ПЕРАД УЛАСНАЙ ТРУНОЙ З НАДРУКАВАНЫМ ШТРЫХ-КОДАМ

У канцы кастрычніка ў Менск прыязджаў мастак, куратар і дырэктар аднайменнага фонду сучаснага мастацтва Gaspare foundation (Венецыя) Гаспар Манас.

Ён выступіў і ў складзе зорнага журы на «Восеньскім салоне з Белгазпромбанкам», а таксама даў асобную лекцыю, падчас якой распавядаў тое, што ведае пра ўзаемаадносіны паміж мецэнатамі і мастакамі. Зрэшты, у гэтую збольшага псіхатэрапеўтычную споведзь былі ўплеценыя гісторыі з жыцця і кар’еры лектара.

Скрыншот

Скрыншот: серыйная інсталяцыя «100 кардонак». Крыніца: Gaspar Foundation site

Гаспар Манас: Сёння я буду распавядаць пра складаныя ўзаемаадносіны паміж мастакамі і мецэнтамі. На шляху ў Менск, у транзітнай зоне французскага аэрапорта, хлопчык 12-ці гадоў спытаў мяне, чым я ў жыцці займаюся, і такое простае пытанне мяне дэстабілізавала. Я не ведаў, што адказаць, у выніку сказаў: «Паслухай, я проста люблю мастацтва». Але ягонае пытанне прымусіла мяне ўсвядоміць тое, што ў сваім жыцці я «насіў некалькі розных капелюшоў», то-бок выступаў у розных іпастасях: мастак, калекцыянер — розныя ролі, розныя чаканні. Я раскажу вам пра тое, што даведаўся з гэтых розных светаў — мастака і мецэната, па якіх падарожнічаў апошнія 25 гадоў.

Я ніколі не думаў, што буду чытаць лекцыю пра ўзаемаадносіны мастакоў і мецэнатаў. Я не сканчаў ані мастацкай навучальнай установы, ані ўстановы для мецэнатаў альбо менеджараў, хоць менавіта гэтым я і стаў займацца ў жыцці. Я ніколі не разумеў і нават баяўся тых, хто казаў, што ўмее «распазнаць сапраўднага мастака». Праўда, я скончыў Лонданскую школу эканомікі, атрымаў ступень доктара. Я ўсё працягваў вучыцца, таму што мне не хапала мужнасці проста паглядзець на сябе і прызнаць той факт, што я — мастак. Адзіны экзамен па мастацтве быў у мяне ў юнацтве.

Тады, гледзячы на маю працу, экзаменатары не змаглі зразумець, што перад імі: прыўкрасны жарт ці твор мастацтва? Дарэчы, менавіта такія думкі часцяком наведваюць калекцыянераў на арт-кірмашах…

Калі перада мной паўстала дылема: ці варта займацца ўсё жыццё матэматыкай, дзе ўсё зразумела і «двойчы два — чатыры», я ўсвядоміў, што мяне больш цікавіць сфера, дзе вынік можа быць любым. Я працаваў у самых розных месцах, стварыў сваю фірму. Потым мне пашанцавала: я сустрэў свайго «эмацыйнага мецэната», той паглядзеў на мае працы і сказаў: «Пакіньце ўсё астатняе, вам трэба займацца толькі жывапісам». Ён таксама быў мастаком, гэта Люсьен Фройд. Гэта быў мой момант глыбокай адзіноты, неабходна было вырашыцца адмовіцца ад усяго, што ўжо было дасягнута, і скокнуць «без парашута», што, дарэчы, я і зрабіў. Да гэтага ў мяне было вельмі забяспечанае жыццё, а пасля я стаў жыць як бядняк «у кардоннай скрынцы». Я пісаў і днём і ноччу, працаваў вельмі шмат, пачаў збіраць калекцыі для сваіх мецэнатаў. Тады я ўсвядоміў жудаснае: няма анічога, акрамя грошай, што звязвала б мастака і яго фундатара.

Усе мастакі, з якімі я знаёмы, рухаліся, як па амерыканскіх горках, — уверх-уніз, і назваць гэта кар’ерай ніяк нельга. Сапраўдныя мастакі жывуць без усякага плана «рабіць кар’еру». Такога плана няма, і правілаў таксама няма. І гэта — добра! Бо калі ёсць правілы, з’яўляюцца абмежаванні…

А вось у мецэнатаў існуюць вельмі строгія правілы і абмежаванні. І з’яўляецца праблема: мастак павінен быць свабодным, а многія кідаюць мастацтва і ператвараюцца ў бухгалтараў, кіроўцаў, каб плаціць за жыллё, карміць дзяцей. Свабода неабходная, каб рухацца наперад.

Мастацтва ў тым, каб рабіць немагчымае магчымым і рассоўваць мяжы (як зрабілі гэта мастакі з перспектывай).

Другая праблема — мецэнатам і інстытуцыям, назавем іх сістэмай, неабходная пераемнасць, паслядоўнасць, каб апраўдаць сваё існаванне. Але творчасць — гэта рух нелінейны, гэта пошук, прыпынак, рывок, вяртанне, разбурэнне створанага — такім чынам адбываецца эвалюцыя. А мецэнатам трэба такое мастацтва, якое змяшчаецца ў нейкія вызначэнні, укладваецца ў нейкія скрыначкі. Гэта ім трэба, каб апраўдаць тыя тэорыі, канцэпцыі, якімі яны кіруюцца, філасофскія ідэі, якіх яны прытрымліваюцца. Часам гэта становіцца часткаю нацыянальнай палітыкі. Так, ЦРУ выкарыстоўвала мастакоў як інструмент у халоднай вайне: Джэксан Полак, Роберт Мазервел, Уільям дэ Кунінг, Марк Ротка. Мы б пра іх не даведаліся ў той якасці, у якой яны вядомыя, калі б у іх не інвеставалі велізарныя ўрадавыя грошы. Філасофія гэтага мецэнацтва была ў тым, каб нанесці на сусветную арт-мапу абстрактнае мастацтва і адціснуць фігуратыўнае, таму што фігуратыўнае мастацтва можа прывесці да такіх вобразаў, якія могуць стаць палітычнымі. Але вернемся да ідэі пераемнасці ў мастацтве.

Скрыншот фотаздымку

Скрыншот: Гаспар Манас на фоне сваіх аўтапартрэтаў з серыі «Мастацтва вайны». Крыніца: Gaspar Foundation site

Аўстрыйска-брытанскі філосаф, прафесар Карл Попер, якога я добра ведаў, казаў мне: «Пастарайся адмаўляць усё, што рабілі раней». У мастакоў ёсць такая магчымасць, у адрозненне ад іншых. Але гэта спараджае праблемы для калекцыянераў. Уявіце, я жыву ў Парыжы, побач з Ла-Палет, праз які прайшлі ўсе мастакі (Жорж Брак і іншыя). Уявіце, вось П’ер Сулаж дажоўвае свой круасан і раптам кажа, наследуючы парадзе Попера: «З гэтага дня я пачну пісаць, як Суцін». Гэта немагчыма. Як толькі вас паставілі «на рэйкі», вы будзеце рухацца, а рух мастакоў можна параўнаць з заняткамі каханнем — яны павінны рабіць гэта з запалам! Але людзі, з якімі яны ўзаемадзейнічаюць, знаходзяцца па-за светам мастака, лепшае, што яны могуць зрабіць, — апісаць альбо растлумачыць ягоную працу, падвесці пад нейкую катэгорыю. І ўсё гэта змешчанае ў выразна пазначаныя філасофскія межы, каб бачыць фенаменалагічную сувязь паміж творам мастацтва і першапачатковай ідэяй, што супакойвае і мецэнатаў, і музеі.

Гаворка ідзе пра два светы, якім трэба неяк суіснаваць і якія не маюць нічога агульнага. З аднаго боку — свет мастака: свет хаосу, уяўлення, пачуццяў. З іншага боку — аднастайнасць, пэўнасць, пераемнасць, архіваванне, выстаўленне кошту, захоўванне — свет мецэнатаў. Маладыя мастакі заўсёды спачатку «неаднастайныя», але яны змяняюцца, калі праходзяць частку шляху разам з мецэнатамі, калі пакідаюць сваю «пячору» і аказваюцца ў «залатой клетцы» славы. Гэта значыць, мастак і мецэнат рухаюцца адзін да аднаго. Існуе сакрэтнае пагадненне, няпісанае правіла — галерэі, мецэнаты захопліваюць кантроль над мастаком і ператвараюць яго ў «прадукт для рынку». Мастакі прадаюць свае творы на аўкцыёнах, потым дораць нешта музею, але да таго, як механізм запушчаны, мецэнат ужо скупіў максімальную колькасць прац гэтага мастака. У любой іншай сферы так паступаць немагчыма і забаронена, гэта называецца інсайдарскім гандлем. Я лічу, што рынак твораў мастацтва з’яўляецца адным з самых вялікіх фінансавых «мыльных бурбалак», і калі ён «лопне» — справа часу.

У аснове праблемы — пытанне вызначэння. Гэта як з каханнем — як вызначыць ягоную велічыню? Няздольнасць іншага вызначэння, акрамя фінансавага.

20 гадоў таму я быў на арт-кірмашы ў Лондане, увайшоў у пустое памяшканне, там нічога не было. Ахоўнік убег і закрычаў: «Што вы робіце? Гэта твор мастацтва!» Аказалася, адзін амерыканскі музей за 800 тыс. даляраў купіў ідэю, што ў гэтай прасторы ўчора трое дзяцей спявалі песеньку на працягу 10 хвілін. І ЎСЁ. Як гэта можна апраўдаць? Гэта пацешна для публікі, але гаворка пра дзяржаўныя грошы, яны маглі б дапамагчы маладым мастакам.

Дыскурс існуе дзякуючы таму, што ёсць незалежныя мастацкія культуры. Але пра іх шырокая грамадскасць ведае няшмат. І нам «скормліваюць» нешта, што можна назваць «арт-франшызай», якую звычайна дыктуе і фінансуе вялікі бізнэс.

Пагаворым пра «залатую клетку» мастацтва. Як толькі мастак бачыць, што нешта «працуе», то-бок прыносіць грошы, ён пачынае ўтрымліваць гэта. У эпоху Рэнесансу ўсё было ясна. Так, мае продкі — з Венецыі і Генуі — мелі зусім простыя правілы гульні, якія вызначалі кошт працы: каляровыя пігменты, сюжэт, памер карціны, часавыя рамкі выканання замовы. І цану можна было кантраляваць на 100%. Сёння ўсё па-іншаму, як кажуць, аднак, я не бачу розніцы. Перш за ўсё, ствараецца ўражанне, што мастаком можа стаць любы, пры ўмове, што маецца адпаведны маркетынг, сувязі, прысутнасць у інтэрнэце і грошы. Зараз ідэі і сацыяльныя сувязі сталі больш важнымі, чым здольнасць напісаць твар чалавека, напрыклад. І мастак застаецца бескарысным і нікчэмным, пакуль спонсар не дасць ягоным альбо ейным творам цану. Гаворка ідзе пра праблему дэфініцыі, калі інстытуцыя, падобна сістэме GPS у машыне, суадносіць прыналежнасць прадмета да якой-небудзь галіны. Знайсці тут выхад немагчыма, таму што прастора музеяў абмежаваная, як і рэсурсы. Але трэба клапаціцца аб тым, каб «сістэма вызначэння каштоўнасці мастакоў» была максімальна адкрытай, каб яна была наладжаная на бачанне будучыні.

Мяне асабіста цікавіць мастацкі працэс, калі ідэя ператвараецца ў нешта такое, што адчуваецца: жывапіс, музыка, кіно, архітэктура. Часта ролю мецэната не ўлічвае эмацыйны складнік гэтага працэсу, важнае толькі вяртанне інвестыцый. На аўкцыённых сайтах мастакоў апісваюць прыкладна гэтак жа, як гэта робяць з іншымі відамі тавараў, аўтамабілямі, напрыклад. Наватарства, колер, адпаведнасць гістарычнаму перыяду, графікі, крывыя, якія паказваюць, на колькі адсоткаў вырас кошт на аўкцыёнах за апошнія 4 гады, — я вас запэўніваю, 80% працоўнага часу галерысты і арт-дылеры праводзяць не ў студыях мастакоў, яны не абмяркоўваюць працы, а гандлююць мастацтвам у інтэрнэце. Гэта абцяжарвае старт мастакоў.

Я раскажу, што траўмавала мяне як мастака. Літаральна некалькі дзён таму ў Лондане, на Frieze Art Fair, дзе я быў на адкрыцці выставы, сустрэў аднаго калекцыянера, які купіў калісьці дзве мае працы. Мяне ўразіла тое, што ён нават не павітаўся са мной, а проста крыкнуў: «Гэй, гэй, я ўдала ўклаў свае грошы?» Затым мяне запрашаюць у дом, каб паглядзець на мае ўласныя карціны. Дзверы ў пакоі як у банку, гігрометр, сістэма бяспекі і шэраг скрыняў для прафесійнага захоўвання. На скрынях лічбы і штрых-коды. І я чую: «Гаспар, я так люблю тваё мастацтва! Глядзі, у якім яно выдатным стане, у якіх умовах захоўваецца!»

А я адчуваў, што стаю перад уласнай труной, на якой надрукаваны штрых-код. І гэта — тое самае «двойчы два — чатыры», пра якое я казаў у самым пачатку.

Ёсць нешта, што нельга падлічыць, гэта тычыцца і мастака, і мецэната. І да гэтага адносіцца ўдача. Яна залежыць ад вас саміх, яе трэба пазнаць і ўхапіць. Я ведаю многіх мастакоў, чыё жыццё радыкальна змянілася пасля шчаслівай сустрэчы. Вось вам гісторыя. Адзін мастак быў у дэпрэсіі і вырашыў выпіць махіта (адзначу, што ў той вечар ён быў у чырвоных штанах у шатландскую клетку). Грошай было вобмаль, але ён пайшоў у пяцізоркавы гатэль. Па суседстве сядзела дама і таксама піла махіта. Яна кажа: «Вы дзіўны тып, у такіх жудасных штанах., напэўна, вы — мастак». Праз дзве гадзіны яна была ў студыі і купіла вялікую карціну. Тых грошай хапіла мастаку на год арэнды жылля. Але гэта быў пачатак, дама запрасіла яго на абед са сваімі сяброўкамі. Адна з іх — дырэктарка Музея-фонду Хуана Міро ў Барселоне Ружа Марыя Малет, другая — дырэктарка Форуму La Caixa, дзе марнуюць грошай на мастацтва крыху менш, чым Біл Гейтс. Пасля абеду праз два гады ў гэтага мастака адкрылася рэтраспектыўная выстава (з 150 прац) падчас Венецыянскай біенале. І ўсё — дзякуючы махіта і дурным штанам. Тым мастаком быў я, Гаспар Манас.

Да чаго я ўсё гэта кажу. Немагчыма запланаваць такі паварот. Усё, што можна зрабіць, — гэта толькі добрае мастацтва. Працаваць, нягледзячы ні на што. Няма грошай, каб заплаціць за кватэру? Рабіце добрае мастацтва! Памерла котка? Нічога, займайцеся мастацтвам! Гэта — адзінае, што мае значэнне. У рэшце рэшт, добрае мастацтва пераможа, незалежна ад сістэмы і музеяў. Калі гэтае мастацтва — добрае.

Дыега Веласкес «Інфанта». Крыніца: WiKi

Дыега Веласкес «Мяніны». Крыніца: WiKi

Былі такія мастакі ў мінулым, якія спрабавалі змяніць суадносіны мецэнат—мастак. Дыега Веласкес у сваёй карціне «Las Meninas» упершыню ў гісторыі мастацтва ў пярэдняй частцы працы змясціў сябе, то-бок мастака, ён глядзіць проста на нас. Потым мы звяртаем увагу на сабаку, фрэйлін, маленькую інфанту Маргарыту, і толькі ў глыбіні карціны, у невялікім адбітку ў люстэрку выпадкова заўважаем караля і каралеву. Мяне здзіўляе, што мастака не павесілі за такі хітрык. У Веласкеса хапіла смеласці заявіць, што мы, мастакі, — першыя, а мецэнаты — на другіх ролях. Добра было б, каб пра гэта ўспаміналі і сённяшнія заступнікі ды спонсары.

Падрыхтавала Ала Шарко

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology