Дыскусія «Мастак-калекцыянэр у Беларусі»: будаваць альтэрнатыву?

дыскусія «Мастак-калекцыянэр у Беларусі»

Руслан Вашкевіч, Сяргей Кірушчанка

Антаніна Слабодчыкава, Аляксей Лунёў

Руслан Вашкевіч, Сяргей Кірушчанка

Сяргей Кірушчанка, Антаніна Слабодчыкава, Аляксей Лунёў

Аляксей Лунёў, Міхаіл Гулін, Тацяна Арцімовіч

дыскусія «Мастак-калекцыянэр у Беларусі»

дыскусія «Мастак-калекцыянэр у Беларусі»

23 сакавіка ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у рамках праекту «Ў межах уласнага “Я”: мастак-калекцыянэр у Беларусі» адбылася дыскусія з мастакамі, чые калекцыі прадстаўленыя на выставе — Русланам Вашкевічам, Міхаілам Гуліным, Сяргеем Кірушчанкам, Аляксеем Лунёвым, Антанінай Слабодчыкавай. Мадэратарам выступіла Тацяна Арцімовіч.

Найперш удзельнікам прапанавался падзяліцца тымі прычынамі, зь якіх яны пачалі зьбіраць свае калекцыі.

Амаль усе прысутныя мастакі адзначылі адсутнасьць пэўнай стратэгіі сваіх збораў. У асноўным калекцыі папаўняюцца шляхам абмену працамі й за кошт падарункаў. Часам узьнікае моцнае жаданьне мець канкрэтную працу побач з сабой (Аляксей Лунёў). І нават зьяўляецца зайздрасьць (па-добраму), што ня ты сам стварыў такую працу (Руслан Вашкевіч). Для Антаніны Слабодчыкавай адна зь першых працаў ейнай уласнай калекцыі — «Натурморт» Дзьмітрыя Хмызьнікава — сталася знакавай. Менавіта гэтая карціна, якую Антаніна ўбычыла яшчэ ў дзяцінстве, вырашыла лёс будучай мастачкі: захацелася маляваць.

Што тычыцца культуры калекцыянаваньня, ніхто з прысутных экспэртаў ня лічыць сябе сьвядомым калекцыянэрам.

Мастаку неабходна атачаць сябе мастацтвам, а калекцыянэр можа не любіць, не разумець мастацтва, але зьбіраць яго (Міхаіл Гулін).

Працы, якія (не)выпадкова трапляюць у калекцыі мастакоў, ствараюць іхную асабістую мастацкую, духоўную прастору (Сяргей Кірушчанка), становяцца быццам той «арміяй» (Руслан Вашкевіч), якая «ахоўвае» мастака. Руслан Вашкевіч таксама адзначыў, што цэльна ўпершыню пабачыў працы са сваёй калекцыі менавіта на выставе й падумаў, што трэба працягваць сваю калекцыю, якая можа стаць асновай будучага музэю.

Музэям была прысьвечаная другая частка абмеркаваньня. Мастакоў папрасілі адказаць на пытаньне: ці адчуваюць яны сваю запатрабаванасьць як мастакоў з боку калекцыянэраў-немастакоў і музэйных інстытуцыяў.

Наконт музэяў усе прысутныя мастакі адназначна выказаліся адмоўна: цікаўнасьці да іхнай творчасьці з боку дзяржаўных інстытуцыяў, калі ўвогуле казаць пра іх існаваньне, няма (Антаніна Слабодчыкава). Міхаіл Гулін адзначыў, што, калі казаць пра музэйныя калекцыі, яны выклікаюць шмат пытаньняў. Так, напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музэі абсалютна не прадстаўленае беларускае неафіцыйнае мастацтва 1980–1990-х. Не знайсьці там і сталых мадэрновых працаў Ізраіля Басава: творчасьць вызначальнай для многіх беларускіх мастакоў асобы прадстаўлена ў экспазыцыі толькі раньнімі рэалістычнымі эцюдамі.

Менавіта таму, разумеючы такую сытуацыю зь дзяржаўнымі музэямі, Сяргей Кірушчанка і прапанаваў пачаць сваімі намаганьнямі ствараць віртуальны музэй беларускага сучаснага мастацтва: аналізаваць працэсы пачатку ХХІ стагодзьдзя, шукаць, вызначаць вытокі, зьбіраць калекцыю.

Прагучала таксама ідэя друкаваць сьпісы тых закупаў, якія штогод усё ж робяць музэі. Магчыма, публічнае абмеркаваньне, ацэнкі незалежных экспэртаў прымусілі б музэйныя камісіі адчуваць адказнасьць за трату грошай падаткасплатнікаў.

Альтэрнатыўны погляд на гэтую сытуацыю прапанаваў прысутны на абмеркаваньні дырэктар рэклямнай агенцыі «Hepta Group» Аляксандар Васілевіч. Ён увогуле паставіў пад сумнеў, ці можна называць тое, што ёсьць сёньня ў Беларусі, музэямі. Музэй павінен весьці мэтанакіраваную працу па зборы твораў, аналізе тэндэнцыяў, архівацыі падзеяў і г. д. А ў Беларусі ёсьць памяшканьні з шыльдамі, але такой працы не вядзецца.

Таму, магчыма, трэба перастаць імкнуцца да гэтых псэўдаінстытуцыяў і пачаць працаваць на альтэрнатыўным полі.

Так, напрыклад, у Беларусі ўжо ёсьць людзі зь фінансавымі магчымасьцямі, якія гатовыя падтрымліваць мастацтва, проста пакуль яны не разумеюць, дзеля чаго. З гэтымі людзьмі трэба працаваць, зацікаўліваць, уцягваць іх у арт-жыцьцё.

Гледачом з залі была агучаная важная думка наконт эканамічных умоваў, якія таксама могуць спрыяць таму, каб бізнэсоўцы падтрымлівалі кльтуру. Маецца на ўвазе перадусім памяншэньне падаткаў. Такі закон працуе амаль ува ўсіх заходніх краінах і ў 1990-я гады дзейнічаў нават у Беларусі, але ў нулявыя быў адменены.

Што тычыццы прыватных калекцыяў, Руслан Вашкевіч на падставе свайго ўласнага досьведу выказаўся, што на калекцыянэраў таксама ня трэба спадзявацца, бо ўсё ж гэта адзінкавыя выпадкі й найчасьцей, ва ўсялякім разе ў Беларусі, людзі набываюць працы таксама бяз пэўнай стратэгіі, зыходзячы са свайго ўласнага густу. Таму пра паўнавартасную грунтоўную калекцыю тут казаць таксама не даводзіцца. Калі казаць пра альтэрнатыву, Руслан выказаў ідэю, што ўвогуле форма калекцыянаваньня можа сыйсьці й, магчыма, трэба ўжо перастаць думаць пра калекцыі й імкнуцца ў іх.

Напрыканцы дыскусіі мастакі агучылі некалькі варыянтаў свайго існаваньня й дзейнасьці ў беларускіх, пакуль неспрыяльных для сябе, умовах. Прагучалі прапановы захоўваць працы (Антаніна Слабодчыкава); дакумэнтаваць падзеі (Валянціна Кісялёва); ініцыяваць адукацыйныя праекты,

асабліва для арт-мэнэджэраў, адсутнасьць якіх ёсьць адной з галоўных прычынаў шматлікіх праблемаў: мастакі вымушаныя быць куратарамі, рэдактарамі, крытыкамі (Міхаіл Гулін).

Сяргей Шабохін яшчэ раз зьвярнуў увагу на ўжо агучаную думку пра дэматэрыялізацыю музэяў. Ён распавёў пра выставу, прысьвечаную гісторыі сучаснага літоўскага мастацтва, якая зараз адбываецца ў Вільні. Па горадзе расстаўленыя бігборды з выявамі знакавых для пэўнага году працаў літоўскіх мастакоў. Зразумела, гэтых працаў фізычна няма ў экспазыцыі, гэта толькі постэры. Тым ня менш атрымалася сапраўдная калекцыя найважнейшага ў літоўскім мастацтве апошніх дзесяцігодзьдзяў.

Хочацца спадзявацца, што гэтая дыскусія — толькі пачатак абмеркаваньня кола пытаньняў і праблемаў, зьвязаных зь дзейнасьцю музэйных інстытуцыяў, прыватным калекцыянаваньнем, працай з гледачом. Што тычыцца музэяў, — сапраўды, склалася дзіўная сытуацыя, калі для таго каб зрабіць выставу беларускага авангарду, Аляксея Жданава ці Ўладзімера Акулава, музэй зьвяртаецца да калекцыянэраў, якія ў свой час выратавалі гэтыя працы, што мэнтальна зьнішчаліся гэтымі ж інстытуцыямі.

Як заўважыў Аляксей Лунёў, калі празь 10 гадоў раптам Музэй сучаснага мастацтва захоча зрабіць выставу, напрыклад, Антаніны Слабодчыкавай, высьветліцца, што лепшыя ейныя працы знаходзяцца ў яго, таму што зараз Тоня для афіцыйных інстытуцыяў не цікавая.

Прагучала таксама важная думка пра альтэрнатыўныя шляхі. Трэба працаваць з патэнцыйнымі гледачамі, калекцыянэрамі, якія ўжо зьяўляюцца ў Беларусі. Для гэтага, зразумела, недастаткова мастакоў, якія й не павінны гэтым займацца. Патрэбнае з’яўленьне жвавых энэргічных мэнэджэраў, крытыкаў-журналістаў, якія б сталіся пасрэднікамі паміж «складаным» сучасным мастацтвам і гледачом, што з прычыны састарэлых адукацыйных праграмаў, незацікаўленасьці дзяржавы ў падтрымцы гуманітарнай адукацыі не валодае элемэнтарным альфабэтам сучаснага мастацтва.

А  значыць — сучаснасьці.

Падрабязна пра калекцыі ўдзельнікаў распавядаецца ў аўдыёгідзе, падрыхтаваным 34mag.net.

Фатаграфіі © Вікторыя Шчарбакова, Галерэя сучаснага мастацтва «Ў».

27 сакавіка ў рамках праекту «У межах уласнага „Я“: мастак-калекцыянер у Беларусі» адбудзецца прэзентацыя прыватнай калекцыі Андрэя Плясанава.

Паслухаць дыскусію \ фрагмэнты (mp3).



Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology