СЯРГЕЙ ЖДАНОВІЧ. ЛАВЕЦ ЦЕНЯЎ

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

 

 

 

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

 

 

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

 

 

 

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

Сяргей Ждановіч, праект «INCERTUM»

 

 

 

Сяргей Ждановіч, праект «Старонкі з дзённіка»

Сяргей Ждановіч, праект «Старонкі з дзённіка»

 

 

 

Сяргей Ждановіч, праект «Старонкі з дзённіка»

Сяргей Ждановіч, праект «Старонкі з дзённіка»

 

 

Сяргей Ждановіч, праект «Старонкі з дзённіка»

Сяргей Ждановіч, праект «Старонкі з дзённіка»

 

 

 

Сяргей Ждановіч, сумесна з Людмілай Русавай «Гульні ў лялкі»

Сяргей Ждановіч, сумесна з Людмілай Русавай «Гульні ў лялкі»

 

 

 

Сяргей Ждановіч, сумесна з Людмілай Русавай «Гульні ў лялкі»

Сяргей Ждановіч, сумесна з Людмілай Русавай «Гульні ў лялкі»

Што робіць фатаграфія?
Яна сапраўды раскрывае нябачнае, або свет іншы. […]
Іканічная ўлада цалкам выяўляецца менавіта ў фатаграфіі, гэтым лаўцы ценяў.
Алена Пятроўская «Тэорыя вобраза»

Творчасць беларускага фотамастака Сяргея Ждановіча — адзін з рэдкіх у нашай краіне выпадкаў філіграннай працы з тонкімі матэрыямі як вобраза, так і слова.

У «наборы» з ёмістым візуальным выказваннем кожнай з 15 персанальных выставаў аўтара — канцэптуальны вербальны даведнік, які набліжае да ўсіх тых інтэлектуальных пошукаў, якія папярэднічалі экспазіцыі. Квінтэсенцыя зафіксаванага моманту рэфлексіі — ужо пазнавальныя вобразы і назвы праектаў Сяргея : «Страчаная прастора», «Калекцыя сноў», «Захоўваючы маўчанне», «Іншы горад» і г. д.

Яго апошняя выстава з лацінскай назвай «INCERTUM» («Нявызначаныя») прайшла ў апошнія месяцы 2013 года ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, стаўшы яшчэ адной падставай угледзецца больш пільна ў прывідныя і сапраўды ірэальныя светы чалавека, які спрабуе лавіць цені.

PERTETUM SILENTIUM

Значная частка фатаграфічных праектаў Сяргея Ждановіча прысвечана даследаванню паняцця прасторы. Знакава, што прастора ў працах фотамастака часта — сутнасць своеасаблівай абязлічанай геаграфіі, кантакт з «рэальнасцю» на бяспечнай адлегласці, калі горад, вуліца, недакладныя архітэктурныя збудаванні — аб’ектыўна няісны свет, «адсутная прысутнасць» якога сапраўды можа быць вызначана толькі як «нявызначаны».

Сяргей назірае і карпатліва фіксуе малюнак светлаценю сырога горада, што знаходзіцца на дыстанцыі, такім чынам задае адкрытыя пытанні і дзеліцца выключна персанальным досведам маршрутаў і разважанняў.

«Я ставіў акцэнт на візуальным, на стане і адчуванні прасторы — на тым, што, у цэлым, называюць метафізікай, — распавядае Сяргей. — На мой погляд, візуальныя вобразы глыбей успрымаюцца без цэтлікаў, у арыгінале. Ці ёсць там чалавек? Часам сустракаецца. Але людзі не прыцягваюць маю ўвагу. Хутчэй, гэта індывідуальны дыялог з прасторай, мая рэфлексія з нагоды таго, што адбываецца, з нагоды наваколля».

Паняцце «нявызначанага», вынесенае Сяргеем Ждановічам у назву выставы, з’яўляецца не толькі фармальным ключом да разумення візуальнага складніка, але і словам, якое выразна адлюстроўвае філасофскую пазіцыю аўтара. Якая ступень дакладнасці, «пэўнасці» можа быць выяўлена ў святле як неабходным кампаненце стварэння фатаграфічнага малюнка, інструмента здабыцця аб’ектам формы і аб’ёму? Наколькі дакладна здольны зафіксаваць гэты аб’ект фатограф?

Ці магчымы наогул «пэўны» дыялог паміж надрукаваным малюнкам і чалавекам, які сузірае яго, якога запрашаюць «перамясціцца ў вобраз прапанаванай прасторы, у няпэўную рэальнасць іншага»?

«Фатаграфія не праўдзівая. Гэта тое, што, магчыма, было, а магло і не быць, але існуе як дадзенасць. Яна, як і сон, выклікае адчуванне, што ты гэта ўжо аднойчы бачыў, нават калі глядзіш на яе ў першы раз. Усё магло б быць так, як мы можам сабе гэта ўявіць», — каментуе Сяргей адну са сваіх фатаграфічных серый.

Цікава параўнаць 35 чорна-белых фатаграфій «INCERTUM», заяўленых Сяргеем як «адхілены погляд на рэальнасць, без канстатацыі месца і часу фатаграфаваных аб’ектаў», з іншым яго праектам — «Старонкі з дзённіка», дзе подпісы-каментары да кожнай з прац, аднак, максімальна далёкія ад сваёй фармальнай функцыі метак альбо «цэтлікаў» і зусім не прызямляюць іх змест.

Нават забяспечаныя подпісамі, фатаграфіі «Старонак з дзённіка» гранічна і проста не паказваюць нічога. Быццам бы вынікаючы з апісанага даследніцай Мары Жазэ Мондзен у працы «Апавяданні пра прывіды» прынцыпу «эканоміі», дзённікавыя запісы беларускага фотамастака толькі візуальна ўяўляюць нейкі фармальны тэмпаральны план, прапаноўваючы нам уключыцца ў сістэму ўзаемадачыненняў, праз апрапрыяцыі якой нейкае нябачнае, залімітавае, маўклівае мае магчымасць стаць візуальна даступным.

ІНШЫЯ «ПАКОІ»

Хоць сам Сяргей Ждановіч і вызначае сваю базавую творчую пазіцыю як «мастак, які працуе з фатаграфіяй як відам мастацтва», ягоная дзейнасць у галіне канструктыўнага самапазнання гэтым не абмяжоўваецца. Аўтар таксама займаецца прасторавай інсталяцыяй, мультымедыя і даволі рэдкай для Беларусі практыкай — перформансам.

«З розных прычын шмат хто сёння звяртаецца да фатаграфіі, — адзначае Сяргей, — хтосьці пазіцыянуе сябе як аб’ектыўны фатограф, хтосьці займаецца “фотамастацтвам” — тое, што на Захадзе вызначаецца як жанр “сalendar аrt”. Тут цікавым момантам для мяне з’яўляецца асабісты статус (кім аўтар сябе лічыць), і гэта для мяне шмат пра што сведчыць — пра амбіцыі, веды, адукацыю. Мяне самога ў нейкі момант сталі больш цікавіць візуальныя віды мастацтва, чымсьці выяўленчыя.

Навошта скоўваць сябе рамкамі, калі для рэалізацыі табе патрэбны толькі гук, відэашэраг, аб’екты рэдзі-мэйду, тэкст альбо фотавыява?

Працуючы з ідэяй, аўтар сам выбірае сродкі і шляхі рэалізацыі. У перформансе, напрыклад, мне падабаецца прамое дзеянне, працэс стварэння і рытуальны складнік таго, што адбываецца. Пэўныя ідэі можна рэалізаваць толькі дзеяннем альбо іх паслядоўнасцю, дзе сэнс выяўляецца толькі ў жывым выкананні. Ёсць рэчы, якія няма сэнсу нават дакументаваць, а трэба бачыць ужывую, чуць, адчуваць, узаемадзейнічаць».

У якасці прыкладу рэалізаваных перформансаў Сяргей Ждановіч прыводзіць свой выступ на фэсце «NAVINKI» у 2011 годзе, дзе ім быў прадстаўлены праект «CAMERA OBSCURA» — «інсталяцыя з прамой фатаграфіяй і сегментам рэальнасці». Як і фатаграфічныя серыі апошніх гадоў, «CAMERA OBSCURA» прысвечана даследаванню прыроды выявы і прынцыпаў яе фіксацыі. У гэты раз аб’ектам увагі мастака стаў «папярэднік» фатаграфіі — апарат «камера абскура», а сам перформанс заключаўся ў арганізацыі непасрэдных маніпуляцый па фіксацыі рэальнасці «тут і цяпер» з дапамогай старамодных механізмаў: «На фестывалі я рабіў адну з рэалізацый актуальнай для мяне каля-фатаграфічнай ідэі. Ужывую сабраўшы камеру абскура з падручных матэрыялаў, далей я стаў адным з персанажаў у яе адлюстраванні».

Аўтарская трактоўка праекта пра «цёмны пакой» канстатуе: «Усё адбываецца тут і цяпер, малюнак змяняецца ў часе, як і сама рэальнасць. Тады як фотавыява ёсць толькі стоп-кадр, мёртвая форма, архіўнае адлюстраванне часовага адрэзка. Фотавыяву (фатаграфію) стварае Аўтар, малюнак у камеры-абскуры стварае навакольная рэальнасць».

ГУЛЯЮЧЫ Ў ЛЯЛЬКІ

Іншы значны праект — (каля) перформанс Сяргея Ждановіча — вынік творчага супрацоўніцтва з «піянеркай беларускага перформанса і акцыянізму» (як вызначае яе сам фотамастак), аўтаркай філасофскіх тэкстаў пра сучаснае мастацтва, паэткай і мастачкай Людмілай Русавай. Сяргей распавядае, што ідэя «Гульні ў лялкі» належала менавіта Людміле, якая і запрасіла яго паўдзельнічаць у якасці фатографа, узяўшы на сябе абавязкі па здымках, складанні серыі і аўтарскім друку. Сама Людміла забяспечвала тыя аспекты, якія тычыліся непасрэднай арганізацыі самога перформансу: мадэль, манекен, антураж.

Сяргей успамінае: «Калі Русава нешта рабіла (быў гэта перформанс, выстава ці акцыя), то гэта сапраўды была падзея. Для мяне і для многіх у 1990-я Людміла была персонай адмысловай павагі і шанавання. Просталінейная, бескампрамісная, у чымсьці не па-мясцоваму эпатажная. Наш праект “Гульня ў лялькі” меў дзве рэалізацыі: у галерэі “NOVA” для дасведчанай менскай публікі і ў піцерскай галерэі “PHOTOIMAGE”, дзе аўдыторыяй былі, хутчэй, фатографы. Таксама былі прадстаўленыя тэксты, напісаныя Людмілай, і зняты мною дадатковы відэашэраг».

Фатограф распавядае, што сам праект рабіўся дастаткова доўга, амаль паўгода, і ўяўляў сабой серыю перформансаў, сцэнарыі якіх абмяркоўваліся, а пасля здымаліся ў кватэры-майстэрні Людмілы без прысутнасці гледачоў.

«У нас не было мэты зрабіць класічны перформанс і яго падрабязна зафіксаваць. Гэта не рэпартаж і не дакументацыя. Мы “здымалі поўнаметражны фільм”, дзе былі важнымі пастановачныя планы, паслядоўнасць, мантаж, як у сэнсе ідэі, так і візуальнага шэрагу», — тлумачыць ён. — На наступным этапе мы працавалі асобна. Люда пагрузілася ў тэксты, а я — у друк фатаграфій і складанне серыі. Відэа здымалі як дадатак да экспазіцыі напрыканцы, калі праект ужо быў практычна скончаны».

Усе фатаграфіі ў серыі пранумараваныя, як старонкі ў кнізе, і маюць выразную паслядоўнасць. Г. зн. у серыі вядзецца апавяданне (пралог-кодэкс-эпілог). Сам перформанс рабіўся як выстаўны праект і, каб суцэльна яго ўспрыняць, трэба глядзець усю серыю цалкам, чытаць тэкст і глядзець відэа.

Сяргей Ждановіч таксама адзначае, што ў знятым відэа чутны незвычайны гук — аднастайны скрыгат крэсла, на якім у перформансе сядзеў манекен-двайнік. «Людміла штурхала гэтае крэсла перад сабой, здабываючы з яго гук, які адначасова нагадваў стогн, чыгуначны гул і працу канвеера.

Гэта была прыгожая знаходка, і, з прычыны нон-стопавага паказу пяціхвіліннага роліка, гледачы ад пастаяннага манатоннага сігналу пагружаліся ў транс».

Як у фатаграфіі, так і ў іншых жанрах, з якімі працуе Сяргей Ждановіч, яго ўлюбёнай тэмай заўсёды застаюцца пошук і мадэляванне чыстых, безадносных прастор, фіксацыя нябачнага, быццам бы адчувальнага толькі інтуітыўна, звыштонкага вобраза. Чагосьці, што застыла на мяжы сну і абуджэння, — горада, надзейна схаванага ў аб’ектыве камеры абскура альбо на старонках асабістага дзённіка памяці.

Рэальнасці, у якой больш рэальнай становіцца не сам аб’ект, а ягоны цень.

Вольга Бубіч

У серыі «Калекцыя пАРТызана» выйшаў фотаальбом «Безназоўны» фотамастака Сяргея Ждановіча. Аўтограф-сесія адбудзецца 30 студзеня ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology