БУМ-БАМ-ЛІТ: НЕ ПЫТАЙСЯ, ПА КІМ БОМКАЕ ТАЗІК

13 лістапада ў Музэі-майстэрні З. Азгура «Бум-Бам-Літ» адзначае сваё 20-годзьдзе.

Архіў! pARTisan #1’2002, тарашкевіца

«Бум-Бам-Літ» — творчы рух беларускіх авангардыстаў. Утвораны ў 1995 г. Вядомы сваімі літаратурна-музычнымі імпрэзамі, мастацкімі акцыямі, пэрформансамі. Асноўныя чальцы суполкі: Валянцін Акудовіч (называе сябе «адвакатам» ББЛ), Зміцер Вішнёў, Алесь Туровіч, Альгерд Бахарэвіч, Юрась Барысевіч, Віктар Жыбуль, Ілля Сін, Сева Гарачка, Серж Мінскеві, Вальжына Морт, Міхась Башура, Жанна Васанская, Ганна Ціханава, Ірына Туровіч, Дзяніс Хвастоўскі і інш. З бум-бам-літаўскага асяродку «вылупіліся» пэрформэр-групы «Тэатар псыхічнае неўраўнаважанасьці», «Спэцбрыгада афрыканскіх братоў», літаратурная суполка «Sсhmerzwerk». — Заў. Рэд.

7

КРЫЖ БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРЫ

Першая супольная акцыя бум-бам-літаўцаў «Крыж экзыстэнцыі» адбылася 26 траўня 1995 года — празь некалькі дзён пасьля рэфэрэндуму, які аднавіў дзяржаўны статус савецкае мовы й чырвонага сьцяга. Падчас выступу паэтаў і музыкаў у Нацыянальным Гуманітарным Ліцэі Ільля Сін разьдзёр сваю вопратку й прыбіў яе да крыжа зь негабляваных дошчак. Вечарыну спыніла выкліканая кімсьці міліцыя. Крыж мы аблілі чырвонаю фарбай і ля былога паганскага капішча адпусьцілі ў эміграцыю па хвалях Сьвіслачы, а самі пастанавілі не наракаць на суіцыдальныя памкненьні Беларусі, а пашукаць нейкіх новых спосабаў кантакту з грамадзтвам, якое пагарджае сваёй літаратурнаю мовай. (Праз пару месяцаў мы паслалі ў вырай сьледам за крыжам і нашыя тэксты, складзеныя ў выглядзе караблікаў альбо закаркаваныя ў «рабінзонаўскія» пляшкі. Сярод іх быў і наш першы «зборнік» пад назовам «Нам хана — вакол хунта», які Вішнёў наклеіў на бутлю ад фізіялягічнае рошчыны.)

Крызіс літаратурнае мовы назіраецца ва ўсім сьвеце, але ў нашай краіне ён тады адчуваўся асабліва востра — і ў гэтым пляне ББЛ можна назваць глыбока аўтэнтычнай зьяваю нацыянальнае культуры.

Літаратары пачалі шукаць для сабе не аўдыторыю, а кліентуру — засвойваць прастору галерэяў і фэстываляў альтэрнатыўнае музыкі. Адной з мэтаў ББЛ, побач з сынтэзам розных мастацтваў, мы абвесьцілі вызваленьне літаратуры ад тыраніі рэдакцыяў і друкарняў, празь якія пекнае пісьменства кантралююць палітыкі або камэрсанты. На мой погляд, літаратуру складаюць не друкаваныя творы, а творчыя практыкі пісьма й чытаньня: літаратура існуе ня ў кнігах, а ў саміх аўтарах і рэцыпіентах мастацкага слова ці жэсту. Бум-Бам-Літ не дэкляраваў сваёй палітычнай ангажаванасьці з тае прычыны, што на час ягонага заснаваньня ніша песьняроў беларускай дзяржаўнасьці была ўжо перапоўненая, а выглядаць эпігонамі мы не хацелі. І ўсё ж крыху сымбалічна, што сваю найлепшую канцэптуальную акцыю «Аrt-прагноз ’96» Бум-Бам-Літ зладзіў разам з мастаком (і фундатарам) Алесем Пушкіным 23 сакавіка — напярэдадні першай вулічнай хвалі пратэсту менчукоў супраць гандлю сувэрэнітэтам краіны.

8

ЛІТАРАТУРНА-МАСТАЦКАЯ ПАРТЫЯ

Назва Бум-Бам-Літ нарадзілася з назвы складзенага, але так і не надрукаванага «Табалой S-тэт» зборніка тэкстаў «Нэа-літ» і гукаў алюміневага тазіка — рэінкарнацыі шаманскіх тамтамаў і вядзьмарскіх бубнаў — які выкарыстоўваўся ў якасьці гонга на нашых першых канцэртах. Тазік мы не куплялі: Мінскевіч знайшоў яго ці то на сваім, ці то на суседзкім гаўбцы, куды ён, магчыма, апусьціўся зь неба. Сакралізаваны бразгат пагнутае пасудзіны мусіў, апроч усяго іншага, зьвярнуць увагу гледачоў на цяжкую долю жанчыны ў патрыярхальным (ці выпадкова прэзыдэнта называюць бацькам?) грамадзтве й нагадаць ёй самой, што нават стары тазік можа быць прыдатны ня толькі для мыцьця бялізны й гатаваньня прыпасаў на зіму, але й для самавыяўленьня асобы. Падчас сяброўскіх баляваньняў пасьля канцэртаў тазік часам скарыстоўваўся ў якасьці кубка для віна.

АЛЬТЭРНАТЫЎНЫЯ ПРАСТОРЫ ПІСЬМА

Людка Сільнова выставіла на «Art-прагнозе ‘96» тэксты, вышытыя альбо надрукаваныя на шоўку («Дудачка»), на джынсавай тканіне («Валянцінка»), на палатне («Матчына мова»), на кавалку посьцілкі («Кніга тканая»), а таксама «Запісы на кулінарнай фользе». (На фэстывалі паэзіі «Час і месца» Сільнова раздавала прысутным вершы, напісаныя на зжаўцелых, але яшчэ жывых кляновых лістах.) Зьміцер Вішнёў вынайшаў тэхналёгію «друкапісу»: рукапісныя тэксты з аўтарскімі ілюстрацыямі памнажаліся на ксэраксе («да100тковым» накладам) і прадаваліся на нашых імпрэзах. Разам зь Вішнёвым і Сінам мы стварылі першую сьвядомую Анты-кнігу: хлопцы склалі й сшылі адкіды літаратурнай вытворчасьці, знойдзеныя ў рэдакцыйных сьметніцах, а я прыдумаў, як гэта назваць. Складалі таксама Гіпэр-кнігу: зрабілі велізарную вокладку-скрыню й пачалі запаўняць яе сваімі публікацыямі, ганаровымі дыплёмамі, скасаванымі талёнамі на аўтобус, сувэнірамі — пакуль не зразумелі, што гіпэр-кнігаю для нас зьяўляецца ўвесь навакольны сьвет.

Дарэчы, на імпрэзе, прысьвечанай памяці Гіёма Апалінэра (1997, Францускі культурны цэнтар пры бібліятэцы імя Пушкіна), Вішнёў выстаўляў вершы, напісаныя асадкай на беларускіх банкнотах (даволі буйнога на той час наміналу).

У скарыстаньні такога матэрыялу ёсьць свой сэнс: грошы нашмат часьцей пераходзяць з рук у рукі, чым бібліятэчныя кнігі. Але аўтар павінен усьведамляць, што разам зь інфляцыяй грашовых знакаў будзе зьніжацца й каштоўнасьць напісаных на іх тэкстаў — прынамсі, для бальшыні карыстальнікаў. Я на той імпрэзе выстаўляў набор гуляльных карт, прыдатных для стварэньня літаратурных тэкстаў. На кожнай карце была напісаная загадкавая фраза без канца ці без пачатку: пры любым раскладзе зь іх можна атрымаць даволі цэласны й, галоўнае, непаўторны твор.

Ілля Сін, Альгерд Бахарэвіч і Зміцер Вішнёў

Ілля Сін, Альгерд Бахарэвіч і Зміцер Вішнёў

Аднойчы мяне ўразіла фраза клясыка авангардовага тэатру Антанэна Арто, што ў эпоху агульнай змардаванасьці й маральнага спусташэньня складаныя думкі можна данесьці да сьвядомасьці чалавека толькі празь ягоную скуру. У якасьці экспэрымэнту я сам выступаў на імпрэзе «Міжсусьветны дзень Бум-Бам-Літу», аблеплены такімі гарчычнікамі — цытаваў тыя самыя словы, што пяклі маю скуру). Трэба знайсьці новыя каналы для трансьляцыі тэкстаў усярэдзіну аўдыторыі, якая не ўспрымае літаратуру на слых і зрок, трэба навязаць новыя кантакты са сьвядомасьцю чытача больш марудным, але й больш эфэктыўным шляхам — празь ягонае цела. Таблеткі з маімі вершамі нехта на віцебскай выставе скраў для індывідуальных практыкаваньняў. Другі прыклад — верш Севы Гарачкі пра нейкую тоўстую цётку, які мы склалі зь некалькіх дзясяткаў пірожных-літараў, а потым разам з чытачамі зьелі. (Дарэчы, ідэоляг часопісу Nihil Зьміцер Серабракоў цяпер марыць выдаць адзін з нумароў азбукай Брайля на туалетнай паперы й распаўсюджваць яго ў прыбіральнях.)

БІТАЕ ШКЛО

На выставе ББЛ «Праз шкло» ў Нацыянальнай Бібліятэцы (выстава праходзіла ў межах міжнароднага сэмінару маладых мастакоў; куратарам экспазыцыі была Ганна Ціханава) апроч графікі мы паказалі й сэрыю пэрформансаў. Бахарэвіч пафарбаваў галаву й свае тэксты ў колер бутэлечнага шкла; Мінскевіч, абвешаны гірляндамі старых акуляраў, чытаў вершы пра сьляпое каханьне; Вішнёў біў электрычныя лямпачкі, на якіх часам занатоўвае свае думкі; Жыбуль, апрануты як факір (з турбана на ягонай галаве тырчэла пляшка гарэлкі), чытаў публіцыстычную паэму-паліндром «Рогі гор» па чарзе з паперы й з прыстаўленага да яе люстэрка (з таго часу Віктар напісаў яшчэ дзьве «люстраныя» паэмы — кулінарную «Кацёл клёцак» і антываенную «Палігон ног і лап»). Сярод маіх экспанатаў была інсталяцыя «Бясьпечны алькаголь»: пляшка брэндзі й тры келіхі, закаркаваныя прэзэрватывамі.

Выстава атрымала скандальны рэзананс: дзяржаўнае радыё (адыёзная праграма «Разговор по существу») нечакана абвінаваціла бум-бам-літаўцаў у тым, што распрануліся дагала пад вокнамі Лукашэнкі (галерэя бібліятэкі выходзіць вокнамі на прэзыдэнцкі палац) і, што яшчэ горш, заклікалі NATO бамбіць Югаславію. Падставаю, мабыць, сталася тое, што Вішнёў на вэрнісажы быў апрануты толькі ў плаўкі, ласты й нырцавальную маску, а паўголы Мітрыч сядзеў у лазенцы з вадой і пускаў у гледачоў папяровыя самалёцікі, на якіх былі напісаныя нашы тэксты.

Перформанс Змітра Вішнёва і Мітрыча «На хвалях шкла» ў рамках акцыі «Праз Шкло». Менск, Нацыянальная бібліятэка, красавік 1999 г.

Перформанс Змітра Вішнёва і Мітрыча «На хвалях шкла» ў рамках акцыі «Праз Шкло». Менск, Нацыянальная бібліятэка, красавік 1999 г.

Паўплывала й тлумачэньне канцэпцыі выставы, якое я даў журналістам: «Шкло — унівэрсальны мэдыюм. Вынаходзтва шкла дазволіла чалавеку стацца амаль усёвідушчым — убачыць мінуўшчыну (на здымках), далёкія галяктыкі й мікробаў, а таксама самога сябе (у люстэрку). У выпадку атамнай вайны гарады разам з жыхарамі ператворацца ў азёры каламутнага шкла». Напалоханая радыёданосам дырэктарка бібліятэкі прымусіла нас разабраць выставу раней дамоўленага тэрміну. (Крыху падобная гісторыя адбылася падчас выступу ББЛ у Доме Вэтэрана, дзе элітарная публіка адзначала Дзень актора: калі чарга дайшла да верша Жыбуля «Мярцьвяк», нейкая кабета сталага веку выбегла з залі на сцэну й з крыкам: «Это не может больше продолжаться!» — паваліла мікрафон.)

МАСТАЦТВА Й ПАЛІТЫКА

Вішнёў на фэстывалі «Навінкі ‘99» паказаў пэрформанс «Культ асобы»: асыстэнты («Спэцбрыгада афрыканскіх братоў») паклалі паэта (і разам зь ім увесь андэрграўнд? — ці, наадварот, сацыялістычны рэалізм?) у труну й вынесьлі з Палацу Мастацтваў у кірунку Дому Літаратара. Падобныя акцыі («Сабакі фюрэра», «Забі маманта ў сабе» etc.) Зьміцер ладзіў у межах нашага вандроўнага фэстывалю «Дзень муміфікатара» й у іншых гарадох — у Берасьці, Гомлі, Стакгольме (у Магілеў Вішнёў не паехаў, але даслаў сваю «фаршаваную нагу»). Легендаю стала гісторыя пра тое, як Зьміцер купляў тую труну (зразумела, самую танную й таму самую цяжкую), вазіў яе ў тралейбусе, сустракаў на ёй Новы год (урэшце паэт падараваў труну менскаму клюбу «Альтэрнатыва»).

«Цьвіком» фэстывалю авангардавае музыкі «Не!» у менскім кінатэатры «Ракета» стаў пэрформанс Вішнёва пад назваю «Труп дыктатара». Цела ўзурпатара гэтым разам увасабляў апрануты ў камбінэзон стос цаглінаў, якія Зьміцер скарыстаў у якасьці музычнага інструмэнта, а потым абліў чырвонымі ванітамі (перад сваім выступам ён наўмысна выпіў два літры таматнага соку). Гэтую акцыю Вішнёў хацеў паўтарыць у хэльсынскім Доме Друку на адкрыцьці Міжнароднага кангрэсу пісьменьнікаў, але адміністрацыя забараніла яму ванітаваць у прысутнасьці дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Некаторыя жанчыны, што бачылі акцыю, ціха плакалі ад спачуваньня ахвярам шызагеннага рэжыму.

Артур Клінаў вядомы як майстар інсталяцыі (на выставе «Новае мастацтва Беларусі» ён разьвесіў на дрэвах вакол замку восем велізарных — памерам з труну — чорных шпакоўняў, зробленых у архітэктурным стылі «віленскага барока»), але можна лічыць яго й пэрформэрам, бо ён звычайна шукае непасрэднага кантакту з гледачамі ў атачэньні сваіх экспанатаў. На фэстывалі беларускага мастацтва ў Познані Артур наладзіў «кірмаш беларускіх сувэніраў». На фэстывалі экспэрымэнтальнага мастацтва ў пецярбурскім Манэжы Клінаў, апрануты ў «турэмную» робу, прадаваў «цукеркі», складзеныя з паштовак з карцінаю «За гарбатаю».

Дарэчы, першы публічны паказ карціны «За гарбатаю» (тады яна яшчэ ня мела назвы) адбыўся на акцыі «Бум-Бам-Літу» ў парку Горкага ў межах фэстывалю дзяржаўнае прэсы Дзень друку’95 (арганізатары фэсту тады ня вытрывалі нашага канцэрту — адключылі мікрафон і прагналі са сцэны). Пазьней, на Дзень незалежнасьці’96, бум-бам-літаўцы разам з Клінавым зноў нарабілі «цукерак» (усярэдзіну мы паклалі свае вершы й афарызмы) і абменьвалі іх на грошы для палітвязьняў (увесь збор, каля 70 даляраў, пайшоў Славаміру Адамовічу). На той мітынг ля Палацу Спорту авангардысты прыйшлі асобнай калёнаю пад уласным сьцягам зь бел-чырвона-белых літараў, які зрабіў мастак Уладзімер Акулаў.

ГУЛЬНЯ СА СЬМЕРЦЮ

І ўсё ж асноўнай тэмаю лінгвістычных і артыстычных жэстаў ББЛ і нашых сяброў-мастакоў было не змаганьне з псэўдасавецкім рэжымам, а экзыстэнцыйнае «гуканьне праўдзівага быцьця», пошук выйсьця за межы ня толькі «сусьветнага супэрмаркету», але й уласнага цела — гэтай партатыўнай камэры сьмяротніка. Магчыма, засяроджанасьць на экзыстэнцыйнай праблематыцы вынікае зь няўпэўненасьці ў тым, ці зьяўляецца беларуская культура паўнавартаснай прасторай для творчай самарэалізацыі і ці існуе ўвогуле такая краіна — Беларусь.

Зрэшты, мы сёньня ўсе ня можам быць ўпэўненыя, што сьвет, у якім мы нібыта жывем, яшчэ ня стаўся адным з файлаў віртуальнай рэальнасьці.

Прыгадваецца, як на імпрэзе «Хай што-небудзь адбудзецца!» у найбольш нацыянальна ангажаваным кінатэатры «Зьмена» на сцэну вынесьлі пасылку зь іншасьвету, у якой ляжала мэханічная лялька, падобная да Ільлі Сіна. Лялька чытала вершы, пакуль у ёй нешта не зламалася на паўслове; тады асыстэнты зноў загарнулі яе ў сувэнірную паперу й кудысьці панесьлі — мабыць, рамантаваць у майстэрню. Падчас закрыцьця выставы катафалкаў Клінава «Сьмерць піянэра—ІІІ» Ільля прачытаў тэкст пра ўласную сьмерць, а потым калаціўся ў сутаргах на падлозе, пакуль я ня выліў на яго бутэльку кетчупу, падобнага колерам да піянэрскага гальштука (газэта «Навінкі» неўзабаве надрукавала нэкралёг-містыфікацыю «Памёр Ільля Сін»).

Вішнёў ледзь не захварэў пасьля таго, як на адкрыцьці фотавыставы «Менск пад зорным небам» праляжаў некалькі гадзінаў, нерухомы як труп, на каменнай падлозе плянэтарыюму (перад «сьмерцю» ён нафарбаваў зялёнкаю зубы й прачытаў верш пра менскіх бамжоў). На прэзэнтацыі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Ў сымэтрычнай краіне», што адбывалася ў кінатэатры «Зьмена», бум-бам-літаўцы раздавалі гледачам «мазгі» аўтара, зробленыя зь мяснога фаршу, трускавак і пральнага парашку (Бахарэвіч на тую вечарыну спазьніўся й урэшце асноўную частку гэтых «мазгоў» зьеў сам). Згадаю й уласную спробу на фэстывалі пэрформансаў «Навінкі’99» выняць з разрэзанага (на шчасьце, не да крыві; дакладней, замест крыві цякла фарба) жывата толькі што зьедзеную кнігу «Цела й тэкст». Тады я крыху атруціўся — ці то папераю, ці то друкарскаю фарбай, што лішні раз сьведчыць пра небясьпеку друкаванага слова.

Перформанс «Культ асобы» ад «Спецбрыгады афрыканскіх братоў» на фестывалі «Навінкі» 9 верасня 1999 года

Перформанс «Культ асобы» ад «Спецбрыгады афрыканскіх братоў» на фестывалі «Навінкі» 9 верасня 1999 года

Гульня са сьмерцю заўсёды была адной з асноўных стратэгіяў экспэрымэнтальнага мастацтва.

Мне блізкая думка Альбэра Камю, што каштоўнасьць творчасьці надае менавіта небясьпека для жыцьця (альбо, дадам, для рэпутацыі) аўтара. Нонканфармісты імкнуцца вярнуць мастацтву сакральную форму й сутнасьць магічных рытуалаў, спадзеючыся вызваліць гледача з палону канвэерных відовішчаў мас-культуры. Пэрформанс ня можа перасягнуць кіно й тэлевізію ў колькасьці паказаных сьмерцяў (ня выключана, што мы й нараджаемся ў гэтым сьвеце ў той момант, калі нас забіваюць у іншым), аднак захоўвае неаспрэчную перавагу ў «якасьці» (усьвядомленай бессэнсоўнасьці?) чалавечых ахвяраваньняў.

Пэрформанс (асабліва беларускі) заўсёды нейкім чынам закранае межы чалавечага існаваньня: нараджэньне, сьмерць, уваскрашэньне, роды, аборт ці псыхадэлічныя падарожжы сьвядомасьці. Найперш, зразумела, маюцца на ўвазе межы экзыстэнцыі самога пэрформэра, але аб’ектам экспэрымэнту можа быць і аўдыторыя. Напрыклад, у акцыі Тэатру Псыхічнае Неўраўнаважанасьці «Муміфікацыя АХ564АФ» Ільля Сін намагаўся шляхам агучваньня квазілітаратурных тэкстаў «разарваць ланцугі ўласнай несапраўднасьці» й ажывіць муміі, у якасьці якіх для яго выступалі ўсе сабраныя гледачы. Калі Сін убачыў, што ажыўленьня не адбылося, ён у роспачы зваліўся на падлогу й распачаў «імклівыя, але безвыніковыя ўцёкі ад самога сябе». Пакуль Ільлю абгортвалі рознымі цеплаабарончымі матэрыяламі, ягоны асыстэнт Міця-Ікар (Корсак) скокнуў галавой уніз з прыстаўленых да неба драбінаў і даволі моцна параніўся. Напалоханая адміністрацыя Палацу Мастацтваў (акцыя адбывалася на вэрнісажы выставы «Час—Прастора—Асоба») выклікала міліцыю, таму заключную частку пэрформансу давялося перанесьці ва ўяўленьне публікі. Міця кажа, што хацеў насамрэч паляцець, але не атрымалася.  Ён упаў з пачуцьцём выкананага абавязку, бо публіка, раней абыякавая, пачала спачуваць Ыкару.

З кнігі Сержа Мінскевіча «Я з Бум-Бам-Літа»: «Напачатку 1998 года выйшла ў свет першая друкаваная кніга Бум-Бам-Літа «Тазік беларускі». Алесь Туровіч у рубрыцы «Лямант-арт» газэты «Беларуская альтэрнатыўная чытанка» (№1, 1998) ахрысціць зборнік «Хрэстаматыя пост-мадэрнізму»

З кнігі Сержа Мінскевіча «Я з Бум-Бам-Літа»: «Напачатку 1998 года выйшла ў свет першая друкаваная кніга Бум-Бам-Літа «Тазік беларускі». Алесь Туровіч у рубрыцы «Лямант-арт» газэты «Беларуская альтэрнатыўная чытанка» (№1, 1998) ахрысціць зборнік «Хрэстаматыя пост-мадэрнізму»

НА РУІНАХ «БУМ-БАМ-ЛІТУ»

Раскол руху адбыўся 22 красавіка 1999 года падчас выставы здымкаў і афішаў (звычайна іх малявалі Вішнёў і Сін) нашых акцыяў, а таксама кніг у Дзяржаўным Музэі Гісторыі Беларускае Літаратуры. Найбольш пасьлядоўныя экспэрымэнтатары ўсьвядомілі, што «Бум-Бам-Літ» ужо стаўся музэефікаванай, архіўнай, бібліятэчнай зьяваю — і вырашылі заснаваць новую суполку Schmerzwerk — «Завод вытворчасьці болю» (Бахарэвіч, Сін, Вішнёў, Барысевіч, а таксама Морт і Гапеева; запрашалі й Жыбуля, але ён адмовіўся). Музэю мы й падаравалі наш тазік.
Найбольш блізкі да стылістыкі «Тазіка беларускага» цяпер часопіс нонканфармістаў Nihil, выдаваны Новым Фронтам Мастацтваў (пад гэтай шыльдаю аб’ядналіся рэшткі «Бум-Бам-Літу» й «Вулею», Schmerzwerk, газэта «Навінкі», а таксама шэраг незалежных інтэлектуалаў). Апошнім часам мы аддаем перавагу назьве «Другі Фронт Мастацтваў»: сёньня ўсё «новае» занадта нагадвае старое. Другі Фронт распачаў выданьне дзьвюх кніжных сэрыяў («Бібліятэка „Бум-Бам-Літу“» й «Бібліятэка Schmerzwerk»), наладзіў першы беларускі фэстываль «чорнай» электроннай музыкі «НЕ!» і вандроўны фэстываль музыкаў, літаратараў і мастакоў «Дзень муміфікатара».

Юрась Барысевіч

На вокладцы: Артур Клінаў. Палацы для птушак. Аб’екты.

Крыніца фота: 90s.by // З’яўляецца творчы рух «Бум-Бам-Літ».

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус