзіцца ў тым месцы галерэі, дзе звычайна размешчаны праход у прыбіральню. Я пабудаваў там тупік, імправізаваную зону, якая нагадвае санвузел з тыповай, як у грамадскайпрыбіральні, пліткай. І самае важнае, на што варта звярнуць увагу, — гэта надпісы, якія я збіраў з 2006 года ў мужчынскіх прыбіральнях Беларусі, надпісы, непрыкметна, на першы погляд, размешчаныя на швах паміж пліткай. Там шмат розных тэмаў — ад прызнанняў у каханні, палітычных і субкультурных выказванняў да гамафобіі і агрэсіі — па сутнасці, гэта такі альтэрнатыўны чат для мужчынаў. Мне было важна перанесці гэтыя прыватныя паведамленні ў публічную прастору, таму што ў прынцыпе мала хто ведае пра тое, што пішуць у прыбіральнях мужчыны для мужчын. Я быў сведкам, як многіх здзіўляе, што наогул ёсць такая практыка.

Надпісы размешчаны менавіта на швах, таму што плітка ў грамадскіх санвузлах увесь час вычышчаецца і мыецца, стэрыльнасць наогул тыповая для Менска. Але ў нас ёсць выцесненыя зоны — клубы, розныя іншыя прасторы, дзе цэнзура адступае і дазволена вельмі многае. І на тых плітках гэта відаць:

усё, што лічыцца ненарматыўным у нас у грамадстве, мае месца быць напісаным дзе-небудзь у прыбіральні Цэнтральнага вакзала.
С.Шабохін «Зоны выцяснення»

С.Шабохін «Зоны выцяснення» / 2014

Гэтая інсталяцыя з’яўляецца часткай большага майго праекта, які я распрацоўваю з 2011 года і які называецца «Практыкі падпарадкавання». Гэта такі татальны архіў — вобразаў, акцый, запісаў, аб’ектаў, — прысвечаны Менску і маім адчуванням ад горада і ў прынцыпе ад Беларусі. Па сутнасці, гэта такая калекцыя аб’ектаў страху. Гэта самыя звычайныя прадметы, якія нясуць зарад задушэння і агрэсіі. Мы сутыкаемся з імі кожны дзень на пабытовым узроўні, і штодня нас прымушаюць падпарадкоўвацца нейкім межам. Мне было важна знайсці вобразы, якія нясуць зарад агрэсіі, і галоўнае — агрэсіі з боку дзяржавы да індывіда. Галоўны лозунг гэтага праекта — «Дзяржава імкнецца да аднаго, індывід — да двух».

У Беларусі мала зон свабоды, але і імі дзяржава навучылася кіраваць. Я стараюся паказаць гэтае ўздзеянне. Напрыклад, адна з работ праекта звязаная з маім досведам, калі я тры гады падслухоўваў праз сцяну пры дапамозе шклянкі за сваімі суседзямі і дакументаваў іх рэплікі. Іншая інсталяцыя была выстаўлена ў Нью-Ёрку, і там у мяне з’явілася дадатковае паняцце «сацыяльнага цела», менавіта тады я пачаў працаваць з цялеснасцю. Там было фота, напрыклад, якое лёгка можна знайсці ў інтэрнэце, з венгерскім паслом у Беларусі, калі ён карыстаўся паслугамі прастытуткі, і праз гэтыя фатаграфіі яго дзейнасць тут была завершаная са скандалам. Гэта прыклад таго, як дзяржава выкарыстоўвае сексуальнасць, каб рэгламентаваць грамадства.

shabochin2

С.Шабохін «Практыкі падпарадкавання» / 2012

У Менску праект «Практыкі падпарадкавання» быў паказаны ў цэху завода «Гарызонт» у межах праекта «Радыус нуля», уся інсталяцыя была залітая чырвоным святлом. Там былі выстаўленыя дзве ідэнтычныя інсталяцыі, якія дэманструюць, што гэта паўсядзённыя практыкі і што нічога не змяняецца, пакуль не будуць здзейсненыя пэўныя крокі. У інсталяцыі было шмат лозунгаў, малюнкаў: суд над Канавалавым і Кавалёвым, конкурс бодзібілдынгу ў КДБ, быў запіс «Свежая рыба пахне заўсёды, замарожаная пачынае смярдзець толькі пры размарозцы» — пра тое, што ў нас многія праблемы замоўчваюцца, але, калі яны пачнуць абмяркоўвацца, гэта моцна засмярдзіць.

Зараз я рыхтую перасоўную ў прамым сэнсе калекцыю, якой хачу нарэшце завяршыць гэты праект.

Жанна Гладко: Я таксама раскажу пра свае працы ў межах выставы. Гэта серыя фатаграфій, надрукаваных на металле, — дзевяць аўтапартрэтаў і адзін партрэт. Серыя мае агульную назву — «Inciting Force». Для мяне праект мае шмат узроўняў, але я паспрабую распавесці толькі пра адзін аспект, які быў прапанаваны куратарамі выставы.

Гэта спроба даследавання ролі і месца жанчыны ў сістэме патрыярхальнага грамадства, дзе жанчына разглядаецца з пазіцыі Іншага ці меншасці, займае ролю пасіўнага аб’екта, «загадкавага, сексуальнага і прыгожага», а мужчына лідзіруе ва ўсіх сферах, з’яўляючыся дзейным, актыўным і паспяховым суб’ектам.

Пры дапамозе інструментаў фэшн-індустрыі я спрабую паказаць стэрэатыпны мужчынскі погляд на прыгажосць і сексуальнасць жанчыны, выявіўшы такім чынам больш востра гэтую праблематыку. Мая задача — перакуліць зададзены код.

Ганна Лакціёнава, Жанна Гладко / фота К.Паляковай

Жанна Гладко / фота К.Паляковай

Усе вобразы серыі амбівалентныя, супярэчлівыя і канфліктныя. Дзве фатаграфіі ўжо былі прадстаўлены ў галерэі ў межах маёй персанальнай выставы, прысвечанай узаемадачыненням з бацькам. На адной з фатаграфій я прымяраю на сябе вопратку свайго бацькі, і, з аднаго боку, гэта вобраз пратэставы, спроба здабыць сваю свабоду на самавыяўленне, на асабістую самаідэнтыфікацыю. З іншага боку, гэта спроба адпавядаць аўтарытэту бацькі, заняць суб’ектную маскулінную пазіцыю, здабыць мужнасць і сілу. На другім фотаздымку я выкарыстоўваю атрыбутыку, асацыятыўна звязаную з мужчынскім светам, і гэта вобраз супрацьпастаўлення жаноцкасці і сексуальнасці асексуальнай прасторы сям’і. Мой канфлікт з бацькам пачаўся ў момант майго сталення, станаўлення як жанчыны, калі мая сістэма каардынатаў стала для яго хаатычнай, ірацыянальнай і незразумелай, — я стала для яго Іншым.

У гэтай серыі таксама прысутнічае вобраз жаночай агрэсіі і дэманізму. Наступны вобраз дэманструе навязанае рэлігіяй і соцыумам нібыта гістарычна апраўданае становішча жанчыны ў падпарадкаваным, падушаным стане, у кантэксце міфа пра першародны грэх, таму я бяру садамазахісцкі кляп і замест шара выкарыстоўваю яблык. Далей вобраз жаночай сацыяльнай ролі — комплексу мацярынства. Наступны фотаздымак — спасылка на сусветную культуру, вобраз узяты з фільма Бюнюэля «Андалузскі сабака», самы яскравы прыклад жанчынаненавісніцтва ў мастацтве. У маім варыянце мужчынскія рукі замененыя на ўласныя, падобны лад дэманструе акт самабічавання, гвалту, самаагрэсіі.

Ж.Гладко / фота 34mag.net

Ж.Гладко «Inciting Force» / фота 34mag.net

Для наступнага партрэта я запрасіла майго калегу мастака Сяргея Шабохіна і паспрабавала «навязаць» яму свой вобраз, пазбавіўшы яго такім чынам індывідуальнасці. Наступны вобраз — трансвестыта — дэманструе мужчынскі іранічны погляд на жаночае ў квір-супольнасці. Я выкарыстала макіяж вядомага трансвестыта Divine. Наступная праца была створаная адмыслова для часопіса «Мастацтва». Мяне папрасілі стварыць працу, якая магла б стаць маім маніфестам, і я зрабіла аўтапартрэт. З часопісаў я выразала партрэты беларускіх паспяховых, аўтарытэтных і запатрабаваных мастакоў-мужчын з сферы сучаснага мастацтва і наляпляла іх на сваё цела. Гэты вобраз таксама амбівалентны — з аднаго боку, маё цела стала «іканастасам» ці рэкламным шчытом для іх. З іншага боку, гэта іронія, спроба зірнуць на праблему, якая існуе ў полі сучаснага мастацтва, — праблему гендэрнага дысбалансу і патрыярхальнасці гэтай сістэмы.

Пытанне з залі: Я хацеў бы вярнуцца да тэмы цэнзуры, і мне цікава, як пасля гісторыі з закрыццём выставы «Украінскае цела» змянілася ўспрыманне гендэрнай і сексуальнай тэматыкі ва ўкраінскім грамадстве? Як праходзяць, напрыклад, гей-прайды?

А. Б.: Як такой цэнзуры ў нас няма. У дадзеным выпадку з «Украінскім целам», як я ўжо казаў раней, асноўным было жаданне рэктара, які знайшоў нагоду. Пасля таго як Цэнтр візуальнай культуры зачыніўся пры Магілянцы, ён працаваў на розных пляцоўках. Цяпер яны ствараюць новую прастору. Што тычыцца, напрыклад, гендэрнага размеркавання ў арт-полі, у нас з гэтым праблем няма, і самыя паспяховыя мастакі — гэта мастачкі. Напрыклад, Жанна Кадырава, Лада Наканечная, Лэся Хаменка — гэта адны з самых паспяховых, вельмі актыўных аўтарак.

Што тычыцца гей-прайда, пакуль у нас усё гэта праходзіць у асноўным неафіцыйна. У апошні раз ён праводзіўся на тэрыторыі закрытай кінастудыі. Але сітуацыя была вельмі сакрэтная, і многія ЛГТБК-актывісты не ведалі да апошняй секунды, дзе пройдзе парад. У выніку, калі даведаліся і прыехалі, хтосьці ўжо зліў інфармацыю, і пад сценамі кінастудыі ўжо былі бабулі, казакі і г. д. Але тым не менш нядаўна ў нас быў фестываль з паказам праграмы гей-кіно, дзе быў і эпізод з майго фільма. Таксама была ў межах паказу дыскусійная пляцоўка. Уваход быў па запісе, але прыйсці можна было.

Пытанне з залі: Ці табуяваная тэма сексуальнасці на афіцыйным узроўні ва Ўкраіне?

А. Б.: З аднаго боку, не. З іншага, зразумела, што дамінуе такая досыць патрыярхальная мадэль разумення сексуальнасці. Змены адбываюцца, але праз моладзь, якая робіць штосьці больш адкрыта. Паўплывала таксама ЕЎРА-2012, якое адбывалася ў Кіеве. Прыехала шмат розных людзей з розных краін, горад змяніўся. Напрыклад, павінен быў выступаць Элтан Джон, і таксама быў пікет з гамафобнымі плакатамі, але мінакі іх не падтрымалі. Гэта таксама добры знак таго, што нешта змяняецца.

Рэпліка з залі: Але выстава ў «Я Галерэі» гарэла…

А. Б.: Ну толькі трохі падкапцілася. І гэта быў яшчэ 2009 год. Пасля гэтага я зрабіў працу «Гамафобія сёння — генацыд заўтра», якую прэзентаваў у Вільнюсе на чыгункавай станцыі, а потым у Кіеве на выставе «Тыя, што прыйшлі ў 2000-я».

BV8A8107

Пытанне з залі: У мяне пытанне да Сяргея. Ты казаў пра сацыяльнае цела беларусаў, якія пастаянна сутыкаюцца з умяшаннем у сваё асабістае жыццё. Але не здаецца табе, што гэта ў тым ліку ўплывае і на тое, як культурныя інстытуцыі ў Беларусі таксама цэнзуруюць тое, што прапануюць мастакі? Напрыклад, у Гомелі на выставе «Алфавіт» паўстала пытанне вакол відэапрацы, дзе буйным планам паказвалася тая частка жаночага цела, дзе пупок трохі пераходзіць у лабок. Ці звязана гэта толькі з кансерватыўнымі поглядамі інстытуцыі? Ці тут таксама мае месца пэўнага кшталту замова на рэгламентацыю цела і цялеснасці?

С. Ш.: Мне здаецца, што фанатызм, з якім беларусы ў апошні час ставяцца да адзення і рэчаў, якраз і звязаны ў першую чаргу з татальным прыгнётам сацыяльнага цела. Фізічнае цела — гэта адзінае, што табе належыць. Гэта ілюзія, але тым не менш. Раней я ўжо прыводзіў прыклад таго, як з дапамогай сексуальнасці можна блакаваць дзейнасць. Беларуская мастачка Алеся Жыткевіч зрабіла таксама працу пра сексуальную Беларусь, напрыклад, таму што гэтая тэма на дзяржаўным узроўні выяўляецца ў іншых формах. Праводзяцца конкурсы прыгажосці, дзе з амерыканскай калькі паказваюць іншую прыгажосць.

То бок усе гэтыя законы, якіх у нас шмат, вельмі моцна блакуюць адчуванне свабоды свайго цела, і мне зразумела, чаму ў нас няма культуры пратэсту,у адрозненне ад украінцаў ці палякаў, напрыклад.

Г. Л.: Дзякуй за вашыя прэзентацыі. Што можна сказаць дакладна — тое, што ва Украіне візуальна не бачная праблема месца жанчын у сістэме арт-каардынатаў, а ў Беларусі гэтая праблема ёсць і пастаянна абмяркоўваецца. Напрыклад, у межах праекта «Радыус нуля», дзе шэраг беларускіх мастачак актуалізавалі праблематыку месца жанчыны ў лакальнай арт-прасторы. Таксама характэрным, напэўна, для ўсёй постсавецкай прасторы з’яўляецца змешванне паняткаў гомасексуалізму, парнаграфіі, сексуальнасці, гендэра. Гэта змешваецца ў адзін камяк, і потым лёгка маніпуляваць аб’ектамі і суб’ектамі, якія працуюць з гэтымі тэмамі, з грамадскай думкай.

Тым не менш мастакі кажуць пра гэта, ставяць пытанні, правакуюць дыскусіі, і гэта рухае наперад.

Менск 2014

На вокладцы // фрагмент інсталяцыі С.Шабохіна «Зоны выцяснення» 

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


  1. миша:

    Ты Должен Это Знать что думают простые поляки о Белоруссии, России и Украине
    https://www.youtube.com/watch?v=c2Csf00NCIc

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology