ІЗАЛЯЦЫЯ: МАСТАЦТВА СУПРАЦЬ ЗБРОІ

pARTisan #29’2015. Тарашкевіца

Фонд «ІЗАЛЯЦЫЯ. Плятформа культурных ініцыятываў» быў створаны ў 2010 годзе ў Данецку на тэрыторыі былога заводу па вытворчасьці ізаляцыйных матэрыялаў, і вельмі хутка іхная дзейнасьць стала вядомая ня толькі ва Ўкраіне, але й за мяжой. У 2014 годзе ўзброеныя прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі» захапілі тэрыторыю заводу й пазбавілі Фонд ня толькі прасторы, але й архіву, бібліятэкі, калекцыі, абсталяваньня, якія ўдалося выратаваць толькі часткова. Тым ня менш каманда Фонду на чале зь ягонай заснавальніцай Любоўю Міхайлавай не заняпала духам і ўжо ў студзені 2015 году адкрыла сваю першую выставу ў Кіеве ў будынку сударамонтавага заводу. Так распачаўся новы пэрыяд дзейнасьці «ІЗАЛЯЦЫІ». Дарэчы, экспазыцыя выставы складалася з фотакаляжаў беларускай арт-групы «Revision» (Максім Вакульчык, Жанна Грак, Андрэй Дурэйка, Андрэй Логінаў і Максім Тымінько, якія цяпер жывуць і працуюць за мяжой).

Пра гісторыю Фонду, ягоную ідэю й актыўнасьць, пра тыя фарматы працы, якія зьявіліся з прычыны «новай» сытуацыі як ва Ўкраіне, так і ў сьвеце, распавядае дырэктарка па камунікацыях — ГАННА МЯДЗЬВЕДЗЕВА.

3_izo

#ONVACATION. У павільёне Расеі ў Вэнэцыі 2015. Фота Дзьмітрыя Сяргеева

Ганна Мядзьведзева: Зьяўленьне Фонду «ІЗАЛЯЦЫЯ. Плятформа культурных ініцыятываў» у 2010 годзе ў Данецку сталася своеасаблівым выклікам той культурна-сацыяльнай сытуацыі, якая была на той момант у горадзе. Я б апісала атмасфэру таго, што адбываецца, як «апакаліпсыс», такое замкнёнае кола безь якой-небудзь надзеі на будучыню. І нашае зьяўленьне там, тым больш у настолькі нязвыклым для гараджан месцы — на тэрыторыі заводу ізаляцыйных матэрыялаў, — выклікала шмат абмеркаваньняў, непаразуменьня, непрыманьня, але тым ня менш жывых працэсаў, якіх вельмі бракавала гораду. Назва Фонду цікавым чынам супала: з аднаго боку, так называўся завод, дзе мы разьмесьціліся, а зь іншага — мы сапраўды знаходзіліся ў «ізаляцыі» — культурнай і сацыяльнай —

і вырашылі, што ўжо нават праз нашую назву мы будзем супраціўляцца й спрабаваць вырвацца з гэтага кола ачапленьня, у якім знаходзімся.

Тэрыторыя заводу — гэта велізарная прамзона, ня ўскраіна, але досыць аддалены раён без разьвітай інфраструктуры. Тое, што мы знаходзіліся на пэрыфэрыі — Украіны й гораду — таксама сфармавала нас. Мы ў прынцыпе й далей працягваем прытрымлівацца ідэі дэцэнтралізацыі й разьвіцьця культуры ў больш пэрыфэрыйных месцах. За некалькі гадоў нашай працы мы прывялі тэрыторыю заводу (7,5 гектараў) у парадак і напоўнілі яе новымі сэнсамі й новай энэргіяй. Тут быў тэрыкон, дзе мы хацелі зрабіць ляндшафтны парк, усе вытворчыя памяшканьні выкарыстоўваліся альбо як выстаўныя, альбо як майстэрні, дзе выраблялася мастацтва, і ў будучыні мы думалі пра тое, каб на тэрыторыі заводу зрабіць рэзыдэнцыі, але, на жаль, не пасьпелі.

Калі казаць пра фінансавую мадэль, «ІЗАЛЯЦЫЯ» ўяўляе зь сябе амэрыканскую мадэль: фінансаваньне ажыцьцяўляецца не дзяржавай альбо праз гранты, але мэцэнатамі. Фонд існуе пры падтрымцы прыватных і карпаратыўных ахвяраваньняў. У структуры фінансаваньня нашай дзейнасьці ўсё большае значэньне маюць таксама гранты ад эўрапейскіх і амэрыканскіх арганізацыяў. У нас таксама ёсьць пасьпяховыя прыклады краўдфандынгу, напрыклад, летась мы правялі грамадзкую кампанію па зборы сродкаў на аднаўленьне абсталяваньня нашай лябараторыі лічбавай вытворчасьці «IZOLAB». А натхняльніцай стварэньня фонду зьяўляецца Любоў Міхайлава, якая нарадзілася ў Данецку, зьехала шмат гадоў таму й вярнулася ў 2000-х. Яна заўсёды захаплялася мастацтвам і, калі вярнулася ў Данецк, ёй падалося, што культура й мастацтва дапамогуць разварушыць горад і выведуць яго з «ізаляцыі».

— А як зьбіралася каманда Фонду? Ці лёгка было знайсьці аднадумцаў?

Г. М.: З самага пачатку Любоў Міхайлава не была адна, у яе былі сябры з розных краінаў і гарадоў — Лёндану, Кіеву, Бэрліну — з розных сфэраў, так ці інакш зьвязаных з культурай. Гэта былі людзі, якія ўжо бачылі разнастайныя мадэлі функцыянаваньня культурных цэнтраў, і гэта дазволіла абмеркаваць розныя магчымасьці й сабраць каманду, якая не была толькі лякальнай. Былі прыежджыя экспэрты, якія канцэптуальна стваралі Фонд, у рабочую каманду, акрамя мясцовых, увайшлі таксама людзі з Кіеву. Праблемаў з кадрамі не было з самага пачатку, нам нават ні разу не давялося абвесьціць адкрыты конкурс на вакансію: людзі прыходзілі самі, хтосьці заставаўся, хтосьці сыходзіў. Так адбываўся натуральны адбор — і фармавалася каманда.

5_izo

Даніэль Бюрэн. 21 дзьверы = 21 колер. Працы «in situ». Сакавік, 2012, Данецк. Праект «ІЗАЛЯЦЫІ», фота Руслана Семічава

На працягу першага году дзейнасьці мы рэалізавалі шмат выязных мерапрыемстваў (напрыклад, лекцыі пра сучаснае мастацтва ў Мастацкім музэі ў Данецку, куды прыходзіла шмат людзей), таму што памяшканьні заводу рэканструяваліся. І падчас дыскусіяў паўстала разуменьне таго, што ў горадзе існуе вялікая супольнасьць людзей, якія падзяляюць пэўныя інтарэсы й каштоўнасьці. Адным з эфэктаў дзейнасьці нашага Фонду сталася тое, што з нашай плятформы вырасьлі пасьля іншыя плятформы, ініцыяваныя людзьмі, якія прыходзілі да нас ці, напрыклад, былі валанцёрамі. Так у 2013 годзе ў адной прамысловай прасторы адкрылася Галерэя «Dasein», паўсталі фотагрупа «Жужалка», іншыя пэрфарматыўныя праекты й г. д. Гэта значыць, мы выхавалі людзей, якія сталі займацца сваімі ініцыятывамі.

— А як вас сустрэў горад? Маю на ўвазе як чыноўнікаў, так і месьцічаў…

Г. М.: Спачатку горад нас не заўважыў, прэса пісала пра нас, але не заўсёды адэкватна. Потым паўстала непаразуменьне, зьявіліся пытаньні, але адрыньваньня не было, і паступова з той прычыны, што цікавасьць да нас расла, з прычыны разнастайнасьці нашай праграмы — ня толькі для вузкай арт-супольнасьці, але й для больш шырокай публікі, — да нас пачалі прыходзіць усё больш і больш людзей, і ў нейкі момант гэта стала нават модным месцам.

Што тычыцца мэрыі, то перашкодаў яны нам не чынілі, наўрад ці ў прынцыпе разумелі, чым мы займаемся, але й не ішлі насустрач нават там, дзе ім самім гэта было выгадна. Так, ад цэнтру гораду да заводу чатыры кілямэтры, не далёка, але дабрацца туды было складана: у гэтым раёне жыве ня так шмат людзей, таму транспарт туды ходзіць зь цяжкасьцю. Езьдзіў толькі адзін аўтобус, які паступова ня мог ужо спраўляцца з той колькасьцю людзей, якія да нас прыяжджалі. Мы маглі купіць аўтобус, знайсьці спонсараў, але падумалі, што гэта павінны вырашыць улады: мы павышалі турыстычную прывабнасьць гораду, да нас прыяжджалі журналісты, якія пісалі пра Данецк, таму што тут месьцілася «ІЗАЛЯЦЫЯ», турысты. Але гораду было ўсё адно — маршрут не зьмяняўся, аўтобусы ня сталі хадзіць часьцей. І пацешна атрымалася ў фінале, калі тэрыторыю заводу захапілі й мы напісалі ліст мэру, які яшчэ прадстаўляў украінскую ўладу.

Але на ліст ён не адказаў, тады мы патэлефанавалі да яго ў прыёмную, і мэр зьдзівіўся, сказаў, што ўвогуле ня ведаў пра нашае існаваньне, таму — як вас маглі захапіць, калі вас не было?

— Перш чым перайсьці да пераломнага пункту вашага існаваньня — захопу тэрыторыяў «ІЗАЛЯЦЫІ» й вашага «выгнаньня», — раскажы пра асноўныя напрамкі дзейнасьці Фонду, пра нейкія ключавыя для вас праекты.

Г. М.: У Фонду тры асноўныя напрамкі дзейнасьці — мастацкія праекты, якія адлюстроўваюць спэцыфіку лякальнага кантэксту, адукацыйныя праграмы й разьвіцьцё крэатыўных індустрыяў. Сярод арт-праектаў я б вылучыла рэзыдэнцыі. У нас была група мастакоў як з Украіны, так і з замежжа, якія былі зацікаўленыя прыехаць у Данецк. Яны прыяжджалі, адкрывалі для сябе горад, паглыбляліся ў кантэкст і ўзаемадзейнічалі зь людзьмі, якія прыходзілі на лекцыі, дапамагалі ствараць ім працы, і доўжылася гэта кожны раз па некалькі месяцаў. Фармат рэзыдэнцыі — гэта прыклад стварэньня некамфортнай сытуацыі. Таму што кожны з мастакоў прыяжджаў, вядома, са сваёй сыстэмай каштоўнасьцяў, досьведам, сьветапоглядам, а ў Данецку ўжо існавала свая сыстэма, якая была досыць аднастайная, і адбываўся вар’яцкі абмен ведамі й эмоцыямі. Гэта часта прыводзіла да сытуацыяў моцных эмацыйных перажываньняў, што прымушала нашых наведвальнікаў нешта чытаць, ісьці далей за адказы на відавочныя пытаньні, займацца самаадукацыяй.

На адной з рэзыдэнцыяў па фатаграфіі ўдзельніку зь Вялікабрытаніі, які здымаў людзей зь лішняй вагой, задалі пытаньне: з апошніх шэрагаў паднялася жанчына й абурана сказала, маўляў, гэта ж непрыгожа, навошта вы гэта фатаграфуеце! І была эмацыйная дыскусія, на якой мастак спрабаваў растлумачыць тое, што такое прыгажосьць, што ёсьць шмат разуменьняў прыгажосьці й што такое эстэтыка. Мы, зразумела, усьведамлялі, што нам як інстытуцыі трэба будзе шмат чаго зрабіць і ёсьць шлях, які неабходна прайсьці разам з нашай публікай, каб пашыраць уяўленьне пра пэўныя катэгорыі. Праекты рэзыдэнцыяў мы рэалізоўвалі ў Данецку, у Марыюпалі (2010–2014) і Кіеве (2015).

1 Dima Sergeev_

Паскаль Марцін Таю. Пераўтварыся! У межах праекту фонду «ІЗАЛЯЦЫЯ». Данецк 2012. Фота Д. Сяргеева

Важна адзначыць, што «ІЗАЛЯЦЫЯ» не імпартуе праекты й мастакоў у гатовым выглядзе, усё, што нам прапануюць, мы разам адаптуем пад кантэкст — Данецку й Украіны. Адзін зь першых праектаў быў зьвязаны з шахцёрамі, якія ў апошнія гады перасталі быць прадстаўнікамі паважанай прафэсіі й людзьмі, якія шмат зараблялі. То бок усё тое, што было ў Савецкім Саюзе, тое, чым славіўся Данбас і дзеля чаго прыяжджалі сюды, стала не актуальным. І застаўся толькі фармальны Дзень шахцёра, калі пра іх згадвалі, але ўсё гэта было падобнае да балагану, і на наступны дзень пра іх зноў забывалі. Было вырашана зрабіць альтэрнатыўны праект, прысьвечаны шахцёрам, што выклікала пэўны супраціў зь іхнага боку: спачатку яны не ахвотна пагадзіліся працаваць з намі, займацца нечым для іх нязвыклым, хай гэта падавалася й цікавым. Праект «Цай Гацян: 1040 м пад зямлёй» палягаў у тым, што на дзьве шахты — вугальную й саляную — прыехала група мастакоў з Данецку й зрабіла партрэтныя замалёўкі шахцёраў. Малюнкі затым былі перанесеныя на велізарныя палотны. У межах гэтага праекту мы працавалі з кітайскім мастаком Цай Гацянам, які з дапамогай выбухаў пораху ствараў карціны на падставе першапачатковых малюнкаў. На працягу месяцу каманда «ІЗАЛЯЦЫЯ», каля сотні валанцёраў, наведвальнікі Фонду мелі зносіны з шахцёрамі, якія паціху пачыналі разумець, што іх цэняць, яны важныя й ад іх нешта залежыць.

У межах іншага праекту — «У пошуках часу» (2012) — мастак Паскаль Марцін Таю стварыў працу, прысьвечаную жанчынам Данбасу, — «Пераўтварыся!». І гэта таксама прыклад узаемадзеяньня мастака з асяродзьдзем. Зімой 2011 году да нас прыехала група мастакоў. Адзін з удзельнікаў групы, Паскаль Марцін Таю, даведаўшыся, што ў горадзе няма ніводнага помніку жанчынам, якія выцягнулі на сабе ўсю эканоміку Данбасу й аднаўлялі прамысловасьць пасьля Другой сусьветнай вайны, вырашыў прысьвяціць ім сваю новую працу. Яна ўяўляла зь сябе гіганцкую чырвоную памаду, якая ўвенчвала завадзкую трубу. У той прамзоне, дзе мы знаходзіліся, гэтая труба вельмі добра праглядалася й выклікала шмат пытаньняў, у людзей паўстала жаданьне вярнуцца назад, даведацца пра сваю гісторыю, і мы лічым гэта вялікім дасягненьнем. І тое, што гісторыя атрымала працяг — у чэрвені 2015 году праца была ўзарваная захопнікамі нашай тэрыторыі, — мы ў гэтым таксама бачым новыя сэнсы. Таму што людзі, якія ўзарвалі гэтую трубу, як быццам падзяляюць каштоўнасьці таго сьвету, дзе аддаецца даніна подзьвігу савецкіх людзей падчас і пасьля Другой сусьветнай вайны.

Але яны сваімі дзеяньнямі, а, хутчэй за ўсё, проста з прычыны няведаньня стварылі новую сытуацыю, калі праца ўжо працягвае жыць бяз тых сэнсаў, якія ў яе ўкладаў мастак.

У межах гэтага ж праекту — «У пошуках часу» — былі створаныя працы, якія зьяўляюцца неад’емнай часткай тэрыторыі. Вывезьці мы іх не маглі, нават калі б захопнікі заводу гэта дазволілі. Гэта інсталяцыі й буйнамаштабныя аб’екты Даніэля Бюрэна (Францыя), Леандра Эрліха (Аргентына), Кадэра Атыя (Францыя), Любы Малікавай, Жанны Кадыравай, APL315, Гамлета Зінкоўскага (Украіна) і іншых мастакоў. Многія з гэтых арт-аб’ектаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Фонду, былі здадзеныя захопнікамі на мэталалом альбо выкарыстаныя для пабудовы блёкпастоў у горадзе.

Таксама мы шмат працавалі з супольнасьцю. За чатыры гады нашая аўдыторыя вырасла зь 10 чалавек да 3000 тысячаў. І ўсё ішло аптымістычна ў пляне зносінаў зь людзьмі, была прагрэсія ў цікавасьці да нас, да культуры й самаразьвіцьця, пакуль не наступіла вайна й нашую тэрыторыю не захапілі. Прычым гэта здарылася адразу ж пасьля захопу адміністрацыйных будынкаў. Ідэалягічна нашыя шляхі разыходзіліся, і сэпаратысты не маглі трываць на сваёй тэрыторыі людзей, якія падтрымліваюць свабоду творчага выказваньня, мастацкага самавыяўленьня й талейрантнасьці. Акрамя таго, інфраструктура заводу, прыведзеная ў парадак, добра адаптавалася пад патрэбы прадстаўнікоў так званай ДНР і да гэтага часу выкарыстоўваецца як вайсковая база, турма, склад сагнаных аўтамабіляў і нават месца прывядзеньня прасудаў у выкананьне.

Мы пераехалі ў Кіеў, пачаўся новы пэрыяд, але нашая місія не зьмянілася: гэта захаваньне й разьвіцьцё індустрыяльнай культуры й стварэньне чагосьці новага. Фонд «ІЗАЛЯЦЫЯ» разглядае культуру як інструмэнт для пераменаў — сацыяльных, эканамічных, палітычных і г. д.

Таму мы праціўнікі той стабільнасьці й стагнацыі, якія існавалі ў Данецку й у Данбасе доўгія гады й паслужылі адной з прычынаў той сытуацыі, якая адбылася.

— А як вы даведаліся пра тое, што тэрыторыя больш вам не належыць? Як гэта адбылося?

Г. М.: У канцы красавіка 2014 году мы праводзілі Ўкраінскі Літаратурны Фэст у «ІЗАЛЯЦЫІ», прысьвечаны тэме «Мова й гвалт». У гэты час ужо ішлі баі ў Славянску, было зразумела, што гэтым не абмяжуецца. У нас было заплянавана некалькі кірмашоў, але іх адмянілі ў зьвязку з блізкімі ваеннымі дзеяньнямі. Яшчэ не было АТА, але было небясьпечна. І амаль увесь склад «ІЗАЛЯЦЫІ» выехаў у Кіеў, каб сустрэцца зь іншымі членамі каманды. 8 чэрвеня была Троіца, а 9 чэрвеня, у панядзелак — выходны. Я тады была ўжо ў Кіеве й прыйшла сустрэць калегаў у гостэле, а яны мне разгублена паведамілі пра тое, што тэрыторыю заводу захапілі. Гэта быў шок. А даведаліся мы пра гэта ад нашых ахоўнікаў, якія патэлефанавалі й распавялі, што да іх прыйшлі ў суправаджэньні ўзброеных сэпаратыстаў людзі з паперамі, дзе было патрабаваньне перадаць тэрыторыі заводу ізаляцыйных матэрыялаў для патрэбаў ДНР і для таго, каб разьмяшчаць там гуманітарную дапамогу з Расеі. Нам удалося вывезьці сэрвэры, архівы, амаль усю дакумэнтацыю, частку лябараторыі лічбавай вытворчасьці й адну траціну калекцыі. Астатняе не пасьпелі — у нейкі момант акупанты сказалі: «Стоп», — і дзьверы зачыніліся. З тых часоў нічога не зьмянілася.

— Але вас гэта не зламала, а, хутчэй, сталася новым выклікам, на які трэба было адказваць? Бо, зразумела, было ўкладзена шмат сілаў і энэргіі…

Г. М.: Нам удалося пераадолець гэта, найперш таму, што мы — добрая каманда й таму што намі кіруе Любоў Міхайлава. Яна неверагодна жыцьцярадасны й пасіянарны чалавек, які не адчайваецца. Пасьля таго як штосьці ўдалося вывезьці, было прынята рашэньне адкрываць «ІЗАЛЯЦЫЮ» у Кіеве, і пачаліся перамовы зь мясцовай уладай. Мы мелі зносіны зь Мінкультам і іншымі структурамі й прасілі памяшканьне. Па сутнасьці гэта быў пэрформанс: нам трэба было прайсьці ўвесь шлях — паспрабаваць атрымаць ад дзяржавы прастору бясплатна, — але, шчыра кажучы, мы самі ў гэта ня вельмі верылі. І скончылася ўсё тым, што мы сваімі рэсурсамі ўзялі памяшканьне ў арэнду. Гэта будынак на тэрыторыі дзейнага суднарамонтнага заводу, ён несупастаўляльны з маштабам нашай прасторы ў Данецку, але таксама нясе энэргетыку прамысловасьці. Акрамя таго, знаходзіцца ў маляўнічым месцы, на беразе Дняпра. Стала канчаткова зразумела, што ў Данецк мы пакуль ня вернемся, і мы пачыналі адаптавацца да той сытуацыі, у якой знаходзіліся.

4_izo

Зьмена ў Краматорску. Картачны домік. Пэрформэнс. Красавік 2015. Фота Дзьмітрыя Сяргеева

Як я сказала, дзейнасьць нашая не зьмянілася, але зьявіліся новыя тэмы й ідэі, у тым ліку зьвязаныя з вайной. Мы рабілі пэрформансы, інтэрвэнцыі, выставы, зьвязаныя з пераасэнсаваньнем тэмы акупацыі й вайны. Згадаю, напрыклад, праект «ZAHOPLENNYA». Гэта шэраг стрыт-арт-інтэрвэнцыяў, мастацкіх акцыяў па захопе публічнай прасторы. Захоп ажыцьцяўляўся законнымі мэтадамі: кожны раз мы абвяшчалі ўладам, што будуць ладзіцца гэтыя інтэрвэнцыі. Таксама мы задаваліся пытаньнем пра тое, што мы як культурная інстытуцыя можам зараз рабіць, у чым роля культуры падчас канфлікту, што можа мастацтва супраць зброі.

Пераехаўшы ў Кіеў, тым ня менш мы дакладна разумелі, што Фонд — ня кіеўская інстытуцыя, а данецкая — проста пакуль у выгнаньні ці, хутчэй, існуе ў намадычным рэжыме, без прывязкі да пэўнага месца. Але для нас было важна працягваць быць на ўсходзе Ўкраіны — так зьявілася сэрыя адукацыйных і мастацкіх праектаў у зоне АТА («Зьмена»), «ІЗАЛЯЦЫЯ» адкрыла офіс у Марыюпалі, у прыфрантавым горадзе, за які штодня ідзе барацьба.

Распавяду яшчэ пра адзін наш праект — «Культура й канфлікт: ІЗАЛЯЦЫЯ ў выгнаньні». Гэта інфармацыйная выстава, якая раскрывае асабістыя гісторыі розных бакоў, уцягнутых у канфлікт — захопнікаў тэрыторыі, журналістаў і мастакоў, арыштаваных «ДНР» за ідэалягічна няправільныя паводзіны, маладых данчан, якія бачаць Данецк часткаю Ўкраіны. Гэта нашая спроба паказаць сытуацыю ва Ўкраіне з розных бакоў. Праект рэалізуецца выключна за мяжой, таму што ў межах Украіны больш ці менш ёсьць разуменьне таго, што адбываецца, але ў такіх краінах, як Нямеччына ці Чэхія, нам падалося важным гэта распавесьці.

У Марыюпалі й у Кіеве мы ладзілі рэзыдэнцыю, якая называецца «Архітэктура Ўкраіны». У слова «архітэктура» мы ўкладаем многае: гэта ўсё тое, што акаляе чалавека й прымушае яго задумацца пра сваю ідэнтыфікацыю — эстэтычную, нацыянальную, рэгіянальную, сьветапоглядную. У межах гэтай рэзыдэнцыі мы запрасілі экспэртаў з розных сфэраў: урбаністыкі, архітэктуры, сацыялёгіі. Яны прыехалі ў Марыюпаль, дзе ўжо ёсьць разбурэньні, у горад, які перажыў акупацыю й у якім трэба працаваць над новымі сэнсамі. У выніку зьявілася выстава праектаў, у якіх удзельнікі дзеляцца сваім бачаньнем архітэктурнай і мастацкай будучыні гораду, і праз год мы хочам частку гэтых ідэяў рэалізаваць.

Яшчэ адзін з важных праектаў Фонду — «IZONE». Гэта прастора крэатыўных індустрыяў, у якой функцыянуюць галерэйная пляцоўка, каворкінг, кавярня, а таксама майстэрні — IZOLAB, фоталябараторыя, літаграфічная, фрэзэрная й мэблевая. Майстэрні зьяўляюцца й пляцоўкамі для правядзеньня адукацыйных праектаў — майстар-клясаў, воркшопаў і лекцыяў.

— А якія яшчэ праекты вы рэалізоўваеце менавіта на ўсходзе Ўкраіны?

Г. М.: У нас ёсьць цэлая праграма. Гэта й сэрыя майстар-клясаў, зьвязаная з павышэньнем узроўню журналістаў, у тым ліку фотакарэспандэнтаў. Мы супрацоўнічаем з асноўнымі праваабарончымі фэстывалямі, ня толькі ўкраінскімі, прывозім у горад фільмы, пасьля паказу якіх ладзім дыскусіі. Напрыклад, паказвалі фільм эстонскіх рэжысэраў «ПМР» пра тое, як жыве Прыдняпроўская Малдаўская Рэспубліка. Потым адбылася цікавая дыскусія. На ўсходзе людзі згаладаліся па прасторы свабодных выказваньняў, таму вельмі жыва рэагавалі. Таксама праводзім майстар-клясы па 3D-друку й макетаваньні: прывозім 3D-друкаркі, і людзі вучацца зь імі працаваць.

2_izo

Адкрыцьцё выставы «Рэвізія». На фота Андрэй Логінаў. Студзень 2015. Фота Дзьмітрыя Сяргеева

— Ты першы раз прыехала ў Менск, сустракалася з многімі нашымі культурнымі актарамі. Якія твае ўражаньні? Як Беларусь, нашая культурная сцэна бачацца збоку?

Г. М.: У 2012 годзе я дыстанцыйна займалася маніторынгам выкананьня права на свабоду мірных сходаў у Беларусі, і ў мяне было некаторае разуменьне таго, што тут адбываецца. Не ў культурнай сфэры, хоць некаторыя моманты перасякаліся: напрыклад, свабода мірных сходаў і акцыя Міхаіла Гуліна «Пэрсанальны манумэнт», калі яго затрымалі, — і я разумела, якая сытуацыя ў мастацкім асяродзьдзі. У самой «ІЗАЛЯЦЫІ» на слыху заўсёды была Галерэя «Ў», але ніхто толкам нічога пра яе ня ведаў. Потым мы шмат размаўлялі з калегамі на міжнародных канфэрэнцыях, дзе абмяркоўвалася сытуацыя ў Расеі, Украіне, Беларусі, Грузіі, і часта гучала, што ў Беларусі мала што адбываецца. Яшчэ на нашую цікавасьць да Беларусі паўплывала й рашэньне нашых куратараў правесьці першую выставу ў новай прасторы «ІЗАЛЯЦЫІ» ў Кіеве з удзелам беларускіх мастакоў — групы «Revision». На выставе былі паказаныя часткі нашай выратаванай калекцыі — фотакаляжы гэтай групы з праекту «Рэвізія І-ІІ» і «Рэвізія. Акт ІІ». І канцэпт гэтага праекту лягічна супаў з нашай сытуацыяй: зьнішчэньне прадметаў мастацтва, перапісваньне гісторыі, перагляд каштоўнасьцяў, архіваў, — то бок  тыя выклікі, зь якімі сутыкнулася ня толькі «ІЗАЛЯЦЫЯ», але й многія культурныя інстытуцыі на ўсходзе Ўкраіны. Фонд запрасіў Андрэя Дурэйку, і ён правёў выдатную лекцыю па беларускім мастацтве й уразіў усю нашую каманду. Ён распавёў пра свае намаганьні па сыстэматызацыі беларускага мастацтва, потым даслаў інфармацыю пра выставу «ZBOR. Канструюючы архіў» у Беластоку, фармат якой нам вельмі цікавы, я атрымала запрашэньне ад «pARTisan» прыехаць у Менск — і ўсё неяк сыйшлося.

Андрэй Дурэйка падчас лекцыі ў Кіеве

Лекцыя Андрэя Дурэйкі ў межах праекту «Рэвізія». Люты 2015, Кіеў. Фота Дзьмітрыя Сяргеева

Што тычыцца мастацкага жыцьця, тут усё нашмат лепш, чым я думала. Цікавая сытуацыя ў супрацьстаяньні паміж дзяржаўнымі інстытуцыямі й незалежнай сцэнай. Яшчэ цікава, што ўнутры дзяржаўных установаў таксама ёсьць людзі, якія спрабуюць пераадольваць афіцыёзную закасьцянеласьць. Я разумею, што ўбачыла самы актыўны бок, у мяне ёсьць прыкладнае ўяўленьне пра тое, як  тут усё працуе, і вельмі аптымістычнае чаканьне таго, як будзе разьвівацца беларускае культурнае поле ў далейшым.

Гутарыла Таня Арцімовіч

Тэкст дыскусіі з удзелам Ганны Мядзьведзевай чытайце ў друкаваным нумары «pARTisan» #29’2015.

Фатаграфіі з архіву «ІЗАЛЯЦЫІ»

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology