BAISAN КРЭЙЗІ-ЛЭНД

Сёлета ўзімку паэт і крыэйтар Алесь Плотка, вядомы таксама пад псеўданімам Baisan, выдаў дэбютную кніжку вершаў — «Вершніца».

У Беларусі не так шмат аўтараў, хто адкрыты працуе з кодамі і тэмамі сучаснага маскульту. У нас яго, хутчэй, прынята крытыкаваць. Вершы Алеся Плоткі — выключэнне. Насычаныя лексікай сучаснага прагрэсу ў самых масавых ягоных праявах — сацсеткі, вэб-прастора, рытм камп’ютарных клавішаў і імклівае, ірванае дыханне горада, — яны самі падобныя да інстаграмаў, мэта якіх — засведчыць аўтарскае тут і цяпер. Магчыма, іх праглыне наступная хваля кантэнту, а магчыма яны застануцца значнымі артэфактамі нашай імклівай эпохі.

Пра свае стасункі з маскультам, шакаванасць рэакцыяй байнэту на вокладку кнігі (у сарамлівай выяве вершніцы ўбачылі і знак гендарнай роўнасці, і замах на нацыянальную святыню) і… рамантызм — расказвае АЛЕСЬ ПЛОТКА.

sem

Ivan Semesyuk. Котики скарбнички

— У тваіх вершах дакладна счытваюцца коды масавай культуры — мова, пэўны рытм, знакі. А яшчэ ў мяне ўзнікла ўражанне, што аўтар не проста выкарыстоўвае гэтыя коды, ён прызнае той факт, што сам ёсць прадуктам пэўнага часу і пэўнай культуры. Гэта робіцца табою свядома?

Алесь Плотка: Хутчэй не. Мы размаўлялі пра кнігу з маім сябрам, філосафам Яўгенам Пятровым, я люблю з ім пагаварыць, ён заўжды дае мне прафесійны «адлуп» і было б лагічна, каб да наступнага перавыдання ён напісаў прадмову. Дык вось, Яўген сказаў, ведаеш, яна ў цябе пабудаваная як фэйсбук. Наталля Кучмель як карэктар-рэдактар вельмі трапна паўдзельнічала ў пэўных момантах, адбылася рэдкая магія прафесійных стасункаў без крыўдаў. Пабудову ж структурную рабіў я сам, падсвядома.

Па выніку ўсё падобнае да кантэкставай рэкламы, то-бок кніга працуе з падказкамі сэнсавымі. Для любога сталага фэйсбук-юзера гэта натуральная рэч: ты чытаеш фрагмент пэўнага мэсэджу, потым фрагмент іншага, які перацякае ў наступны, тыпу, магчыма, вам будзе цікавае яшчэ і гэта. Спачатку было адчуванне, што атрымаўся такі рок-гіг — крута ў пачатку і ў канцы, а ў сярэдзіну можна паставіць нешта неадназначнае.

Таму, калі гэта сапраўды кантэкстная пабудова, запрашаю «лагініцца» ў «сацыяльную сетку» гэтай кнігі.

Што тычыцца стылю і рытмікі, сёння, калі ты лупіш па клавішах альбо робіш нататкі, адрозніваешся ад чалавека, які пісаў на паперы і ў якога была іншая маторыка. Можна перачытваць успаміны Васіля Быкава і думаць пра тое, што яму было зручна пісаць шарыкавай асадкай, уяўляць, як пісьменнік уваходзіў у пэўны рытм і адпаведна з’яўлялася пэўная павольная нарацыя. Таму для паэтаў эпохі камп’ютараў ямб найбольш натуральны, бо гэта такі сусветны фанкі-стайл: уплываюць кароткія мэсэджы твітара і сучасная музычная культура. З-за гэтага мае месца і слоўны імпрэсіянізм, калі праз спалучэнні вобразаў даводзіцца пра тое, што адбываецца, не ставіцца кропка, а чытач дадумвае сам. Гэта як тэгі: паставіў восем штук — і чалавек сам дамалёўвае эмоцыю.

— А ці згодны ты з тымі, хто бачыць за такім развіццём культуры і чалавека небяспеку, нават дэградацыю? 

А.П.: Высокая культура заўсёды застанецца высокай культурай, яна будзе, але да яе трэба свядома дайсці. У сучасным стане беларускай культуры, дзе ўсе мастакі розных кірункаў змагаюцца за тое, каб не згубіць сябе (а іх творчасць часта — масток да высокай культуры для шырокага кола), кожны жыве момантам афлайн-сустрэчы з чытачом. Калі б наша культура была ў такім стане пару стагоддзяў таму, тады было б прасцей яе пахаваць канчаткова. Але сёння гэтыя вірусныя медыйныя працэсы — галоўны шанец айчыннай культуры жыць і існаваць. Таму дыскусія пра дэградацыю — элемент звычайнай палемікі паміж генерацыямі творцаў. Без здабыткаў прагрэсу кірдык любой культуры.

sem2

Ivan Semesyuk. Котики скарбнички

— Але для цябе самога ўсведамленне таго, што ты ёсць прадуктам маскульту, камфортнае? Або адчуваеш, што, так, гэта факт, але хацеў бы чагосьці іншага?

А.П.: Камфортна, чаму не? Ведаеш, калі японцы пампуюць праз Beatport альбомы «лічбавай паэзіі» нашага супольнага з Уладам Бубнам праекта, я думаю, што якія 20 гадоў таму я б не мог ні Iamb’n’bass, ні Skweee Belarus выдаць у такім фармаце і з такой аўдыторыяй, і цешуся, канешне. Гэта нармальная хада цывілізацыі: растуць дзеці, якія з нараджэння трымаюць у руках планшэт, натуральна, у іх будзе іншай і маторыка, і мастацтва, і ўвесь свет.

— А калі б мог выбіраць, у якой эпосе хацеў бы нарадзіцца?

А.П.: Канешне ж, у часы БНР! Альбо ў Веймарскай рэспубліцы. А лепей — у паездках паміж імі. Па вялікім рахунку, мы зараз жывем у вельмі смешным часе, у смешнай краіне, і мне зразумелая цікавасць замежнікаў да нашага кантэксту. Яны жывуць у стабільнай сітуацыі са зразумелай хадой гісторыі, а тут такая крэйзі-лэнд.

Тут віруе жыццё — адкат ад саветаў, захаванне культуры, вышымайкі, будзьма, ламаюцца стэрэатыпы і мазгі. Зараз вось з’явілася яшчэ новая хваля — такіх нармальных даўншыфтараў. То-бок тут шмат крыніцаў натхнення і тут вельмі цікава.

Але ў 1917 гадочку пажыў бы. Ёсць нават планы напісаць кнігу пра тыя часы. Зразумела, да рамантызму ўсё роўна цягне, нічога з сабой не зробіш — так і бачыцца мне відэа пра БНР і Веймар з удзелам Веранікі Кругловай і Ніны Хаген, і я сяджу з імі ў кнайпе і мы ямо камамбэр з шампанскім.

2— Хацела пагаварыць пра вокладку кніжкі, якая справакавала шмат розных дыскусіяў. Гэта быў маркетынгавы ход альбо спачатку не думаў пра такую шуміху?

А.П.: Усяго патроху было. Але вокладка доўга малявалася і даўно. Так, было пэўнае спадзяванне, што пазнавальная вокладка дадасць кнізе ўвагі і, магчыма, пару соцень новых чытачоў. Але не было нават думкі, што ўвага будзе настолькі вялікая.

Эфект агаломшыў! Склалася даволі дзіўная сітуацыя, я і не думаў, што ў нас такі гендарны калгас: камбайнеры і даяркі.

Ад пачатку ідэя «Вершніцы» была даволі цнатлівая, звязаная з класічным прысвячэннем жанчыне, прачытанне традыцыйнага разумення стасункаў паэта і музы, так на вокладцы і зафіксавана. Але пасля выхаду кнігі сэнсаў стала болей. Асабіста для мяне гэтая фантасмагорыя стала кропкай уваходу ў разважлівы інтарэс да гендарных пытанняў. Карацей, нечакана ўбачыў і адчуў, як і што ў нас рэальна, і пачаў аналізаваць — лепш позна, чым ніколі.

— Цікава зараз пачуць пра тое, што ідэя вокладкі з’явілася нашмат раней, бо калі я ўбачыла яе, падумала, як гэта дакладна трапіла ў шмат якія напружаная тэмы. Акурат летась гендарнае пытанне стала больш адкрытым і публічным. У дадатак гэтыя суды за аўтарства, напрыклад вакол выканання Naka песні на верш Янкі Купалы. Але, канешне, рэакцыя тыпу «дэсакралізацыя сімвала», была нечаканай і якраз выявіла тое, з чым мы яшчэ востра сутыкнемся, — кансерватызм і закрытасць пэўных нацыяналістычных колаў.

А.П.: Так, я сам здзівіўся, бо прагучалі пытанні, якія, падавалася вырашаныя, але ж не — «баба на кані» гэта, аказваецца шок і скандал. Было б пафасна і прыгожа сказаць, што я быў такім прагрэсіўным феміністам і таму замовіў «Вершніцу» Юлі Галавіной, але я зацікавіўся гэтай тэмай пасля. Такая вось тру-сторы пра тое, як рамантычная задума прывяла аўтара да нечаканых для яго самога думак пра роўнасць, павагу і этыкет.

— Якія водгукі запомніліся табе больш за ўсё?

А.П.: Шмат чаго цікавага было. Але мы з сябрамі высветлілі адну смешную рэч, такі жарт. Ёсць тры маркёры паспяховага прадукту — наяўнасць трох тыпаў каментароў: што гэта на бабкі госдэпа, альбо рука Масквы, ці замова жыдамасонаў. Усе тыпы пад матэрыяламі былі.

— То-бок сам ты думаў, што робіш такі рамантычны жэст?

А.П.: Абсалютна. Тут спрацавала і гульня словаў: «вершніца» як «наездница» па-руску і «вершніца» як тая, хто натхняе на вершы і таму заслужана знаходзіцца на вокладцы кнігі. Але ў дзяўчыначкі, як высветлілася, аказаўся моцны патэнцыял і яна стала жыць сваім уласным філасофскім і медыйным жыццём. Добрыя словы ішлі ад жанчын. Пісалі, што ў іх былі падобныя ідэі, але яны іх пабаяліся маляваць, бо палічылі, што гэта занадта смела для нашага грамадства. З самага ж смешнага — каментар пра памер грудзей, маўляў, бюст занадта вялікі. Мяркую, аўтару гэтай думкі трэба яе абмеркаваць са сваёй жонкай, пакуль не позна нешта змяніць у сваім сэксуальным жыцці.

— Але ты застаўся задаволеным, як усё атрымалася, альбо былі чаканні, якія не спраўдзіліся?

А.П.: Зараз трапіў у посткніжную дэпрэсію, пакуль нічога не хочаца пісаць. Хочацца адпачыць і выдыхнуць. Было часам сумна, але задаволены тым, што адкрыліся гэтыя новыя сэнсы і гарызонты думак. Цяпер маецца вялікая глеба для далейшых развагаў, бо фідбэк гэты быў патрэбны і важны. Розны. Можна падумаць пра тое, што адбылося і чаму. Што раптам можна зачапіць іншых людзей. Але без каменя і кругоў па вадзе не бывае — асэнсоўваю.

sem3

Ivan Semesyuk. Котики скарбнички

— Дарэчы, у нас не так шмат аўтараў, хто звяртаецца да поля масавай культуры, працуе з яе тэмамі і яе моваю. Бо мы да гэтай пары маем такі стэрэатып пэўнай аўтаноміі высокай культуры, так бы мовіць, захаванне ейнай чысціні. А да масавай, то-бок нізкай культуры высакамернае стаўленне. Ці існуе для цябе такі падзел?

А.П.: Такі падзел, канешне, ёсць. У кніжцы дакладна можна вылучыць цыкл патрыятычнай лірыкі, схаванай унутры таго, што можна назваць праявамі масавай культуры. Але, робячы такі падзел, я не мыслю ў катэгорыях «добра» альбо «дрэнна». Увогуле, на маю думку, якраз праз нізкую культуру можна дайсці да шмат якіх рэчаў высокіх. Па маім адчуванні, высокая культура сёння вельмі далёкая ад шырокіх колаў людзей. Калі заўтра Radiohead заспявае адну песню па-беларуску, гэта можа даць больш высілкаў, чым дзясятак класічных пісьменнікаў, на жаль. І справа не ў тым, што яны кепскія пісьменнікі, але ў тым, што іх уплыў малы. Масавая культура ў любым выпадку толькі форма, у аснове класічныя канфлікты — каханне, здрада, непаразуменне. Змянілася толькі тое, што вакол нас.

— Але ўсё ж зварот да масавай культуры — гэта стратэгія? Або натуральная для цябе прастора для рэфлексіі?

А.П.: Стратэгічнай задачы як такой — напісаць кнігу для хіпстараў — не было. Тым больш, напрыклад, зараз ёсць адчуванне стомленасці ад гэтай формы. Прабіваюцца вершы больш класічнага характару, але гэта адбываецца неяк натуральна.

Што тычыцца некаторых стэрэатыпаў у дачыненні да маскульту, у нас, відаць, пакуль не выпрацавалася школа сучаснай гарадской літаратуры са сваімі каштоўнасцямі. Шчыра кажучы, сам я знаходжуся больш пад уплывам сучаснай украінскай літаратуры, якая ў маскульце мае іншую долю прысутнасці. Мне ад нулявых было прасцей гаварыць пра Юрка Іздрыка, Ірэну Карпу альбо Сяргея Жадана, чым пра беларускіх паэтаў. Гэта ідзе яшчэ з гомельскага юнацтва, калі большая частка часу праводзілася ў Кіеве, таму ўплыў сучукрліту на мяне значна істотнейшы і падраўняўся на карысць сучбелліту хіба апошнім часам. Я звыклы да гэтай школы, і мне падабаецца самому працягваць яе ва ўнікальным беларускім кантэксце.

— Мне падаецца, у нас увогуле мала хто працуе ў полі масавай культуры, маю на ўвазе — як у пэўнай прасторы для рэфлексіі. Мо таму, што гэтае поле, ягоны патэнцыял толькі акрэсліваюцца. Магчыма, у хуткім часе і маскульт знойдзе сваю нішу. Гэтак і як, умоўна, гарадская літаратура, якая забуйнела, можна сказаць, зусім нядаўна, стала полем не аднаго-двух аўтараў, але тэматычнай прастораю, на якую ёсць попыт.

А.П.: Так, калі казаць пра гарадскую літаратуру, то яе значны «агент уплыву» — Адам Глобус. У нулявыя ў Гомелі ды абласцях ён быў сапраўдным адкрыццём для пэўнага кола, у тым ліку філолагаў. Тады набывалі «Архэ», чыталі і захапляліся, маўляў, глядзі, чувак піша пра тое, што ёсць. Такая літаратура была як глыток свежага паветра. Зараз відавочна гарадскіх аўтараў стала больш, яны тут і цяпер змяняюць і маскульт, бо прастора з’яўляецца, калі ёсць дыялог паміж гульцамі.

— То-бок масавай культура ў нас не сфармавалася яшчэ як такая?

А.П.: Сфармавалася-сфармавалася. Мы ўжо жывем у культуры спажывання. Можа, яна не такая глянцавая, са сваімі спецыфічнасцямі, але тым не менш. Магчыма, для літаратуры сітуацыя ўсё яшчэ неспрыяльная, маю на ўвазе эканамічны бок — распаўсюд, друк, рэкламу. Але яна прарастае і ў глянец, і ў інтэрнэт, і ў гаджэты. Традыцыйна аўтары вельмі шмат працуюць на свой поспех самастойна. Гэта ж усё байцы з вялікім досведам самапрэзентацыі — Міхал Анемпадыстаў ці Лявон Вольскі — бяры ды вучыся. Гэта творцы, якія часткова вымушаныя быць куратарамі для саміх сябе, але вынік ужо акадэмічны.

Зараз актыўна робіць сябе Віктар Марціновіч, і атрымоўваецца даволі паспяхова. Да яго ставяцца па-рознаму, але Марціновіч прыцягвае вялікую ўвагу да беларускай культуры, у любым выпадку пашырае зацікаўленасць ёй. Таму што невядома дакладна, які сёння ў сярэднестатыстычнага чалавека можа быць матыў узяць у рукі беларускую кнігу, як ён можа даведацца, чаму гэта крута і чаму ён мусіць яе чытаць.

З медыйнага боку мала што кажа пра тое, што белліт — гэта каштоўнасць, месца «культуры» — недзе паміж «надвор’ем» і «спортам», злева направа, недзе напрыканцы, і ўсе разам цягнем яго да перадавіцаў.

— А як аўтар ты камфортна сябе тут пачуваеш? Чаго хапае, а чаго не?

А.П.: Стасункаў хапае, крыніцаў натхнення таксама, абмену меркаваннямі — цалкам. Я маю той камфорт, які збудаваў. Зменіцца мой запыт — змяню і паводзіны.

— Але не думаеш пра тое, што твая творчасць можа стаць асноўнай крыніцай, а не хобі?

А.П.: Інды-артыст. Беларускі аўтар — гэта рэальны інды-артыст: самапрамоцыя, муткі з «лэйбламі» і яшчэ не сфармаванымі функцыянерамі. Таму толькі ад яго залежыць, наколькі гэта стане яго заняткам і кім, уласна, стане ён. Выдаюцца постары, дыскі, цішоткі. Хто такі Ігі Поп у 1970-м і ў 2010-м? А чаму? Ёсць добры артыкул Заміроўскай з парадамі маладым беларускім гуртам — пры замене акалічнасцяў ён актуальны для ўсіх сучасных творцаў РБ. Пісьменнікі? Хіба што Святлана Алексіевіч жыве з літаратуры… Не ведаю, але быў бы рады, каб сітуацыя палепшылася. Усё будзе, калі не сядзець на беразе ракі з флянам партвейну і не чакаць выдаўца з валізай бабла. Ён не прыйдзе. Sorry guys — no way for this crap.

Ivan Semesyuk. Котики скарбнички

Ivan Semesyuk. Котики скарбнички

— Ты жывеш зараз паміж Гомелем, сваёй малой радзімай, і Менскам, маеш магчымасць параўноўваць, што адбываецца ў сталіцы і што па-за. З аднаго боку, мы зараз у такой эйфарыі ад менскіх працэсаў, але будзьма рэалістамі: за кальцавой жыццё ідзе зусім іншым рытмам і кантэнтам.

А.П.: Я ў прынцыпе шмат езджу па краіне і пэўны, што ёсць шмат аўдыторый, да якіх трэба ісці. Менск — гэта Менск, і я, калі шчыра, таксама з’ехаў бы падаўншыфціць троху. У сталіцы, канешне, актыўнейшае культурнае жыццё, у рэгіёнах усё трымаецца хутчэй на адзінках. Мне падаецца, лепш за ўсё справы ідуць у Віцебску. Той жа прыклад, калі мастакам аддалі гістарычны будынак у цэнтры горада, — складана такое ўявіць дзе-небудзь яшчэ. Магчыма, тут накладае свой адбітак гістарычнае мінулае, «цень Шагала». У любым разе — не варта замыкацца ў Менску.

Гэта харошы офіс, праўда, і горад класны, але краіна значна больш разнастайная, і калі ты ідзеш да яе, то і яна да цябе ідзе. Занадта банальна? Затое праўда…

— Напрыканцы ўсё ж запытаюся… Чаму ты так не любіш раварыстаў?

А.П.: За гэтым крыецца персанальная маральная траўма і разуменне таго, колькі смерцяў і калецтваў прынеслі ровары ў гарадскую прастору, — і гэтая праблема структурна пакуль не вырашаецца ніяк… Каб не сканчаць на такой мінорнай ноце, можна сказаць, што я проста болей люблю жанчын-вершніц. Ты, дарэчы, калі-небудзь скакала на кані?

— Не, але гэта адна з маленькіх мараў, якую я планую ажыццявіць найбліжэйшым часам.

Гутарыла Таня Арцімовіч

Фота © Ivan Semesyuk (Ukraine) www.behance.net/Semesyuk

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. jpeg:

    Комбайнеры и доярки — метко. Только можно было и смелее рисовать. Занадта мягко получилось. Тролить их надо!

  2. вершніца:

    мімімі )

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус