2015-ты выявіўся для мяне годам гісторыі, якую давядзецца працягваць пражываць

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Ала Шарко, арт-аглядальніца і журналістка:

radioONT_1809_095a

З пачатку года мы ўсе сачылі за падрыхтоўкай беларускага нацыянальнага павільёна да 56-й Венецыянскай біенале. Нягледзячы на спрэчкі і перашкоды, «Архіў сведкі вайны» ўсё ж адбыўся, мяркуючы па справаздачах арганізатараў. Хоць мне хацелася б большай актуалізацыі праекта, тым больш для гэтага ёсць усе перадумовы ў сучаснай гістарычнай сітуацыі. Чакаю абяцанай прэзентацыі праекта ў Менску і спадзяюся, што беларускі ўдзел у Венецыянскай біенале будзе праходзіць не кожныя чатыры гады, а як і трэба – раз на два гады.

Канец красавіка – пачатак траўня, выстава «Музей майго імя» аднаго з апошніх майстроў інсітнага жывапісу Васіля Жарнасека (1929–1998). У галерэі М. Савіцкага, у камернай зале была паказаная экспазіцыя з калекцыі мастацтвазнаўцы Юрыя Іванова. З’явілася ўсведамленне таго, як хутка выдаляецца і выбывае з культурнага звароту аўтэнтычная мастацкая з’ява, і гэтае месца абжываецца «прафесійнай» імітацыяй, стварэннем псеўдапрымітыву, фальш-лубка і г.д. Выстава, на мой погляд, аказалася дужа своечасовай, так як яна супала з перыядам пэўнай пераінвентарызацыі і архівавання сучаснага выяўленчага мастацтва і міжволі нагадала пра магчымасць усталявання ўзаемасувязяў у прасторы мастацкай культуры.

Василий Жерносек фото Юрия Иванова

Васіль Жарнасек, фота Ю.Іванова

Дакументальная выстава «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» і выстава, прысвечаная перфарматыўнай практыцы Людмілы Русавай, зноў абазначылі сувязь з нядаўнім мінулым. Гэта прымушае задумацца пра мастацтва як пра бясконцы і бязмежны спосаб выказвання.

Адданасць, праўда і самаахвярнасць гэтай мастачкі – вось што важна ўспадкоўваць, а зусім не мастацкія прыёмы…

Абрадавала развіццё беларускай фатаграфіі ў межах другога «Месяца фатаграфіі ў Менску» і ўдзел у ім фатографаў сусветнага ўзроўню, такіх як Марцін Пар, Рымальдас Вікшрайціс. Міжнародны фестываль «ТЭАРТ-2015». Самая яркая для мяне падзея – віртуозная гульня з гісторыяй рэжысёра Шаўбюне Томаса Остэрмаера, як вынік – ягонае неверагоднае траплянне ў месца і час правядзення спектакля паводле п’есы Г. Ібсена «Вораг народа» і дыскусія з гледачамі падчас пастаноўкі. З беларускіх спектакляў вылучаю «Інтэрв’ю з ведзьмамі» Яўгена Карняга, дзе паўсядзённасць змікшаваная з сюжэтамі казак братоў Грым, але рэжысёру ўдаецца паўз «прыколы» і жахалкі раптам прад’явіць гледачу галоўнае: факт удзелу звычайных людзей у масавых забойствах у лагерах смерці, рэальнасць такую страшную, што верыць у гэта цяжка і невыносна.

У тэатральным жыцці істотнай падзеяй для мяне і шмат каго яшчэ стаў Тыдзень польскага тэатра. Гэта быў падарунак не толькі для тэатралаў, але і для мастакоў і арт-крытыкаў. Сустрэчы з акторамі і біёграфам вялікага польскага рэжысёра, жывапісца, тэарэтыка мастацтва Тадэвуша Кантара – Кляўдыюшам Свянціцкім, кінапаказы пастановак тэатраў «Тадэвуш Кантар і тэатр (пост)памяці», «Тэатр Восьмага Дня», «Акадэмія Руху», таго, што сфармавала эстэтыку сучаснага мастацтва ХХ стагоддзя. Гэта робіцца бліжэйшым дзякуючы такім адукацыйным акцыям.

«Восеньскі салон з «Белгазпрамбанкам». З вялікім разуменнем паставілася да важнай працы па даследаванні і фарміраванні беларускага арт-рынку. Адначасова, таго, відавочна, не хочучы, выстава-конкурс выявіла і пацвердзіла вартыя жалю стан і структуру нашага сучаснага мастацтва, беручы пад увагу недахопы мастацкай адукацыі. Паліткарэктнасць і вузасць пастаўленых задач, магчыма, не дазволілі міжнародным экспертам выказацца па ўсёй сітуацыі на нашым арт-полі. Радуе, што галоўны прыз фотамастака Андрэя Лянкевіча («За гістарычна адказны падыход да стварэння твораў сучаснага мастацтва і за ўнёсак у фарміраванне мастацкага асяроддзя») падымае статус мастацкай фатаграфіі ў нашай краіне.

Год «гістарычных адкрыццяў» для мяне завяршаўся журналісцкай паедкай у межах праграмы «Культура памяці» ў Берлін, дзе я зноў адзначыла для сябе на дзіва натуральны сімбіёз сучаснага мастацтва з грамадствам і, як вынік гэтага, з уладай. Уразіў нядаўні калядны перформанс беларускіх вазочнікаў, якія пратэставалі супраць ігнаравання грамадствам іх праблемаў.

Апраўданыя выкарыстанне мовы сучаснага мастацтва, акцыянісцкая форма пратэсту: з’яўленне вазочнікаў у вітрынах буцікоў, запакоўванне ў плёнку ля сценаў Музея сучаснага мастацтва.

Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч – тое, што застанецца для беларусаў Падзеяй назаўсёды, і тое, што дадасць нам сілаў. Яе зварот да асэнсавання гісторыі праз простага чалавека не мог застацца незаўважаным. А на маёй паліцы з’явілася ўлетку яшчэ адна кніга гэтай аўтаркі – набытая ў кніжным «сэканд-хэндзе» «Чарнобыльская малітва» з аўтографам Алексіевіч 15-гадовай даўніны.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology