Год 2012 — выбух камунікацыяў

«Радыюс нуля. Менск» \ Фота Сяргея Ждановіча

Прэзэнтацыя тэксту Паўла Пражко «Я вольны» \ Фота 34mag.net

«Палацавы комплекс» \ Фота Сяргея Ждановіча

Юры Шуст, «Лёндан» \ «На захадзе ад усходу» \ Фота pARTisan

Выстава «World Press Photo» \ Фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

«Блышыны рынак» у Чырвоным дворыку \ Фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

Мішка Шувакавіч у межах «Эўрапейскага кафэ» \ Фота Аляксея Братачкіна

Праект Сяргея Кірушчанкі «Мэтабалізм жывапіснай прасторы» \ Фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

Выстава «Адзін і многія» Канстанціна Селіханава \ Фота pARTisan

Прэзэнтацыя аўдыёкнігі твораў Уладзімера Караткевіча \ Фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

«Канцэрт на траве», хутар Шаблі \ Фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

Канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў Вільні \ Фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

2012 год для беларускага культурнага жыцьця стаўся годам падзеяў, адкрыцьцяў і нечаканасьцяў. Гэта адзначалі й большасьць тых, хто пагадзіўся паўдзельнічаць у партызанскім «Cool’ку падзеяў 2012», а таксама экспэрты ў іншых мэдыя, прычым добра, што ўзгадваліся й крытыкаваліся розныя культурныя сфэры й зьявы (напрыклад, «Асоба, падзея, скандал, параза, кніга, слова» на Радыё Свабода ці фатаграфічныя вынікі ад Асацыяцыі крытыкаў і куратараў фотапраектаў «Аргентум»). Згадвалі экспэрты й падзеі са знакам «мінус» (напрыклад, Трыенале сучаснага мастацтва «Белэкспа-Арт-2012»), што таксама добра. Таму што гэтыя зьявы атрымоўвалі сваю ацэнку й месца ў рэйтынгу, пацьвярджаючы, што пакуль усе сапраўды знакавыя падзеі адбываюцца дзякуючы менавіта незалежнай арт-супольнасьці Беларусі.

Такім чынам, «pARTisan» прапануе яшчэ раз прыгадаць вартыя ўвагі леташнія культурныя зьявы — перадусім тыя, якія атрымалі найбольшую колькасьць адзнакаў і камэнтароў у нашай апытанцы.

Студзень

Прэзэнтацыя альбому «Беларускі авангард 1980-х» з сэрыі «Калекцыя пАРТызана» Артура Клінава. Імпрэза адбылася ў фармаце паці ў стылі 80-х у Галерэі «Ў». Упершыню ў адным месцы сабралося столькі прадстаўнікоў беларускага арт-падпольля тых часоў. Для многіх, асабліва для моладзі, хроніка арт-працэсу 1980-х, а таксама шэраг мастакоў сталіся адкрыцьцямі.

Сакавік

Уручэньне Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. У шорт-ліст-2011 трапілі творы Ўладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы», Альгерда Бахарэвіча «Малая мэдычная энцыкляпэдыя» (другое месца), Паўла Касьцюкевіча «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту» (пераможца прэміі), Артура Клінава «Шалом: ваенны раман», Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску», Андрэя Федарэнкі «Мяжа» (трэцяе месца). Галоўны вынік гэтай прэміі — актывізацыя беларускага літаратурнага працэсу. Як адзначае Артур Клінаў, у аўтараў зьявіўся стымул хутка дапісваць і выдаваць свае кнігі, каб трапіць у шорт-ліст прэміі наступнага году.

Выстава «Радыюс нуля. Менск» у межах незалежнага дасьледчага праекту «Радыюс нуля. Анталёгія арт-нулявых» (завод «Гарызонт», Менск; куратары — Руслан Вашкевіч, Аксана Жгіроўская, Вольга Шпарага). Гэты праект часьцей за ўсё згадваўся ўдзельнікамі нашай апытанкі. Як і альбом «Беларускі авангард 1980-х», «Радыюс нуля» — спроба аналізу мастацкага жыцьця пэўнага пэрыяду. Ужо даўно, фактычна з канца 1990-х, у Беларусі не было праектаў такога маштабу па-за межамі галерэйнай прасторы. Менавіта пасьля гэтай падзеі ў мастацкім асяродку сталі актыўна абмяркоўваць тэму арт-акупацыі прамысловых зонаў.

На думку экспэртаў, гэты праект акрэсьліў важную пазыцыю: пераход ад простага паказу твораў мастацтва й размоваў (публічныя лекцыі й прэзэнтацыі) да сыстэматычнага й глыбокага дасьледаваньня беларускага кантэксту. Ужо ў 2013 годзе чакаецца каталёг праекту, куды ўвойдуць матэрыялы дасьледаваньняў, а таксама працы, якія экспанаваліся на выставе.

Прэм’ера спэктаклю «Гаспадар кавярні» па п’есе Паўла Пражко ў Магілёўскім драматычным тэатры (рэжысэр Кацярына Аверкава). Фактычна гэта першая паўнавартасная пастаноўка ў Беларусі аўтара, ушанаванага міжнароднай тэатральнай супольнасьцю. Нялёгка Аверкавай было прасоўваць гэтую пастаноўку: афіцыйны тэатральны дыскурс дасюль адмаўляе фэномэн Пражко, — але прэм’ера ўсё ж адбылася. На жаль, кіраўніцтва тэатру не зацікаўленае ў далейшым лёсе спэктаклю, таму й дагэтуль, напрыклад, менскі глядач так і не пабачыў пастаноўку (хаця тэхнічна прывезьці яе нічога не каштуе). Але ў жніўні 34mag.net і праект «Эўрапейскае кафэ» прэзэнтавалі адзін з новых тэкстаў Пражко «Я вольны» (складаецца з 535 фотаздымкаў і 11 камэнтароў), які выклікаў дыскусіі й спрэчкі, выявіў цікавасьць гледачоў да п’есаў такога кшталту.

Травень

Адкрыцьцё праекту «Палацавы комплекс» (куратар Міхаіл Гулін, Палац Румянцавых і Паскевічаў, Гомель, травень — чэрвень). Гэта была спроба незалежных мастакоў працаваць зь дзяржаўнай інстытуцыяй у рэгіёне, якая скончылася тым, што частка працаў паступова была зьнята з экспазыцыі. Фактычна паўнавартасна выстава была прадстаўленая толькі на адкрыцьці, у Міжнарожны дзень музэяў. Адразу пасьля гэтага з фасаду палаца была дэмантаваная праца Аляксея Іванова «За фасадам». Потым зьніклі працы Алега Юшкo «Палатка № 6» і Андрэя Бусла «Мост». Ня ў поўнай ступені дэманстраваліся (былі прыбраныя праекцыі) інсталяцыі Арцёма Рыбчынскага «Ілюзія месца» й Канстанціна Селіханава «Лесьвіца».

Галоўная прычына ў дадзеным выпадку — не цэнзура (хаця першапачатковая, больш радыкальная, назва праекту «Палацавы пераварот» не была прынятая дырэкцыяй палацу), але — адсутнасьць адукаваных спэцыялістаў у Гомельскім музэі. Супрацоўнікі музэю прыбіралі гукарад, што суправаджаў інсталяцыю, бо ён проста перашкаджаў ім працаваць. Але ўвогуле для Гомелю «Палацавы комплекс» стаўся сапраўдным выбухам. Як адзначыў Канстанцін Селіханаў, магчыма, гэты праект для асобных людзей проста перавярнуў сьвет.

Ліпень

Прэзэнтацыя кнігі вядомага журналіста, выдаўца й пісьменьніка Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (сэрыя «Бібліятэка Свабоды»), прысьвечанай першаму публічнаму аб’яднаньню моладзі новага часу (1980). Кнігу склалі інтэрвію журналіста з «майстроўцамі», што гучалі на хвалях «Свабоды» ў перадачы Дубаўца «Гісторыя аднаго цуду», героямі якой сталі Вінцук і Арына Вячоркі, Зьміцер Колас, Міхал Анемпадыстаў, Лявон Вольскі, Сяржук Сокалаў-Воюш ды многія іншыя.

Акрамя «Майстроўні» да канца году ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» былі выдадзеныя «Гамбурскі рахунак» Альгерда Бахарэвіча й «Слоўнік свабоды», якія таксама атрымалі рэзананс («Гамбурскі рахунак» нават патрапіў у лонг-ліст прэміі Гедройца).

Жнівень

Выстава «Беларусь — Маладое сучаснае мастацтва» з калекцыі Сімона Мраза ў Маскве ў межах VI Фэстывалю калекцыяў сучаснага мастацтва (арганізатары — Галерэя «Ў»). Фактычна гэта першая прэзэнтацыя беларускага маладога сучаснага арту ў Расеі. Дэкляраваньне сваёй аўтаномнасьці вельмі важнае для арт-супольнасьці Беларусі, бо дагэтуль, акрамя таго, што Беларусь у расейскай прасторы прадстаўляецца як «Белоруссия», таксама там працягваюць існаваць стэрэатыпы аб правінцыйнасьці беларускага мастацва й ягонай залежнасьці ад расейскага. На выставе былі прадстаўленыя працы А.Р.Ч., Аляксея Лунёва, Сяргея Шабохіна, Жаны Гладко, Сяргея Ждановіча.

Верасень

Выстава «На захадзе ад усходу» (куратар Лена Прэнц, беларуская частка эўрапейскага дасьледчага праекту «Europe (to the power of)», Галерэя «Ў», Менск). Акрамя вельмі важных ідэйных пасылаў выстава ў чарговы раз паказала, што беларускі сучасны арт ёсьць абсалютна натуральнаю часткай міжнароднага арт-працэсу. (Гэта пацьвярджае й той факт, што беларускую мастачку Марыну Напрушкіну запрасілі прыняць удзел у 7-й Бэрлінскай біенале, што сталася яшчэ адным прыкладам легітымізацыі беларускага мастака ў сусьветным арт-працэсе.)

Кастрычнік

Акцыя Міхаіла Гуліна «Пэрсанальны манумэнт» у межах праекту «Пра складанасьці публічнага выказваньня», які быў часткай міжнароднага праекту «Going public», арганізаванага Інстытутам імя Гётэ. Акцыя ўяўляла сабой фатаграфаваньне абстрактнай скульптуры Гуліна, складзенай з трох кубоў і паралелепіпэду, якія ён з валянтэрамі ўсталёўваў на цэнтральных плошчах гораду. На апошнім пункце — Кастрычніцкай плошчы — да іх зьвярнуліся міліцыянты й бяз пэўных прычынаў забралі ў аддзяленьне, дзе быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэньні (быццам бы ўдзельнікі акцыі аказалі супраціў) і гвалтам узятыя адбіткі пальцаў. Міхаіл Гулін падаў у суд, які цалкам зьняў абвінавачаньне: відэа з камэры назіраньня паказала, што ніякага супраціву з боку мастака й валянтэраў не было.

Тым ня менш гэтая акцыя паказала, як нават самыя простыя, прымітыўныя формы з улікам кантэксту месца й часу могуць умомант агаліць усе палітычна-сацыяльна-культурныя праблемы й стаць падзеяй у маштабе краіны. Некаторыя экспэрты адзначылі, што гэта, бадай, самая пасьпяховая праца праекту «Going public», таму што яна сапраўды здолела выявіць праблему.

Лістапад

Ужо на працягу некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў у Беларусь вяртаюцца імёны. 2012 год увогуле прайшоў пад знакам Марка Шагала. Летам на плошчы Якуба Коласа ў цэнтры Менску была зладжаная выстава рэпрадукцыяў карцін Марка Шагала «Мастак і Горад». А ў лістападзе ў Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася выстава ягоных графічных твораў «Марк Шагал: жыцьцё й каханьне». Працы былі прадстаўленыя Музэем Ізраілю. Паралельна працавала другая выстава — «Мастакі Парыскай школы», таксама вельмі важная для асэнсаваньня гісторыі беларускага мастацва. Экспазыцыя ўлучала творы мастакоў — ураджэнцаў Беларусі, у тым ліку вядомага Хаіма Суціна. Выстаўленыя былі й працы Марка Шагала, падараваныя Нацыянальнаму музэю беларускім банкам.

Сьнежань

Упершыню ў Беларусі была паказаная выстава пераможцаў леташняга конкурсу «World Press Photo» (Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Менск). Такой колькасьці наведвальнікаў Галерэя ня памятае за ўсю гісторыю свайго існаваньня. Зь першых працоўных хвілінаў і да апошніх у залі былі бясконцыя натоўпы людзей, што выявіла прагу вялікіх культурных падзеяў, якая існуе ў беларускім грамадзтве.

 

Акрамя гэтых падзеяў, варта адзначыць тэндэнцыі, характэрныя для мінулага году.

Нечакана актуальным, як адзначаюць экспэрты, стаўся трэнд — мастацтва выйшла на вуліцы! У афіцыёзных і недзяржаўных мэдыя распачаліся дыскусіі вакол стрыт-арту й нефармальнага мастацтва, вынікам якіх сталіся розныя мерапрыемствы ў гэтай сфэры. Тут варта яшчэ раз згадаць праекты «Мастак і горад» і «Going public», а таксама часовае ўсталяваньне ў сквэры Сімона Балівара шкляной скульптуры «Калідор вечнасьці» пераможцы праекту «Арт-горад» Антона Кудрашова, зьяўленьне незалежнага часопісу «SIGNAL», каманда якога на працягу году прывозіла ў Менск вядомых расейскіх стрыт-мастакоў.

Менскія ўлады далі дазвол на правядзеньне на вуліцы Карла Маркса кірмашоў і канцэртаў, якія адбываліся кожныя выходныя на працягу лета. Праўда, першы «вулічны брадвэй», як яго называла моладзь паміж сабой, не абыйшоўся без скандалу. Выступ маладога музыкі Андруся Такінданга сабраў натоўп моладзі. Ужо пасьля першых песень на вуліцы зьявіўся аўтазак, і супрацоўнікі ў форме былі гатовыя спыніць мерапрыемства. Але прысутны прадстаўнік менскага выканаўчага камітэту паказаў усе паперы з дазволам, і аўтазак зьехаў. Пасьля гэтага болей ніякіх пытаньняў не ўзьнікала. Хаця, шчыра кажучы, пакуль, каб у Менску зьявіўся сапраўдны «вулічны брадвэй», нестае галоўнага — вольнага паветра. Асабліва гэта стала відавочна падчас сьвята гораду, калі ўсе месцы, дзе адбываліся канцэрты й іншыя імпрэзы, былі ачэпленыя АМАП.

Узьнік таксама фэномэн Чырвонага дворыку на Рэвалюцыйнай вуліцы, дзе цэлае лета адбываліся канцэрты й прагляды фільмаў, а напярэдадні Раства моладзь зладзіла сьвяточны «блышыны рынак». Паўстала пытаньне стварэньня незалежнай творчай прасторы, і ўжо на пачатку новага году ў адным з прамысловых будынкаў Менску адкрываецца першы такога кшталту буйны крэатыўна кластэр «ME100».

Выбухнула незалежная культурная адукацыйная прастора: зьявіўся шэраг ініцыятываў, мэтай якіх было даць пачатак сталай рэфлексіі наконт культурнага жыцьця Менску й краіны. На думку многіх, такой колькасьці лекцыяў, дыскусій, праграм у Менску не было ніколі (праекты Школы фатаграфіі й Галерэі «Nova», Галерэі «Ў», праект «Арт-крытыка?», «Эўрапейскае кафэ»). Выступіла шмат беларускіх спэцыялістаў, прыяжджалі замежныя госьці (сербскі мастак і куратар Мішка Шувакавіч, нямецкая куратарка Барбара Штайнэр, малдаўскі мастак Стэфан Русу, польская куратарка Ёана Варша, мастак Давід Радзішэўскі й інш).

Праявілі сябе й галерэйныя пляцоўкі: актыўна дзейнічала галерэя «Nova» (штомесячныя выставы й паказы фільмаў па аўторках), ладзіліся выставы ў галерэі Беларускага Саюзу дызайнэраў, цікавыя праекты праходзілі ў Музэі Заіра Азгура (выставы «Адзін і многія» Канстанціна Селіханава, праект  «X-Tradition» Вячаслава Іназемцава, тэатар «InZest»). Запомніўся менчукам маштабны пэрсанальный праект Сяргея Кірушчанкі «Мэтабалізм жывапіснай прасторы».

Філёзаф Валянцін Акудовіч скончыў сваю «Кнігу пра Нішто», прэзэнтацыя якой адбылася падчас ягонай лекцыі «Мэтафізыка адсутнасьці: як магчыма немагчымае?» у Галерэі «Ў» у межах публічных лекцыяў «URBI ET ORBI» адукацыйнага праекту «Лятучы ўнівэрсытэт». Прыемнай нечаканасьцю стаўся аншляг, які сабрала лістападаўская прэзэнтацыя аўдыёкнігі твораў Уладзімера Караткевіча ў Пушкінскай бібліятэцы.

Музычнае лета ў Беларусі, акрамя «вулічнага брадвэю», прайшло пад знакам openair, форма якога сталася яшчэ адной мажлівасьцю для музыкаў альтэрнатыўна існаваць у неспрыяльных абставінах: ладзіць канцэрты ў нашай краіне дагэтуль складана з прычыны адсутнасьці ўмоваў (напрыклад, высокія арэндныя стаўкі). Уладзімер Шаблінскі ў якасьці пляцоўкі прапанаваў свой уласны хутар Шаблі, дзе прайшоў шэраг буйных фэстаў: «Пікнік.by», «Канцэрт на траве», «Шаманы Шаблі», «Вольнае паветра» й інш., на якія зьяжджаліся сотні людзей з усёй Беларусі.

П. С. Рэдакцыя «pARTisan» віншуе філёзафа й літаратара, а таксама аднаго зь легендарных партызанскіх аўтараў Ігара Бабкова з нараджэньнем сына Багдана, што сапраўды ёсьць знакавай незабывальнай падзеяй на ўсё жыцьцё!

На вокладцы артыкула праца Антаніны Слабодчыкавай «Яно тут», праект «Палацавы комплекс». Фота Сяргея Ждановіча

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Вера:

    Нечаканы сюрпрыз, што праца Антаніны Слабодчыкавай «Яно тут» фігуруе ў выніках 2012 года ў кантэксце Палацавага Комплекса, ды яшчэ і на вокладцы артыкула. Першапачаткова гэта інсталяцыя рабілася для праекта Літэра аж у 2010 годзе!
    Хочацца павіншаваць Антаніну з такім вынікам. Можа, яна праз 5 гадоў яе яшчэ дзе выставіць, і таксама будзе вынік года.

  2. рэдакцыя «pARTisan»:

    Паважаная Вера, у дадзеным выпадку адзначана не канкрэтная праца (амаль усе працы «Палацавага комплексу» былі зробленыя мастакамі значна раней), але — менавіта праект. Думаю, вы пагодзіцеся, што ў кантэксьце прасторы й ідэі праекту гэтая праца набывае новыя сэнсы.

  3. Volha:

    Наколькі ведаю, працы амаль не ўсіх былі ўдзельниками іншых выстаў: І.Саўчанка, А.Рыбчынскі, А.Іваноў, С.Ждановіч, працавалі менавіта пад выставу ў Гомелі, на канкрэтнае месца; а Ж.Гладко, А.Бусел, Т.Сакалова, М.Гулін, С.Шабохін, здаецца, таксама. Выпраўляйце, калі памылілася.

  4. alex:

    Слушайте, о чем речь? Volha, думаю, не ошибается. Но это же нормальная история: никто не мыслил работами. Кураторы сделали проект. Они могли его сделать даже из работ 20-й давности. Тогда что, нельзя ее использовать для иллюстрации проекта, потому что ей 20 лет? Бред. Другое дело, у многих остались вопросы, почему эту историю с демонтажом так и не развили. А если развили, то чего добились? Это главное: отстаивать свое право.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology