Віталь Калгін у Гайцюнішках яшчэ на паўгода

Віталь Калгін

З адкрытага ліста Віталя Калгіна, жнівень 2011

У Гайцюнішках, спэцыяльнай установе для лекаваньня асобаў, што зьдзейсьнілі злачынства ў стане псыхічнага расстройства, мастак-авангардыст Віталь Калгін (Бісмарк) знаходзіцца ўжо паўтара года. Нагадаем, што прысуд яму быў вынесены ўлетку 2011 году, і ўжо восеньню ён апынуўся ў Гайцюнішках.

Віталя Калгіна абвінавацілі ў нападзе на трох дарослых мужчынаў, аднаго зь якіх ён параніў. Калгін сьцьвярджаў і меў доказы, што такім чынам абараняў сваё жыцьцё. Але судзьдзя паверыў паказаньням тых трох асобаў, і ў выніку вінаватым стаўся мастак — чалавек без аніякага сацыяльнага статусу з дыягназам «шызафрэнія», які яму паставілі яшчэ ў 1988 годзе за авангардную карціну «Патрыярх»

Падрабязнасьці падзеяў з дакумэнтацыяй можна прачытаць на партале ArtAktivist, які актыўна адсочваў справу Калгіна. Тады ні публікацыі, ні адкрыты ліст з подпісамі дзеячоў грамадзкай і мастацкай супольнасьці не змаглі паўплываць на рашэньне суда й мэдычнай камісіі — Віталь дагэтуль знаходзіцца ў Гайцюнішках.

На пачатку сакавіка адбылося чарговае пасяджэньне мэдычнай камісіі, якая зьбіраецца кожныя паўгода й вынікі якой становяцца падставай для выпіскі ці, наадварот, працягу лекаваньня «пацыента». Але і гэтым разам дактары вырашылі пакінуць Калгіна ў Гайцюнішках яшчэ на пэўны тэрмін. Па словах Ларысы, жонкі Віталя, яны, хутчэй, страхуюцца з прычыны таго, што Віталь асуджаны па артыкуле 147 — «злачынства супраць чалавека».

У чарговы раз Ларысе паабяцалі, што ўжо наступным разам — у канцы жніўня — пачатку верасьня — ейнага мужа ўжо дакладна выпішуць з Гайцюнішак і адправяць у Навінкі. Дакумэнты пасьля камісіі афармляюцца два месяцы праз суд, таму дамоў адразу не адпусьцяць. Распавялі гісторыю пра тое, што аднойчы пацыента выпісалі ў Навінкі, а ён уцёк — яго злавілі й зноў накіравалі ў Гайцюнішкі. Таму, маўляў, у іх такія жорсткія парадкі.

Ларыса таксама паведаміла радасную навіну: лекі Віталю зараз даюць толькі з раніцы — 2 мг рэспірыдону. Калі яна наведвала мужа апошнім разам, ён выглядаў весялейшым і больш бадзёрым. Адзінае, за што перажывае Ларыса, — ад Віталя ўвесь час патрабуюць актыўнага ўдзелу ў жыцьці калектыву. Хаця Ларыса не аднаразова тлумачыла, што Віталь ніколі не імкнуўся да размоваў.

Але Ларысу запэўніваюць, што справа ня ў гэтым, і нават не ў крытычных водгуках, што былі ў масмэдыя, а менавіта ў артыкуле, па якім асуджаны Віталь.

Інтэрвію зь Віталем Калгіным, якое ён даў «pARTisan» напярэдадні арышту, чытаце ТУТ.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology