COOL’OK ПАДЗЕЙ’14: «НЕ ЧЫТАЛІ, АЛЕ АСУДЖАЮЦЬ»

Ужо трэці раз pARTisan спрабуе падвесці культурныя вынікі папярэдняга года ў рубрыцы «Cool’OK падзей». Раней мы апытвалі культурных дзеячаў і актывістаў, чые імёны пастаянна ў цэнтры незалежнага, неафіцыйнага культурнага жыцця краіны.

Гэтым разам мы падумалі, што ў прынцыпе можам прадказаць тое, што адзначаць эксперты: Месяц фатаграфіі, фестывалі ў Шаблях, тэатральны форум «Тэарт», кінафестываль «Лістапад», выставы «Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва», «XXY» ды іншыя, праект «Фемінісцкая (art) крытыка», імпрэзы, фестывалі, кніжкі ў кнігарні «ЛогвінаЎ», Дзень вышыванкі – то бок тыя падзеі, пра якія пісалі, абмяркоўвалі, спрачаліся – яны былі бачныя ў нашым культурным коле.

А што бачыць – мінак? Як і праз што ўспрымае культуру той ці тая, хто так і не адкрыў для сябе галерэю «Ў», кнігарню «ЛогвінаЎ», ЦЭХ ды іншыя арт-пляцоўкі?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, pARTisan вырашыў пакінуць сваю ўтульную зямлянку і выйсці ў народ. У апытанні паўдзельнічалі людзі з розных кропак Менска, рознага ўзросту і прафесійнай адукацыі, у тым ліку культурныя актывісты.

ЧАСТКУ ПЕРШУЮ і ДРУГУЮ знойдзеце там!

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ і апошняя: «НЕ ЧЫТАЛІ, АЛЕ АСУДЖАЮЦЬ»

Крысціна, студэнтка, Сухарава

Узарваў канцэрт Tricky, бо я яго слухаю і люблю. Я і падумаць не магла, што ўдасца схадзіць на канцэрт у Менску, ды наогул, гэта нечувана, што яго сюды прывезлі. Запомнілася энергетыка, танцы на сцэне і тое, як ён балбатаў, не зважаючы на нікога, са сваёй вакалісткай. Напэўна, падзея года для мяне.

Аляксандр, беспрацоўны, Фрунзенскі раён

Фестываль «Лістапад» — адзіная гучная і сапраўды якасная падзея года!

Марыя, супрацоўніца ўстановы «Мінскканцэрт»

Мюзікл «Дуброўскі» ў Тэатры музкамедыі — сумесная пастаноўка студэнтаў Інстытута культуры і Тыма Брэйбурга.

Таццяна, выкладчыца італьянскай мовы

Можна паказы еўрапейскіх фільмаў у «Перамозе» адзначыць, я, вядома, глядзела італьянскія апошнім часам. Таксама ўпершыню пасля адкрыцця была ў Оперным на балеце.

Яўгенія, праектная менеджарка

Выстава «Дзесяць стагоддзяў мастацтва», на якой я была з сяброўкай. Уражвала колькасць гледачоў, але гэта было і праблемай — у экспазіцыйных залах было не праціснуцца.

Ларыса Іванаўна, пенсіянерка, Цэнтральны раён

Унучка вучыцца на мастака і цікавіцца фатаграфіяй, вадзіла мяне на дзве фотавыставы. Падаецца, гэта была нейкая вялікая падзея — шмат выставаў тады было.

Мікалай, супрацоўнік ІТ-кампаніі

Дзяўчыну запрашаў на канцэрт гурта «Мумий Тролль», які, як заўсёды, быў супер.

Андрэй, рэжысёр, жыве ў Вяснянцы

Не галоўнай, але адной з добрых навін, ці нават навінак, быў выхад «Interstellar» у кіно. Шмат розных водгукаў было пакінута, але мяне вабіць касмас і фантастычныя сюжэты, таму фільм запомніўся надоўга.

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

Тамара Леанідаўна, прадавачка

У асноўным, нідзе не была. Можа, у наступным годзе будзе больш грошай, каб гуляць.

Зміцер, перакладчык, Малінаўка

Наведаў адзін з апошніх канцэртаў гурта «Ляпіс Трубяцкой», пабываў яшчэ на дзясятку іншых канцэртаў.

Аляксей, студэнт, Уручча

Было шмат добрых фільмаў, напрыклад, «Гатэль Гранд Будапешт». Сапраўднае шчасце, што ўсё яшчэ працуе «Ракета», дзе круцяць арт-хаўз. Быў з дзяўчынай на фільме «Prince Avalanche» (у рускім перакладзе «Властелин разметки») – добра правялі час.

Анна Канстанцінаўна, бухгалтарка, Уручча

З вялікай цяжкасцю трапілі з мужам на «Жар-птушку» ў Вялікім тэатры, дзякуй калезе, што дапамог знайсці квіткі. Пастаноўка была вельмі багатай, пачула сябе ў «вышэйшым свеце».

Паліна, менеджарка мэблевага салона, Савецкі раён

На дзень народзінаў атрымала квіток на Паліну Гагарыну, якую вельмі люблю. Акрамя гэтага канцэрту амаль нічога не бачыла.

Сяргей Міхайлавіч, супрацоўнік банка, Завадскі раён

Чэмпіянат свету па хакеі, што тут яшчэ назваць? Хадзілі з сябрамі на Беларусь–Латвія ды Расія–Германія. Апроч гэтага на рыбалку ездзілі, вельмі культурна.

Алена, арганізатарка масавых мерапрыемстваў, Першамайскі раён

Варта назваць арт-пікнік FSP, а таксама вінілавыя марафоны ў бары «Ў» ды іншыя падзеі такога кшталту, вакол якіх і верціцца сапраўдна жыццё Менска. Няхай такія пікнікі адбываюцца штотыдзень!

Юлія і Яўген, бацькі малых блізнят, Цэнтральны раён

Апошні год паміж працай і дзецьмі часу на культурныя падзеі не застаецца. Чарговы раз былі ў Шаблях, паглядзелі Суціна падчас выставы ў Нацыянальным музеі. Хацелі б паглядзець на Cirque du Soleil, але грошай пакуль што не стае.

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

© Юрка Дзівакоў-Душэўскі

Альгерд, пісьменнік, перакладчык, і Юля, паэтка, перакладчыца, Зялёны луг

Мы маглі б вылучыць адразу некалькі культурніцкіх падзей, якія адбыліся сёлета ў Менску і падаюцца нам значнымі. Найперш — выставу «Фемінісцкая (art) крытыка», якая прайшла ў прасторы ЦЭХ у канцы лістапада — пачатку снежня. Выстава — гэта толькі частка праекта, там адбываліся таксама лекцыі, перформансы, карацей, была створаная пляцоўка, каб пагаварыць пра сапраўды важныя рэчы, якія замоўчваюцца ў сучасным грамадстве і без разумення якіх беларуская культура наўрад ці здольная рухацца далей.

Калі гаварыць пра тэатр, дык тут варта было б згадаць творчасць сучаснага драматурга Максіма Дасько — чытка ягонай п’есы «Радыё Культура», якую мы арганізавалі дома, для саміх сябе, была для нас падзеяй, больш важнай за шмат якія публічныя імпрэзы. Яшчэ быў міжнародны фестываль «Тэарт», які на нейкі час стварыў у горадзе добрую такую, вясёлую атмасферу пошуку «лішняга білеціка». У літаратуры запомнілася прэзентацыя кніжкі Адама Глобуса «Апавяданні розных гадоў» у галерэі Ў, там была яшчэ выстава ягоных карцін. Ну, і выхад аповесці «Палігон» Андрэя Лазуткіна (мы ўдзельнічалі ў яе прэзентацыі ў кнігарні «ЛогвінаЎ») — усчалася такая «дыскусія», якая канчаткова засведчыла, што падзел на нашых і не нашых у беларускай культуры застаецца,

і мяжа паміж імі ляжыць далёка ад гэтай самай культуры, а людзей, якія «не чыталі, але асуджаюць», у нас менш не робіцца.

Падрыхтавала Саша Губская

Малюнкі Юркі Дзівакова-Душэўскага

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology