ЖАННА ГЛАДКО: ПРАВА НА «УЛАСНАЕ ЦЕЛА»

Пытанне ўзаемадачыненняў погляду на сябе знутры і погляду на нас збоку — індывідуальнага і калектыўнага, персанальнага і грамадскага — адна з самых доўгайгральных дылем, над якімі разважалі і працягваюць разважаць прадстаўнікі самых розных сфераў, у тым ліку і мастакі. Ідэнтычнасць і яе шматлікія праявы сталіся аб’ектам пільнай увагі куратараў і ўдзельнікаў арт-праекта «XXY», які адкрыўся на пачатку верасня 2014 года ў менскай галерэі «Ў». Ужо не ў першы раз у сценах гэтай галерэі экспануюцца працы сучаснай беларускай мастачкі Жанны Гладко.

У фармаце паўнавартаснай экспазіцыі яна прадставіла дзевяць «антыаўтапартрэтаў» і адзін партрэт, аб’яднаныя творчай задачай — паказаць маскі-клішэ, з якімі асацыюецца ў нашым грамадстве вобраз жанчыны.

gladko4

Жанна Гладко, з праекта «Inciting Force» / экспазіцыя «XXY»

Актуальнасць пытання наяўнасці стэрэатыпных мадэляў паводзінаў, якія навязваюцца грамадствам жанчыне, на жаль, у беларускім кантэксце сумневу не выклікае. Масавыя медыйныя пляцоўкі Беларусі лёгка дазваляюць сабе ў станоўчым ключы падаваць ідэалогію перавагі аднаго полу над іншым, апраўдваючы такім чынам ягоную дыскрымінацыю. Літаральна на днях я прачытала ў беларускім інтэрнэце інтэрв’ю з фатографам Аляксандрам Канатопам, прадстаўленым як «адзін з самых вядомых і высокааплатных фатографаў-партрэтыстаў у Беларусі». Журналіст Дзмітрый Корсак цытуе меркаванне Канатопава, які разважае пра гендэрныя стэрэатыпы ў фатаграфіі ў тэрмінах «бландынка фатаграфуе свой сняданак і попу ў люстэрку дзень за днём 400 разоў», у той час як мужчынскі пол надзяляецца фатографам такімі эпітэтамі, як «прафесіянал», «тэарэтык» і «крытык».

«Здавалася б, сняданак на стале, «лук» у прыбіральні клуба, пляжы і пальмы на адпачынку — банальныя тэмы для фатаграфіі, але наша бландынка з iPhone працягвае ўпарта практыкавацца і дамагацца вельмі добрых вынікаў, таму што здымкі — інструмент, які дазваляе ёй вылучыцца сярод аднагодак», — заяўляе Аляксандр Канатоп. Як бачым, у ягоным дыскурсе жанчына ўяўляецца істотай, абцяжаранай матывацыяй усімі сродкамі стаць прыкметнай у асяроддзі да сябе падобных.

Ці з’яўляецца такая заява адкрыта шавіністычнай? На маю думку, несумненна.

Магчыма, сам прапагандыст не ўсведамляе, што з’яўляецца носьбітам скажонага патрыярхальнага стэрэатыпу: разуменне прыгажосці жаночай цялеснасці Аляксандрам Канатопам становіцца зразумелым нават пры павярхоўным знаёмстве з ягонай фотатворчасцю. На сайце фатографа мы можам самі ацаніць працы беларускага «прафесіянала»: напаўаголеныя дзяўчыны з панадліва расстаўленымі пад патрэбным ракурсам нагамі, нявесты з цыгарэтамі, панадлівымі ярка-чырвонымі вуснамі ў туфлях на абцасах. Такі погляд на жанчыну тыповы не толькі для творчасці заяўленага аўтара, але лічыцца агульнапрынятым у нашай краіне ўвогуле. Менавіта на падобныя стандарты прыгажосці раўняюцца сёння як дзяўчынкі-падлеткі, так і маладыя жанчыны, пакінуўшы за бортам непапулярныя мадэлі прынцэсы Дыяны альбо Маргарэт Тэтчэр.

Сіндзі Шэрман, з праекту «Кадры з фільмаў без назвы»

Аўтапартрэты Сіндзі Шэрман

Праца са стэрэатыпнымi вобразамі — папулярная ў свеце тэма яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Дастаткова прыгадаць, напрыклад, маштабны праект «Кадры з фільмаў без назвы» амерыканкі Сіндзі Шэрман, які атрымаў шырокі рэзананс. У сваім праекце Сіндзі прымярала на сябе вобразы персанажаў з розных сацыяльных груп: ад хатняй гаспадыні да дзелавой ледзі, — такім чынам прадстаўляючы ў гіпербалізаваным выглядзе крывыя люстэркі адлюстраванняў амерыканскіх жанчын. Шэраг мастацтвазнаўцаў вельмі тонка і дакладна называе аўтапартрэты Шэрман «каментарамі да культурных стэрэатыпаў жанчын, папулярных у СМІ і грамадстве», што канцэптуальна падкрэсліваецца самой аўтаркай тым, што яна не прысвойвае ніводнаму са здымкаў назваў, толькі парадкавыя нумары.

Паўднёвакарэйская фатограф Нікі С.Лі таксама займаецца пераасэнсаваннем гендэрных стэрэатыпаў у сваёй серыі «Часткі» — псіхалагічным даследаванні вобразаў самой сябе ў галерэі фрагментаў сцэнак міжасобасных узаемадачыненняў. Стымулам для стварэння серыі стала ўсведамленне множнасці ідэнтычнасці кожнага чалавека ў калейдаскопе сацыяльных сувязяў. «Я зразумела, што мая ўласная ідэнтычнасць перажывае змены ў залежнасці ад таго, з кім я маю справу… Хтосьці можа прымушаць мяне адчуваць незалежнасць і напорыстасць, у той час як з іншымі людзьмі я раблюся жаноцкай і далікатнай», — тлумачыць свой падыход Нікі. Але калі ў цэнтры творчасці Сіндзі Шэрман — зборны характар партрэтаў, абумоўленых калектыўнай свядомасцю, Нікі С.Лі гуляе, хутчэй, з персанальнай гісторыяй ідэнтычнасці. Яе здымкі па форме падобныя менавіта да несур’ёзных сямейных карткаў, якія выпадкова выпалі з альбома.

Нікі С.Лі, з серыі «Часткі»

Нікі С.Лі, з серыі «Часткі»

Тэма гендэрных стэрэатыпаў сёння дастаткова распрацаваная ў прасторы сусветнай фатаграфіі, у той час як у Беларусі яна толькі пачынае набываць папулярнасць. У фокусе творчасці беларускай мастачкі Жанны Гладко апынаюцца менавіта культурна і сацыяльна абумоўленыя маскі, якія яна спрабуе паказаць у праекце «Inciting Force». Яна стварае калекцыю фотаздымкаў, якую метафарычна называе «наборам фрагментаў ці частак для канструкта пад назваю “жаночая ідэнтычнасць”». У яе працах мы знаходзім жорсткі, крытычны аўтарскі погляд на тое, як прызвычаіліся сёння бачыць жанчыну, сутыкаемся з візуальным прадстаўленнем таго, як можа адчуваць сябе жанчына, якую прымушаюць прымяраць маскі «бландзінкі з цыгарэтай» — пакорлівай, безэмацыйнай, той, якая спрабуе іграць па правілах індустрыі прыгажосці і гламуру.

«Мая серыя ў адным са сваіх ракурсаў расказвае пра «культурныя сімптомы» нашага грамадства. Гэта спроба паказаць своеасаблівы погляд на жаночае, на жаноцкасць, на ролі жанчыны, спроба аналізу звязаных з гэтымі ролямі стэрэатыпаў і спосабаў іх рэпрэзентацыі ў рэкламе, СМІ, візуальным і тэкставым мастацтвах і г. д. У серыі ёсць месца і стэрэатыпным ролям жанчыны, якія могуць быць крытычна ўспрынятыя фемінісцкай тэорыяй: жанчына-муза, жанчына-маці, фатальная жанчына — вобразы, якія адпавядаюць патрыярхальнай культуры, мужчынскаму ўяўленню пра жанчыну. Пры гэтым я свядома не імкнуся дээратызаваць альбо дээстэтызаваць жаночую сексуальнасць, таму што бачу ў гэтым моцны інструмент, які дазваляе абвастрыць праблематыку», — расказвае Жанна Гладко пра экспазіцыю «Inciting Force ».

Жанна падкрэслівае, што ў спектр яе мэтаў не ўваходзіць абвяшчэнне вайны мужчынам. Пад сумнеў яна ставіць у прынцыпе культуру маскуліннага тыпу, якая перашкаджае паўнавартасна раскрыцца прадстаўнікам абодвух полаў.

На думку мастачкі, патрыярхальны тып культуры штучна канструюе вобраз жанчыны і мужчыны, прымушаючы не толькі жанчын, але і вялікую колькасць мужчын пакутаваць ад таго, што яны не ў стане адпавядаць зададзенаму ў грамадстве стандарту.

Жанна Гладко, з праекта «Inciting Force» / экспазіцыя «XXY»

Жанна Гладко, з праекта «Inciting Force» / экспазіцыя «XXY»

Каментуючы клішэ, з якімі яна працавала пры рэалізацыі праекта, Жанна Гладко адзначае, што яны ў Беларусі з’яўляюцца выразна абумоўленымі агульным успрыманнем жанчыны. Жанчыну бачаць як інфантыльную істоту са статусам, які мяжуе са статусам дзіцяці,— «субстанцыя, якая не валодае дастатковай ступенню інтэлектуальнага, фізічнага развіцця». Мужчына пры гэтым традыцыйна ўспрымаецца як суб’ект, які думае, актыўны суб’ект, які назірае, які характарызуецца жаданнем валодаць, у тым ліку і жанчынай —аб’ектам заўсёды пасіўным, які гэтаму позірку падстаўляецца. Акрамя таго,жанчына часта аказваецца пазбаўленай права на сваё ўласнае цела і права яго кантраляваць так, як яна хоча, у тым ліку і адмовіцца ад мацярынства.

Так, адной са сваіх задач у межах экспазіцыі «XXY» мастачка бачыць рэканструкцыю права жанчыны на сексуальнасць і цялеснасць.

«Сёння існуе праблема не толькі мужчынскага погляду на жаночае, але і самой жанчыны на жаночае, — тлумачыць Жанна Гладко.— У нашым грамадстве жанчына як быццам адлюстроўвае погляд двух бакоў: з аднаго боку, гэта погляд мужчыны ў межах патрыярхальнай сістэмы, з іншага — уласна сістэма жанчыны, якая часта ўспрымаецца як маргінальная, знаходзіцца ў пазіцыі Іншага».

Жанна Гладко, з праекта «Inciting Force» / экспазіцыя «XXY»

Жанна Гладко, з праекта «Inciting Force» / экспазіцыя «XXY»

Жанна лічыць, што кожны вобраз у яе серыі амбівалентны, супярэчлівы і канфліктны. Жанчыну яна бачыць у цэнтры праекта як кропку адліку. «Жанчына прыкладае занадта шмат высілкаў, каб адпавядаць самой сабе. Замест таго, каб заставацца пасіўнай, яна актыўна навязвае свой пункт гледжання гледачу, ператвараецца ў “я”, з якім глядач вымушаны ідэнтыфікавацца. Але ў той жа час адбываецца яе нівеляванне… У серыі насамрэчмяне няма — ні за водным з вобразаў немагчыма выявіць дакладна маю асобу, мяне як мастачку. Гэта антыаўтапартрэты, маскі, якія прымяраю.

Я тут прысутнічаю ў многіх вобразах, але мяне не існуе. І вельмі складана зразумець, хто тут аўтар. Мужчына, у адпаведнасці з поглядам якога і былі створаны гэтыя вобразы? Альбо аўтар-жанчына, чыя ідэнтычнасць фармуецца з набору навязаных ёй элементаў? Ці гэта я, якая існуе ў розных інтэрпрэтацыях, спрабуючы сабрацца ў нейкую сутнасць — адзіную і паўнавартасную? А можа быць, гэта сам глядач, які з’яўляецца і крытыкам, і інтэрпрэтатарам?» — задаецца пытаннямі аўтарка. «Мяне цікавяць усе заяўленыя пазіцыі, а назва праекта «Inciting Force» («Правакуючы сілу») адлюстроўвае асабістае імкненне, якое мае дваісты характар: з аднаго боку, гэта жаданне пазбегнуць ролі аўтара, творцы, суб’екта — характарыстыкі фалацэнтрычнай сістэмы, з іншага — заняць месца маскуліннай суб’ектнай пазіцыі, справакаваўшы ў сабе якасці, якія адпавядаюць гэтаму стандарту».

Фотаздымкі мастачкі ў розных ракурсах, сканструяваных з аглядкай на папулярныя клішэ масавай культуры, аддрукаваныя на металічных пласцінах з амаль люстраной паверхняй. Сама Жанна такі выбар матэрыялу тлумачыць тым, што гэта надае яшчэ адзін сэнсавы акцэнт заяўленай канцэпцыі:

«У гэтым праекце для мяне важная тэма люстэрка, то бок адлюстравання і погляду. Глянцавы метал быў узяты невыпадкова: ён сапраўды моцна адлюстроўвае, замінаючы гледачу бачыць, таму што ў працэсе разглядання працы ён таксама назіраеі сваё адлюстраванне. Гэта не толькі перашкаджае ўспрыманню, але і ў чымсьці адводзіць яго ўбок ад праблематыкі. Так і першапачаткова эстэтызаваныя выявы часта адцягваюць нас ад заяўленай праблемы, што, зрэшты, адлюстроўвае стан нашага грамадства і тых тэмаў, заяўленых у межах выставы. Яны існуюць, але яны растаюць, скажаюцца, адбіваюцца, блікуюць, выслізгваюць, альбо адбываецца адмаўленне — іх быццам бы не існуе.

Грамадства часам «не заўважае» ці нават выключае так званых маргінальных альбо дэвіянтных людзей, канструюючы «нармальнасць» як безумоўную грамадскую каштоўнасць.

Тое ж самае адбываецца і з асобай. Для мяне важны аспект неадназначнай ідэнтычнасці — «размытасці суб’ектыўнасці». Ідэнтычнасць як нешта фрагментарнае, нестабільнае, зменлівае, тое, што выслізгвае. Не існуе нейкай аднастайнай сутнасці пад назваю жанчына, якая супрацьстаіць мужчыну. Я б лепей гаварыла пра мультыкультуралізм і талерантнасць».

Жанна Гладко, з праекта «Inciting Force» / экспазіцыя «XXY»

Жанна Гладко, з праекта «Inciting Force» / экспазіцыя «XXY»

«Inciting Force» памнажае маскі, у літаральным сэнсе размываючы — па правілах постмадэрнісцкага грамадства — нашыя ідэнтычнасці. Дарэмна спрабуючы разглядзець фатаграфіі, мы пераступаем з нагі на нагу, мяняем становішча цела і пункт гледжання: твар не-Жанны з металічнай паверхні напластоўваецца на наш уласны, погляд Іншага змешваецца з нашым уласным. Паэтка і крытык Вольга Гапеева ў рэцэнзіі на адзін са здымкаў праекта Жанны Гладко піша: «Тое, што мастачкі часта выкарыстоўваюць уласнае цела ў сваіх працах,— не сакрэт, аднак не варта думаць, што гэта нешта з шэрагу “самалюбавання”, усё куды значна больш сур’ёзна і безнадзейна».

Безнадзейнасць сапраўды здаецца своеасаблівым тэгам, які сёння суправаджае праблему жаночай ідэнтычнасці ў беларускім грамадстве. Ці атрымаецца калі-небудзь скласці гэтыя множныя вобразы ў гарманічны калаж, які не складаў бы супярэчнасці з нашым уласным успрыманнем? Пытанне адкрытае, і нам застаецца толькі ў чарговы раз разглядаць у люстэрку грамадства яшчэ адну жанчыну. Сябе

Вольга Бубіч

Фатаграфіі // Жанны Гладко, Вольгі Бубіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology