ПЛАТФОРМА KALEKTAR: У ЧАКАННІ «ЭФЕКТУ ДАМІНО»

Калектар прызначаны для перадачы святла
ад аднаго альбо некалькіх крыніц асвятлення
да аднаго ці некалькіх аб’ектаў даследавання,
што знаходзяцца ў цяжкадаступных месцах.
(Вікіпедыя)

30 сакавіка 2015 года карыстальнікам Інтэрнэту стаў даступны яшчэ адзін рэсурс, прысвечаны сучаснаму беларускаму мастацтву, — даследчая платформа KALEKTAR.

kalektar1

Ягоная каманда выкарыстоўвае шмат розных метафар для тлумачэння сутнасці і прынцыпу працы сайта: гэта і дах, і матрыца, і набор інструментаў ды практык, але часцей за ўсё гучыць слова «архіў». Бо менавіта архіў, на думку аднаго з ініцыятараў KALEKTARа, мастака Сяргея Шабохіна, з’яўляецца той самай першай косткай, якая крытычна неабходная для ініцыявання «эфекту даміно».

Толькі праз канструяванне архіва беларускага мастацтва можна пасля прыйсці і да выканання галоўнай задумкі актывістаў KALEKTARа — стварэння музея.

Сёння рэсурс аб’ядноўвае некаторыя ўжо існуючыя праекты: рэарганізаваны вядомы часопіс ART AKTIVIST і FAC — дыстанцыйны курс з лекцыямі па тэорыі сучаснага мастацтва для студэнтаў мастацкіх адукацыйных установаў постсавецкай прасторы. Новымі і, па сутнасці, ключавымі інструментамі стануць энцыклапедычная база дадзеных INDEX і часопіс ZBOR, у якім будуць змешчаны эсэ пра найбольш значныя творы сучаснага беларускага мастацтва. Прычым кожны з падпраектаў, пры фармальным аб’яднанні «пад адным дахам», мае сваю незалежную каманду.

Найважнейшую функцыю партала — стварэнне і назапашванне архіва — рэалізуе INDEX. Іншай ягонай важнай мэтай з’яўляецца прапісванне рэферэнтнай гісторыі мастацтва ва ўмовах вострага недахопу рэферэнтнасці, самаспасылаемасці беларускай сістэмы мастацтва. Прынцып працы INDEX заключаецца ў тым, што як толькі ў любым з матэрыялаў любога падраздзела сайта з’явіцца новае імя, падзея, інстытуцыя ці паняцце, звязаныя з беларускай сістэмай мастацтва, на іх будзе заведзеная асобная старонка на INDEX. Так, па словах Сяргея Шабохіна, INDEX зможа аб’яднаць намаганні самых розных праектаў, што ў суме дазволіць паслядоўна павялічваць і пашыраць энцыклапедыю ў працэсуальным ключы.

падрабязней у INDEX

падрабязней у INDEX

«Мы ні ў якім выпадку не чакаем імгненнай выніковасці, — тлумачыць Сяргей, — у нас у планах няма ніякіх амбіцый на прадастаўленне выніку. Назапашванне архіва — гэта, перш за ўсё, працэс, і мы радуемся, калі да яго стварэння пачынаюць праяўляць цікавасць іншыя эксперты, пачынаюць даваць парады, паказваць нават на нейкія памылкі. Бо менавіта такім чынам, кубік за кубікам, я думаю, гады праз два стане магчыма зрушыць у бок нейкага пачатковага выніку нашай дзейнасці. Яшчэ раз падкрэслю: сёння мы адкрытыя да супрацоўніцтва з любымі экспертамі, з тымі, хто зацікаўлены ў развіцці гэтага архіва. І такія людзі ўжо з’яўляюцца».

Варта адзначыць, што, нягледзячы на адсутнасць арыентацыі на хуткі вынік працы KALEKTARа, вызначаным фінальным абзацам толькі распачатай гісторыі стане выстава прац беларускіх мастакоў у галерэі «АРСЕНАЛ» у Беластоку, Польшча, што запланаваная на восень гэтага года. Дадзеная галерэя ўжо шмат гадоў актыўна супрацоўнічае з беларускім мастацтвам і мае ў сваёй калекцыі шмат выбраных экспертамі работ, таму бачыцца для ажыццяўлення гэтага кроку аптымальнай пляцоўкай.

Своеасаблівае змястоўнае ядро будучага архіва сучаснага беларускага мастацтва — яшчэ адзін ключавы спецпраект KALEKTARа, ZBOR, задуманы як бестэрміновы часопіс, што змяшчае эсэ пра пэўныя творы беларускіх аўтараў. З’яўленне часопіса паўстала з досыць праблематычнай сітуацыі з публікацыямі, якую ініцыятары платформы канстатавалі ў актуальным полі даследаванняў сучаснага мастацтва ў Беларусі. Як адзначае Сяргей Шабохін, пра канкрэтныя творы мастакоў сёння пішуць толькі ў ключы аглядных артыкулаў творчасці аўтараў альбо ў выпадку, калі самі мастакі заказваюць, часта фармальныя, матэрыялы для друку ў сваіх каталогах. Фокус ZBORа будзе якраз не на абстрактным апісанні творчасці таго ці іншага беларускага мастака, а на мастацкім выказванні, якое можа быць зробленае не толькі пэўным аўтарам, але і цэлымі інстытуцыямі, напрыклад у форме выставы ці фестывалю.

kalektar5

падрабязней у INDEX

 

Аляксей Барысёнак, які разам з мастакамі Сяргеем Кірушчанкам і Сяргеем Шабохіным з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком KALEKTARа, лічыць, што дзейнасць незалежных агентаў мастацкай сцэны па прадуцыраванні нарацый пра сучаснае беларускае мастацтва павінна быць мэтай дзяржаўных інстытуцый, у якіх ёсць для такой працы неабходныя часавыя, фінансавыя і чалавечыя рэсурсы .

«Несумненна, нам гэтая праца вельмі цікавая, — прызнаецца Аляксей, — але ж дастаткова проста маглі б быць арганізаваныя цэлыя доктарскія ці кандыдацкія праграмы, якія аб’ядноўваюць двух-трох мастацтвазнаўцаў, што займаліся б даследаваннем пэўнай тэмы год-два, а потым, сумесна з куратарамі, рэалізоўвалі праект з выставачнай і акадэмічнай часткамі.

 

 Важна запаўняць пустэчы, якія да гэтага часу існуюць і, на жаль, у нейкай вельмі вялікай колькасці, што мяне асабіста пужае… Аднак, я думаю, паступова збор, дакументацыя і прапісванне мастацкага, сацыяльнага і палітычнага кантэксту змогуць напоўніць і запоўніць многія з гэтых момантаў».

Яшчэ адну прычыну складанай, сумнай сітуацыі са стварэннем архіва не толькі твораў, але і крытычнага дыскурсу, які апісвае сучаснае мастацтва, арганізатары KALEKTARа бачаць у аднабаковай палітыцы фармавання музейных калекцый. У Беларусі «афіцыйна бачнымі на мапе» ўжо не адно дзесяцігоддзе з’яўляюцца толькі тыя мастакі, што праяўляюць высокую актыўнасць у супрацоўніцтве з дзяржаўнымі інстытуцыямі: ад атрымання дыплома Акадэміі мастацтваў да ўваходжання ў Саюз мастакоў. Калі ж мастакі прынцыпова не супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі арганізацыямі, іх вельмі цяжка знайсці ў музеях.

«Усё гэта паказвае на няправільнасць сістэмы калекцыянавання, якую дэманструюць музеі, на яе нейкую „мафіёзнасць“, — разважае Сяргей Шабохін. — Мы ж, у сваю чаргу, спрабуем прадэманстраваць іншы падыход, каб супраціўляцца гэтаму свавольству. Гэта насамрэч самавольства і непрафесіяналізм! У любой сусветнай прагрэсіўнай афіцыйнай дзяржаўнай калекцыі так не робяць, там заўсёды прысутнічаюць розныя мастакі, нават тыя, якія не пасуюць дзяржаве. Няхай яны, быць можа, з’яўляюцца не адразу, але ў кожным выпадку гэтыя творы з’яўляюцца, чаго не адбываецца ў нас! Беларускае мастацтва сапраўды вельмі разнастайнае.

Мне сумна, што сёння ёсць вялікая колькасць найважнейшых, эпахальных мастакоў, многія з якіх памерлі зусім нядаўна, чыя спадчына да гэтага часу так і не была перагледжаная, а іхнія працы вельмі цяжка адшукаць хоць у нейкім беларускім музеі».

kalektar2Прабелы ў гісторыі мастацтва — вострая праблема, на якую апошнія гады неаднаразова звярталі ўвагу ў сваіх публікацыях незалежныя беларускія крытыкі. Напрыклад, арт-крытык Таня Арцімовіч у артыкуле «Пракруставы ложак беларускага мастацтва?» падкрэслівае недастатковасць асвятлення творчасці цэлай хвалі беларускіх мастакоў-эмігрантаў, што пакінулі краіну ў 1990-х і зараз працуюць у Заходняй Еўропе. Сярод іх гучаць імёны Андрэя Задорына, Наталлі Залознай, Рамана Заслонава, Ігара Кашкурэвіча, Алены Кітаевай, Ігара Цішына. Таксама аўтарка адзначае, што шэраг ужо спелых і прызнаных у свеце мастакоў, сярод якіх, напрыклад, Максім Тымінько, Ганна Сакалова, Андрэй Логінаў, Жанна Грак, Ягор Галуза, Зоя Луцэвіч, упарта застаюцца непрызнанымі на радзіме.

Аднак забыццё кранула не толькі мастакоў, якія з розных прычын пакінулі краіну. У нядаўняй публікацый «Твор, які выкруціць вас навыварат» беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч апісвае сваё асабістае адкрыццё творчасці беларускага мастака Мікалая Залознага — выдатнага аўтара, які трагічна пайшоў з жыцця ў 1982 годзе. Віктар параўноўвае карціну «Макі», што моцна ўразіла яго, з працамі Ван Гога, таксама адзначаючы падабенства ў лёсе мастакоў: ігнараванне таленту і поўная адсутнасць прызнання пры жыцці.

Запаўненню менавіта такіх пустэч у гісторыі сучаснага беларускага мастацтва і прысвечаны падпраект KALEKTARа ZBOR.

kalektar6

Нагадваючы, што ініцыятарамі праекта з’яўляюцца не мастацтвазнаўцы, а мастакі, Аляксей Барысёнак падкрэслівае адсутнасць прэтэнзій на аб’ектыўнасць і пафас. У адрозненне ад афіцыйных беспраблемных і гамагенных дыскурсаў пра мастацтва, якія прысутнічалі, напрыклад, на нядаўніх выставах «Авангард: ад квадрата да аб’екта» і «Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва», тэксты аўтараў ZBORа будуць прадстаўленыя ў рэчышчы «аднаго з варыянтаў напісання гісторыі сучаснага мастацтва».

Для вызначэння кола магчымых стартавых тэм матэрыялаў для ZBORа заснавальнікі платформы KALEKTAR запрасілі наступных беларускіх рэдактараў: Аляксея Барысёнка, Таню Арцімовіч, Андрэя Дурэйку, Лену Прэнц, Аляксея Лунёва і Валянціну Кісялёву. Усім ім было прапанавана назваць ключавыя творы беларускага мастацтва, пра якія, як іх характарызуе Сяргей Шабохін, «мы не можам не напісаць». Задача таксама ўскладнялася такім крытэрам пошуку, як варыятыўнасць: эксперты мелі выбраць важныя, але, на іх погляд, недастаткова бачныя працы рознага часу, розных мастацкіх стратэгій і рознай геаграфіі мастакоў. У ходзе некалькіх раўндаў дыскусій паўстаў мінімальны спіс з 40 работ, створаных у перыяд з 1991 года і па нашыя дні, які, аднак, ні ў якім разе не з’яўляецца фінальным.

«Часопіс пастаянны, — тлумачыць Сяргей Шабохін, — таму ў нас няма адчування, што ён будзе ўключаць 40, 50 альбо 180 артыкулаў. Матэрыялы будуць публікавацца ўвесь час, па ходзе іх паступлення, таксама будуць запрашацца новыя эксперты, якія стануць прапаноўваць імёны і тэмы для матэрыялаў, а мы і далей замаўляцьмем эсэ іншым аўтарам».

Аляксей Барысёнак удакладняе: частка магчымых пытанняў да логікі выбару і экспертаў, і твораў можа ўспрымацца арганізатарамі як запрашэнне напісаць сваю гісторыю мастацтва: «Так, калі камусьці не хапае фокусу на фатаграфічныя, харэаграфічныя альбо іншыя практыкі, то мы заўсёды радыя супрацоўнічаць. То-бок агульнае прагаворванне іншых нарацый будзе намі толькі вітацца».

Таксама арганізатары платформы адзначаюць, што гатовыя прыняць падтрымку з боку афіцыйных беларускіх інстытуцый, напрыклад, калі б тыя, у мэтах папулярызацыя практык сучаснага мастацтва ў Беларусі, прапанавалі дапамогу ва ўключэнні апублікаваных у ZBORы матэрыялаў у бібліятэкі альбо змаглі б выставіць працы мастакоў, чые імёны згадваюцца ў тэкстах платформы, хоць усё, натуральна, будзе залежаць ад кампрамісаў, на якія для гэтага трэба будзе пайсці.

«У незалежнай сістэме культуры ўжо даўно жыве ўнутраны горкі жарт, які, аднак, больш падобны да праўды, — каментуе гэтае пытанне Сяргей Шабохін: — Самае лепшае, што дзяржава сёння можа зрабіць, — гэта не ўмешвацца і не перашкаджаць. У матэрыялах, якія з’явяцца на сайце, будзе прадстаўлена крытычнае ў адносінах да цяперашняй сістэмы ўлады мастацтва. Але мы не можам пра яго не напісаць, бо яно існуе і, натуральна, вельмі важнае для развіцця сучаснага мастацтва. Таму галоўнае, напэўна, каб нам не заміналі гэта рабіць і не спрабавалі нашкодзіць».

kalektar7

Эфектыўнасць амбіцыйнай, але, несумненна, надзвычай істотнай задумкі каманды KALEKTARа па стварэнні архіва сучаснага беларускага мастацтва, ацэніцца толькі праз час. Пакуль застаецца адно разважаць над наўмыснымі ці, магчыма, выпадковымі канатацыямі, што чытаюцца ў назве самой платформы. Бо сапраўды, з прычыны складанасцяў сацыяльна-палітычнай сітуацыі 1990-х, а таксама адсутнасці ў мастакоў сілаў, ды часта і жадання супрацьстаяць Левіяфанам кланавасці, сямейнасці і палацавым гульням Акадэміі, творчасць шмат каго з іх застаецца ўсё гэтыя гады ў літаральным сэнсе ў цені — «складанадасяжных месцах», куды толькі з дапамогай іншых, такіх жа, як яны, радавых неабыякавых людзей, сёння можа дабрацца і святло.

Вольга Бубіч

На вокладцы // А.Дурэйка, інтэрвенцыя «Акадэмія Мастацтв, Акадэмія Жыцця», 1997

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology